Журналіст «НН» прайшоўся па абменніках у цэнтры сталіцы.

«Даляраў няма, еўра ёсць», — кажа супрацоўніца «Беларусбанка» на праспекце Незалежнасці. «Колькі?» — «Дзесяць».

Яна адчыняе сейф, у якім адзінока ляжыць купюра ў дзесяць еўра. У іншых касах няма нават такой сумы.

У банках з’яўляюцца нечаканыя тэхнічныя перапынкі — у гэты самы час ля дзвярэй з’яўляецца чарга, людзі спадзяюцца, што пасля перапынку валюта з’явіцца.

Некаторыя абменнікі ўвогуле закрыліся — у ЦУМе адзін закрыты на рамонт, на іншым («Тэхнабанк») вісіць напісаная ад рукі паперка: «Абменнік не працуе».

У краме «Электрасіла» ў абменніку «Мінскага транзітнага банку» заўжды быў самы лепшы курс, прынамсі, так лічылі жыхары цэнтра горада. Цяпер ад абменніка засталася толькі шыльда, сам ён закрыты лядоўнямі, якія раней стаялі побач з ім.

У «Белрасбанку» валюты таксама няма, але чарга стаіць — кожны новы наведвальнік адразу пытаецца, ці ёсць у банку даляры. Той, хто ў дадзены момант стаіць ля касы, атрымлівае адмоўны адказ, чарга разыходзіцца. Застаецца пара чалавек — яны сядзяць у фатэлях і гартаюць банкаўскія праспекты: чакаюць, калі валюта з’явіцца.

«Франсабанк» выстаўляе таблічку «валюты няма», але людзі стаяць ля касы ў чаканні, калі хто-небудзь прыйдзе яе здаць. Да гэтага яны больш за гадзіну чакалі сканчэння пазапланавага перапынку.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?