Віцебскі актывіст Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ Сяргей Каваленка прыпыніў галадоўку пратэсту, аб’яўленую 25 сакавіка.

Як паведамляюць праваабаронцы, Каваленка цяпер знаходзіцца на лячэнні ў кардыялагічным аддзяленні віцебскай гарадской бальніцы № 1, куды трапіў пасля 10-дзённай галадоўкі ў ізалятары часовага ўтрымання. Пасля выпіскі з бальніцы ён павінен вярнуцца і адбыць арышт да канца. Тады, паводле слоў Каваленкі, галадоўка будзе адноўлена.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, віцебскі дэмакратычны актывіст Барыс Хамайда накіраваў зварот да пракурора Віцебскай вобласці, патрабуючы спыніць праследаванне актывіста, які «мае на мэце падарваць здароўе чалавека, зламаць яго як асобу, нанесці ўрон цяжарнай жонцы і шасцігадоваму сыну».

Як паведамляў БелаПАН, Каваленка быў затрыманы 24 сакавіка, калі прыйшоў да будынка мясцовай адміністрацыі з трыма вялікімі бел-чырвона-белымі сцягамі, кожны з якіх быў прыкладна паўтара на тры метры. Ён пачаў размахваць імі і выкрыкваць патрыятычныя лозунгі. Акцыя доўжылася каля 20 хвілін, пасля чаго апазіцыянера затрымалі.

25 сакавіка ён быў прыгавораны да сямі сутак адміністрацыйнага арышту. У знак пратэсту апазіцыянер аб’явіў галадоўку і галадаў усе сем дзён знаходжання ў ізалятары часовага ўтрымання.

Каваленка выйшаў на волю 1 красавіка і, паводле інфармацыі праваабаронцаў, праз пяць хвілін зноў быў затрыманы. На яго склалі новы пратакол — за парушэнне рэжыму адбывання ўмоўнага пакарання, якое яму прысудзілі ў маі мінулага года за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на навагодняй ёлцы 7 студзеня 2010 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?