Тэлеканал «Белсат» зняў першы фільм пра Ларысу Геніюш.
У стужцы, якая складаецца з двух частак па 30 хвілінаў кожная і якую знялі да 100-х угодкаў нараджэння вялікай беларускі, выкарыстоўваюцца інсцэнізацыі, унікальныя кіна- і аўдыёзапісы вялікай паэткі, а таксама рэдкія і малавядомыя фотаздымкі. Сваімі думкамі пра яе дзеляцца Уладзімір Арлоў, Аляксей Пяткевіч, Міхась Чарняўскі, Данута Бічэль ды іншыя.

На меркаванне адмыслоўцаў, Геніюш — адна з найлепшых творцаў Беларусі. Вершы паэткі, выпрабаваныя суворым часам, і сёння гучаць абсалютна сучасна. Аднак ейнага імя не сустрэнеш у падручніках беларускай літаратуры.

Чаму ж краіна, якой таленавіты чалавек прысвяціў жыццё, дзеля якой тварыў і пакутаваў, сарамліва адсланяецца ад яго? Чаму Ларысе Геніюш не знайшлося месца ў нацыянальнай літаратуры?

Чаму ейны драматычны лёс дагэтуль не дачакаўся гістарычнага даследавання? Чаму сталася немагчымаю рэабілітацыя жанчыны, віна якой — усяго толькі адданая любоў да Айчыны?

Чалавек у жорнах эпохі. Чалавек, якога Радзіма не ратавала нідзе і ніколі. Ларыса Геніюш (у дзявоцтве — Міклашэвіч) — у фільме «Няскораная».

Фільм зняты з выкарыстаннем тэхнікі інсцэнізацыі: маладую Ларысу Геніюш у Зэльве і Празе грае акторка.

Стужка багатая рэдкімі здымкамі і дакументамі, пры яе стварэнні выкарыстоўваліся ўнікальныя кадры кінахронікі, якія паказваюць Ларысу Геніюш, і аўдыёзапісы, на якіх паэтка чытае свае вершы.

У фільме розныя людзі дзеляцца ўспамінамі пра таленавітую суайчынніцу. Гэта і Уладзімір Арлоў, Аляксей Пяткевіч, Міхась Чарняўскі, Данута Бічэль, і землякі паэткі, ейны ўнук ды іншыя.

Вядзе фільм вядомы беларускі паэт і літаратуразнаўца Міхась Скобла, які падзяліўся сваімі думкамі: «Ларыса Геніюш — асоба фенаменальная, я нават не ведаю, з кім яе можна параўнаць. Яна пражыла сваё жыццё так годна, праўдзіва і сумленна, нібы мела перад сабою накрэслены найвышэйшаю воляю шлях. І з гэтага шляху яна не сышла ні на сантыметр! Усё ў яе жыцці было не выпадковым. І прозвішча Геніюш (у перакладзе з лацінскай — дух-ахоўнік), і залатая Прага, і нават ГУЛАГ. Бо толькі дух чалавечы, прайшоўшы праз неймаверныя выпрабаванні, вытрымаўшы іх і загартаваўшыся, мае права сам-насам размаўляць з вечнасцю».

Міхась Скобла ўпэўнены, што ў нармальнай краіне мусіла б існаваць выдавецкая праграма Геніюш: «Бо на сёння, улучна з нядаўна выдадзеным двухтомнікам, апублікаваная хіба толькі адна дзесятая частка спадчыны Ларысы Геніюш. Але ў тых умовах, у якіх мы існуем, робіцца ўсё магчымае. Людзі далучаюцца без аніякіх карыслівых памкненняў. Да каго я б ні звяртаўся, усе дапамагаюць. Скульптары Генік Лойка і Алесь Шатэрнік, кіраўніцы ЗБСБ «Бацькаўшчына» Алена Макоўская і Ніна Шыдлоўская, старшыня ТБМ Алег Трусаў, паэт Уладзімір Някляеў, Павел Мажэйка і Валянцін Дубатоўка з Гародні… І, вядома ж, дзякуй «Белсату», што да 100-годдзя выходзіць фільм «Няскораная». Калі мы яго здымалі ў Празе ўсяго два тыдні таму, я і марыць не мог, што прэм’ера адбудзецца 9 жніўня!

Дзесяць гадоў прагрукаўшы ў высокія дзяржаўныя кабінеты, я нарэшце зразумеў адну рэч і перастаў стукацца. Паводле адносінаў улады да Ларысы Геніюш можна вызначыць характар гэтай самай улады. Геніюш для яе непрымальная. Значыць, улада гэтая антынацыянальная ў сваёй сутнасці, якія б там заклікі «За Беларусь!» яна ні агалошвала. І наадварот, я ў гэтым перакананы, аднымі з першых крокаў сапраўды беларускай улады стануць рэабілітацыя Ларысы Геніюш і належнае ўшанаванне яе памяці. А пакуль таго не адбылося, Рэспубліка Беларусь не стане нацыянальнаю дзяржаваю, і неістотна, пад якія гімны мы ўстаем і пад якія калыханкі кладземся. А ці застанецца Ларыса Геніюш велічнай асобаю, калі прыбраць з яе біяграфіі ГУЛАГ? Пра гэта ў мяне аднойчы размова была з вельмі мудрым чалавекам — з Янкам Брылём. Загаварылі пра нашых паэтак, і шаноўны Іван Антонавіч назваў трох з іх — Ніну Мацяш, Наталлю Арсенневу і Ларысу Геніюш (менавіта ў такой паслядоўнасці). Паслядоўнасць гэтую мне і захацелася перайначыць, і тут я пачуў, што Ларысу Геніюш у вачах чытачоў узвышае ГУЛАГ. Я зрабіў выгляд, што пагадзіўся, і тут жа запытаўся: «Іван Антонавіч, а якая самая высокая гара ў свеце?» Здзіўлены раптоўным пераходам ад літаратуры да геаграфіі, Брыль не адразу назваў Джамалунгму, патлумачыўшы заадно, дзе той Непал месціцца. Мне стала трохі няёмка, але мусіў дагаворваць да канца: «Не, Іван Антонавіч, самая высокая гара ў свеце — Галгофай. „Ну, калі ў такім сэнсе“, — лагодна ўсміхнуўся атэіст Брыль. Тыя, хто адпраўляў Геніюш на пакуты, думалі, што перамога за імі. Але яны памыліліся. Гэтую жанчыну перамагчы было немагчыма. У пераможцах заўсёды заставалася яна.

Гестапаўцы ў 1942 годзе., пасля выхаду ў свет зборніку „Ад родных ніў“ так і не дамагліся ад яе паэтычных дыфірамбаў фюрэру. Хоць і пагражалі Асвенцімам.
Галоўны гэбіст БССР Цанава ў сутарэннях менскай амерыканкі восенню 1948 г. так і не даведаўся ад яе, дзе архівы БНР. Вярхоўны Суд у 1949-м так і не пачуў ад яе прызнання віны і пакаяння. Усе лагерныя дзяржыморды, як ні стараліся, не паставілі яе на калені. ЦК КПБ так і не прымусіў яе прыняць савецкае грамадзянства. Атэістычная ўлада не змагла адабраць у яе веры ў Бога», — кажа Міхась Скобла.

Разважае паэт і пра наканаванне таленавітай беларускі: «Ларысе Геніюш дадзена было перамагчы. І яна — з гледзішча вечнасці — перамагла. І як жа памыляецца той, хто і сёння лічыць яе пераможанай і самаўпэўнена заяўляе з экрану БТ, што ён, ці бачыце, разабраўся з Геніюш! Ларыса Геніюш пераможа і яго. Не дапаможа і дасье, сфабрыкаванае на паэтку службістамі Цанавы і схаванае за сямю замкамі ў іхнім сумнавядомым ведамстве. Увогуле, усе партыйныя сакратары, фюрэры і прэзідэнты павінны ведаць, што вайна з пісьменнікамі, з літаратураю бессэнсоўная. Ваяваць з літаратураю — як страляць з рагаткі па зорках. І ўсё ж знаходзяцца аматары паваяваць. Хто з рагаткаю, хто з рагацінаю. Не навучыла іх савецкае мінулае рабіць высновы з ранейшых памылак. Для такіх Ларыса Геніюш прыдумала трапнае слова — сталіназаўры. Што ж, з усёй пароды выкапнёвых яны аказаліся самыя жывучыя. Але і сталіназаўры вымруць».

Міхась Скобла сцвярджае, што ўся біяграфія Ларысы Геніюш — у тысячах яе лістоў: «Я іх паступова расчытваю, рыхтую да друку, і часам мне здаецца, што пра паэтку я ведаю амаль усё. Але пакуль што я нідзе не знайшоў рэцэпту крупніку (хмельнага напою на травах), які Ларыса Антонаўна сама гатавала і частавала ім самых дарагіх гасцей. Так што я распытаўся б у яе пра той крупнік», — апавядае паэт і літаратуразнавец.

Прэзентацыя фільма адбудзецца ў межах культурніцкай кампаніі «Абаронім Выспу Свабоды».

Ласкава запрашаем 7-га красавіка ў 19.00 на сядзібу БНФ.

Уваход вольны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0