12 красавіка ў Люксембургу пройдзе чарговае пасяджэнне Савета міністраў замежных спраў Еўрасаюза.
Як паведамляецца на сайце Савета ЕС, пасяджэнне ўзначаліць вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан.

У парадак пасяджэння Савета міністраў замежных спраў для абмеркавання ўключаны пытанні аб развіцці сітуацыі ў Лівіі, на Блізкім Усходзе, Паўднёвым Каўказе і ў Беларусі, а таксама пытанні выканання правоў чалавека. Больш падрабязны парадак пакуль не апублікаваны.

У той жа час інтэрнэт-рэсурс Delfi са спасылкай на падрыхтаваны ў МЗС Літвы дакумент паведамляе, што на пасяджэнні савета плануецца абмеркаваць прымяненне эканамічных санкцый адносна Беларусі. «Найперш трэба ўстанавіць мэты такіх мер, мадальнасць і іх магчымае дзеянне. Таксама неабходна прадугледзець і выпадкі іх адклікання, калі сітуацыя ў Беларусі будзе мяняцца. Мы не ўхваляем тыя эканамічныя санкцыі, з-за якіх могуць пацярпець грамадзяне Беларусі», — цытуе партал дакумент, падрыхтаваны МЗС Літвы і перададзены ўраду.

Згодна з дакументам, Літва заклікае пачаць перамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму з Беларуссю. «Мы павінны думаць не толькі аб мерах адносна рэжыму, але і аб тым, як цяпер дапамагчы беларускаму грамадству, як зрабіць яго больш адкрытым. Адзін са спосабаў такой адкрытасці адносна ЕС — гэта спрашчэнне візавага рэжыму, трэба пачаць перамовы аб гэтым», — адзначаюць у літоўскім МЗС.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?