Большасць славутых замежных музыкантаў, якія завітваюць у Беларусь, выступаюць на вялікіх пляцоўках і за нармальны квіток на іх многім давядзецца выкласці палову заробку.

Але нарэшце адбылося (а дакладней адбудзецца) і на нашай вуліцы свята. У Мінск едзе трыа The Tiger Lillies.

Чаму свята? Таму што, па-першае, «Тыгравыя лілеі» — не заслужаны пенсіянеры рок-н-ролу, а сучасныя зоркі з сусветным імем — дадуць клубны канцэрт з больш чым дэмакратычнымі коштамі на квіткі (ад 60 тысяч). Па-другое, граюць яны ў тым стылі, які славянскай ментальнасці вельмі блізкі — гэта віртуознае кабарэ, якое спалучае ў сабе чорны гумар, багемна-маргінальную тэматыку, цыгнаскія ноткі і ўсё гэта прыпраўлена энэргіяй і пранікнёнасцю ў найлепшых традыцыях Бертольда Брэхта.

The Tiger Lillies чым толькі не займаліся — яны выступалі разам са знакамітым струнным квартэтам Kronos Quartet, вялікім індастрыал-кампазітарам Бліксам Баргельдам, запісваліся разам са скандальным расейскім гуртом «Ленінград» (назву альбома ў газеце і падаць няма як — нецэнзурная). У пэўным сэнсе яны духоўныя нашчадкі Тома Уэйтса, калі ўявіць што амерыканскі геній алкагольных ілюзій і валацужнай рамантыкі раптам перайшоў на фальцэт і падхапіў цыганска-панкаўскі вірус.

Спяваюць «Лілеі» пра тое, пра што ў «прыстойных дамах» размаўляць не прынята: ад жыцця трансвестытаў і наркаманаў да праблемаў сэксу сярод мух. Падчас праслухоўвання іх запісаў здаецца, што яны былі б да месца ў французскіх кабарэ 30-х, тых, дзе амаль непрытомную ад допінгаў Эдзіт Піаф вазілі ад пляцоўкі да пляцоўкі.

Шоў у іх таксама адпаведнае-то завадныя авечкі па сцэне бегаюць, то бубнач разбівае свой інструмент, то вакаліст пачынае прыкідвацца вар’ятам. Гэтае шоў, настолькі палюбілася нашым усходнім суседзям, што адзін час было не зразумела — гэта Tiger Lillies увесь час едуць у Расію, ці «Тыгровыя Лілеі» часам катаюцца ў Еўропу… Дарэчы па інтэрнэце гуляюць ролікі, у якіх музыканты гуртоў «Нагуаль», «Срэбнае вяселле» і «РокерДжокер» заклікаюць прыходзіць на канцэрт і робяць гэта насамрэч шчыра.

Канцэрт The Tiger Lillies адбудзецца 10 красавіка ў клубе «Рэактар» (Харужай, 29).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?