09.04.2011 / 20:38

Кампутарныя гульні дзікіх бландзінак

«Забаронены прыём» Зэка Снайдэра — імпэтна-панылае кампутарнае відовішча, падзеленае на пяць місій.

Забаронены прыём (Sucker Punch)

ЗША — Канада, 2011, каляровы, 110 хв.

Рэжысёр: Зэк Снайдэр

Ролі выконваюць: Эмілі Браўнінг, Эбі Корніш, Джэна Мэлоўн, Ванэса Эн Гаджэнс, Джэмі Чунг, Карла Гуджына

Жанр: Псіхіятрычна- кампутарная гульня

Адзнака: 3 (з 10)

Па смерці маці, злы ойчым адпраўляе гераіню ў псіхіятрычную лякарню, дзе дзяўчыне мусяць зрабіць лабатамію. Каб уцячы з вар’ятні ўвязненыя дзяўчынкі мусяць сабраць пяць рэчаў, знойдзеных ва ўласных фантазіях.

Апошняя карціна Зэка Снайдэра — імпэтна-панылае кампутарнае відовішча, падзеленае на пяць місій. Кожная місія — асобная прыгода баявога атраду вар’ятак-бландзінак з самурайскімі мячамі і гранатамётамі. Кайзераўскія жаўнеры-зомбі, цмокі з палацу, злыя робаты разлятаюцца ў шматкі пад ударамі шальных дзяўчынак у кароткіх спаднічках.

Па-за межамі місій — няўцямная шыза бардэля і кабарэ 50-ых гадоў. Але попельна-сінія кадры выглядаюць стэрыльнымі, кампутарная калатнеча аніяк не чапляе, а ўсе вынаходкі — старыя. У вылізанай карціне скасавана ўсё жывое, нат недарэчнасці.

Адзінае, што здзіўляе — парадаксальнае выкарыстанне музыкі 80-ых гадоў. Але, каб нацешыцца музыкай, зусім не абавязкова глядзець гэты фільм.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру