Беларускія палякі асабліва не адчуюць на сабе вынікаў рашэння Канстытуцыйнага суда. Такую думку выказаў актывіст неафіцыйнага Саюзу палякаў Ігар Банцар.

Нагадаем, Канстытуцыйны суд 7 красавіка выказаўся супраць "карты паляка". Маўляў, асобныя нормы закона Польшчы "Аб карце паляка" не адпавядаюць нормам міжнароднага права.

Банцар адзначыў, што сябры арганізацыі нават не звярнулі ўвагі на гэтае рашэнне. Актывіст кажа, што гэтае рашэнне хутчэй паўплывае на міждзяржаўныя адносіны, чым на рэпрэсіі супраць канкрэтных людзей.

Банцар: “Як уладальнік карты магу сказаць: абсалютна нічога не чакаю. Вінаватым сябе не адчуваю і сённяшняе гэтае рашэнне не замінае мне жыць. Я буду далей карыстацца картай паляка на тэрыторыі Польшчы, бо менавіта там я маю акрэсленыя правы дзякуючы Карце паляка. Таму тут нічога не зменіцца, і мы не чакаем рэпрэсіяў.

Гэта хутчэй трэба разглядаць як палітычныя крокі. Можа, гэта будзе першы крок, каб націснуць на Польшчу. Можа, чарговую кампанію ў медыях супраць Польшчы распачнуць. Я не веру, што гэта скончыцца рэпрэсіямі да тых, хто валодае гэтай картай”.

З другога боку, адзначае Банцар, нельга загадзя адмаўляць і магчымасць нейкіх рэпрэсіяў з боку афіцыйнага Мінску. Нашыя ўлады маюць даволі спецыфічны падыход да закону: “У сітуацыі, калі людзей садзяць у Мінску проста за тое, што яны шлі па вуліцы ці там за мірную акцыю пратэсту, і прычым садзяць на рэальныя тэрміны... Безумоўна, рашэнне Канстытуцыйнага суда пацягне за сабой нейкія канкрэтныя рашэнні выканаўчай улады — міліцыі, пракуратуры. Але мы прызвычаілся да гэтага. Наш Саюз палякаў да гэтага моманту не прызнаецца, таму гэтае рашэнне для нас фактычна нічога не змяняе”.

Банцар нагадвае, што Карта паляка дае ўладальніку пэўныя ільготы на тэрыторыі самой Польшчы: “Дзякуючы гэтаму я атрымліваю доўгатэрміновую візу бясплатна ў Польшчу. Зараз, канешне, усе атрымліваюць бясплатна візы польскія (падазраю, што доўгатэрміновыя), але раней гэтага не было. Таксама таннейшы праезд на чыгунцы ў Польшчы, бясплатны ўваход у музеі".

Але самае галоўнае ў Карце паляка, адзначае актывіст, гэта адчуванне прыналежнасці да польскага народу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?