Маладзёжная камісія Партыі БНФ «Моладзь БНФ» на сваім V з’езде, які прайшоў 9 красавіка ў Мінску, вырашыла скасаваць пасаду старшыні арганізацыі і дэлегаваць каардынацыйныя паўнамоцтвы радзе, што будзе збірацца кожны месяц.

У мерапрыемстве ўзялі ўдзел 26 дэлегатаў са сталіцы і рэгіёнаў. Першапачаткова колькасць удзельнікаў мусіла быць 39, але частка дэлегатаў на з’езд не прыехалі. Апрача прадстаўнікоў лакальных суполак «Моладзі БНФ» на сустрэчы прысутнічала кіраўніцтва Партыі БНФ, а таксама госці з украінскага «Нацыянальнага альянсу».

«Шмат хто да нас далучаецца ва ўзросце 27–28 гадоў, і за некалькі год яны не паспяваюць дарасці, каб пачаць рабіць партыйную кар’еру. Таксама шмат хто хоча нейкага драйву і ўступае ў моладзевую арганізацыю — мы не можам чалавека не прыняць і адправіць у партыю», — адзначыў былы намеснік старшыні «Моладзі БНФ», а зараз адзін з прадстаўнікоў рады камісіі Антон Каліноўскі. Але дэлегатамі была адхілена папраўка аб павелічэнні ўзроставага парогу членаў маладзёжнай камісіі Партыі БНФ да 33–35 гадоў.

Дэлегаты амаль аднагалосна прынялі рэзалюцыю «Аб салідарнасці з палітзняволенымі», у якой выказалі «гатоўнасць рабіць усё магчымае для вызвалення палітвязняў, затрыманых беларускай міліцыяй і КДБ і прыцягнутых да крымінальнай адказнасці па сфабрыкаванай справе аб масавых беспарадках 19 снежня». Тэкстам рэзалюцыі «Моладзь БНФ» зацвердзіла, што арганізацыя гатова «аказваць канкрэтную дапамогу ахвярам рэжыму ды іх сем’ям», а таксама «спрыяць прыцягванню да адказнасці ўсіх прадстаўнікоў улады, якія праводзяць рэпрэсіўную палітыку рэжыму».

Удзельнікі з’езда таксама прынялі рэзалюцыю «Рукі прэч ад „Выспы Свабоды“ ў цэнтры Мінску!», у якой патрабуюць «неадкладнага скасавання палітычнага матывавання рашэння аб спыненні арэнды памяшкання», дзе знаходзіцца управа Партыі БНФ. У рэзалюцыі сцвярджаецца, што ўдзельнікі маладзёжнай камісія Партыі БНФ гатовы распачаць «бестэрміновую акцыю негвалтоўнага супраціву», калі арэнда памяшкання не будзе прадоўжана.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?