10.04.2011 / 09:34

МЗС Беларусі абурана выказваннямі ААН наконт прысутнасці беларускіх наёмнікаў у Лівіі 1

Публікацыі са спасылкай на экспертаў ААН, якія заяўляюць пра «наяўнасць у Лівіі беларускіх наймітаў», і сродкі масавай інфармацыі, што распаўсюджваюць такія заявы, не заслугоўваюць даверу.

Пра гэта гаворыцца ў каментарыі прэс-сакратара МЗС Беларусі Андрэя Савіных 9 красавіка адносна з’яўлення інфармацыі аб заяве рабочай групы ААН па пытаннях наёмніцтва.

«У сувязі з гэтым варта нагадаць галаслоўныя абвінавачанні ў пастаўках баявых верталётаў у Кот-д’Івуар, якія закончыліся афіцыйнымі прабачэннямі службовых асоб ААН на адрас Беларусі», — адзначыў прэс-сакратар МЗС.

«

Мы запатрабуем афіцыйнага расследавання ў ААН у сувязі з гэтай сітуацыяй», — дадаў Савіных.

Ён таксама адзначыў, што Беларусь разглядае ААН у якасці ключавога інструмента канструктыўнага ўзаемадзеяння дзяржаў у інтарэсах міру і ўстойлівага развіцця. «Любыя дзеянні, скіраваныя на закуліснае маніпуляванне грамадскай думкай пад прыкрыццём аўтарытэту ААН, недапушчальныя», — падкрэсліў прэс-сакратар беларускага знешнепалітычнага ведамства.

Як паведамлялася раней, у заяве рабочай групы ААН па пытаннях наёмніцтва, якая была распаўсюджана 8 красавіка паводле вынікаў пасяджэння 12-й сесіі ў Жэневе, выказваецца занепакоенасць выкарыстаннем наймітаў у Лівіі і Кот-д’Івуары. «Пытанне выкарыстання наймітаў усё яшчэ вельмі актуальнае, — сказаў галоўны дакладчык групы Хасэ Луіс Гомез дэль Прада. — Найміты выкарыстоўваюцца як сродак, які перашкаджае людзям у іх самавызначэнні. Мы асабліва занепакоены паведамленнямі аб тым, што найміты ўцягнуты ў сітуацыі, калі сур’ёзна парушаюцца правы чалавека».

У тэлефонным інтэрв’ю Асашыэйтэд Прас Прада адзначыў: «Мы правялі аналіз інфармацыі, якую атрымліваем з розных крыніц, і звесткі ўказваюць на тое, што Кадафі карыстаецца паслугамі наймітаў у барацьбе супраць насельніцтва Лівіі». Паводле яго слоў, адзначае АП, многія найміты з’яўляюцца выхадцамі з краін Паўночнай Афрыкі,

але некаторыя, як мяркуюць, прыбываюць з Беларусі.

Нагадаем, раней МЗС і Мінабароны Беларусі абвяргалі інфармацыю аб наяўнасці ў Лівіі беларускіх ваенных. У Лівіі знаходзіцца толькі адзін ваеннаслужачы — ваенны аташэ ў складзе пасольства Рэспублікі Беларусь, удакладніла ваеннае ведамства.

0
поп / Адказаць
10.04.2011 / 15:57
http://malikit.livejournal.com/422408.html
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру