10.04.2011 / 20:04

Пачобута не зломіш 14

Андрэй мог з'ехаць, зашыцца, як мыш пад венік. Але не. Ён дзейнічае паслядоўна, і ў гэтым ягоная моц. Ён смяецца з спецслужбаў і гэтым прыводзіць іх у шал. Піша Павал Мажэйка.

У польскай мове ёсць моцны выраз «iść na całość». Гэта калі перастаеш калькуляваць што і колькі выгандлюеш, ці назавуць цябе пасля героем ці вар’ятам. Гэта, калі галоўнае, чым кіруешся, прымаючы рашэнне, толькі сумленне, уласныя гонар і годнасць, памяць продкаў.

Андрэй Пачобут пайшоў «на цаласць». Ён дзейнічае паслядоўна, і у гэтым ягоная моц. Ён смяецца з спецслужбаў і гэтым прыводзіць іх у шал. Ён лічыць, што грамадзянін Беларусі мае права працаваць журналістам, і працуе. Ён адмаўлецца адказваць на пытанні следчых, лічыць гэта сваім правам, бо ведае як у Беларусі «нацягваюцца» справы. Ён лічыць, што ў такой сістэме як наша, і ў такіх палітычных працэсах, якія ідуць у нас, мы не маем права хавацца за таямніцу следства. Мы абавязаны распавядаць пра гэтыя допыты, бо можам выратаваць іншых. Ён адмаўляецца даваць падпіску аб неразгалошванні і ўвесь ягоны допыт у КДБ да слоўца становіцца вядомым грамадству.

Пасля таго, як супраць яго завялі крыміналку, Пачобут мог зменшыць накал сваіх артыкулаў, не нарывацца, як зрабілі б многія з нас у гэтай сітуацыі.

Ён мог з’ехаць, і сёння яго б ніхто не папракнуў.

Але ён са смехам адкінуў гэтую магчымасць, бо ён свабодны чалавек, і лічыць, што з ягонай краіны яго ніхто не можа выкінуць.

Ён меў выбар — быць да суда на волі, але штодня выдзёргвацца на допыты і ператрусы кдбістамі і пракурорскімім работнікамі. Але ён ігнаруе такую магчымасць, і гэтым даводзіць улады да шалу. Бо гэтая ўлада трымаецца на застрашэнні,

а Пачобут не застрашыўся, і гэтым ён абесцэньвае сілу гэтай улады.

Пасля завядзення крымінальнай справы, ён піша артыкул для «Газеты Выборчай» пад назвай «Лукашэнка як тэрарыст». Яго, Пачобута, прынцып — з тэрарыстамі не размаўляюць, а праводзяць штурмавыя аперацыі. Пачобут, як і ўсе мы, закладнік гэтага рэжыма, але ён патрабуе не размаўляць з тэрарыстамі. Пачобут дакладна ведае, што у такіх аперацыях закладнікі могуць пацярпець.

І моц Андрэя ў тым, што ён гатовы цярпець. І гэтым ён адрозніваецца ад тых з нас,

хто заклікае ісці да канца, але ў апошні момант знаходзіць прычыну, каб саскочыць. Пачобут ідзе да канца, бо з тэрарыстамі не размаўляюць. Пачобут свабодны, як мала хто ў Беларусі, бо калі жывеш у турме, то свабода можа быць толькі ў табе.

Пачобут мог проста чакаць суда, сядзець у Гродна, спадзяючыся на спрыяльную палітычную кан’юнктуру,

на чарговыя кулуарныя дамовы паміж Варшавай і Мінскам, якіх за апошнія гады было багата. І, верагодна, яго б вызвалілі, як было не аднойчы.

Пачобут усведамляе, што ён — лідар польскай меншасці ў Беларусі — быў і ёсць аб’ектам гэтых кулуарных дамоваў. І сёння, з прычыны таго, што за ім Варшава, яго працэс можа быць больш гучным, чым справы шмат якіх іншых палітычных зняволеных. Але Пачобут супраць гандлю галовамі. Бо калі афіцыйная Варшава «выкупіць» яго, значыць «прадасць» нейкага іншага. Паляк Андрэй Пачобут выпівае да дна беларускую чашу.

Ягоныя паводзіны падаюцца не рацыянальнымі: навошта падстаўляцца самому, навошта правакаваць улады?! Але што нам з той рацыянальнасці. Яраслаў Раманчук зачытваў сваю слынную заяву на БТ з рацыянальных прычынаў — не хацеў апынуцца ў турме, і хацеў свабоды свайму сябру Анатолю Лябедзьку. Алесь Міхалевіч «гуляў» з кдбістамі таксама з рацыянальных памкненняў — хацеў выйсці на свабоду. Пачобут адкідае такую «рацыянальнасць», хаця таксама мае двух дзетак.

Лёс пакажа, хто ў гэтым пытанні мае большую рацыю.

Пачобут выступіў супраць паўмер — хочаце судзіць, судзіце, гэта ваш закон і вашая судовая сістэма. Хочаце ламаць, ламайце, а вось гэта яшчэ паглядзім хто каго.

Зброя Пачобута — гэта гістарычная праўда і чалавечая годнасць.

Пачобут не з ломкіх. Яго дэтэрмінуюць тысячы колішніх жыхароў Гарадзеншчыны — антысаветчыкаў, якія ніколі не прынялі савецкай улады на сваёй зямлі, і ведаючы, што іх чакае, абралі шлях бескампраміснага змагання. Пачобут ведае іх імёны, жыццёвыя прынцыпы, іх веру, лёс як ніхто з нас. Тэма антысавецкага супраціву на Гарадзеншчыне, якую ён даследуе, стала для яго справай жыцця.

Пачобут быў гатовы да турмы, бо для абароны сваіх перакананняў няма межаў. Сёння ў гарадзенскім СІЗА ён адзін супраць сістэмы, супраць «людзей у чорных масках». Гэта мужны выбар, бо гэта тая мяжа, калі сям’я, жонка, дзеці, бацькі, уласнае здароўе і жыццё адыходзяць на іншы план.

Павал Мажэйка

0
Зміцер / Адказаць
10.04.2011 / 20:18
Вельмі мужна паводзіць сябе Андрэй!!! Трымайся
0
Кнехт / Адказаць
10.04.2011 / 20:27
Выдатны артыкул пра героя. Цудоўна, калі ў цябе ёсць такі сябра, як Павел Мажэйка - прачытаеш такое пра сябе і ніколі не здашся, і нічога не падпішаш. Свабоду Андрэю Пачобуту! Далоў дыктатуру! ШОС ТНП!
0
mikola ramanau / Адказаць
10.04.2011 / 20:28
maia Padtrymka! Belgie.
Паказаць усе каментары/ 14 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру