Расея такі ўводзіць мыта на экспарт нафты ў Беларусь. Гэта рэакцыя Масквы на нежаданьне Менску дзяліцца даходамі ад рээкспарту расейскай нафты. Ад 1 сьнежня экспартнае мыта на расейскую нафту складае 180 даляраў за тону. Гэта значыць у сярэднім адзін барэль расейскай нафты падаражае для Беларусі на 25 даляраў. Іншыя краіны Цэнтральнай Эўропы даўно прыстасаваліся да сусьветных цэнаў на нафту й газ, але для эканамічнай сыстэмы, выбудаванай Лукашэнкам, спыненьне расейскіх датацыяў можа мець непрадказальныя наступствы.

Рашэньне пра ўвядзеньне экспартнага мыта пры пастаўках нафты ў Беларусь падпісаў расейскі прэм'ер Міхаіл Фрадкоў.

Сваё рашэньне расейскі бок тлумачыць тым, што Беларусь разарвала міжурадавае пагадненьне, згодна зь якім 85% мыты на экспарт, у прыватнасьці, нафтапрадуктаў, зробленых у Беларусі з расейскай сыравіны, мусілі залічацца ў расейскі бюджэт, і толькі 15% – у бюджэт Беларусі.

На думку расейскага боку, Менск фактычна прысабечвае значную частку даходаў ад рээкспарту расейскай нафты, якая паступае ў Беларусь бяз мыты і прадаецца за мяжу па сусьветных цэнах.

Гэткая розьніца ў правілах, паводле словаў міністра прамысловасьці і энэргетыкі Расеі Віктара Хрысьценкі, ператварыла Беларусь у своеасаблівую падатковую ціхую гавань. «Як толькі адхіленьне ад гэтага рэжыму адбылося, усе кампаніі пачалі расьпіхваць адна адную лакцямі й імкнуцца ў гэты афшор, каб унікнуць збыткоўнага падаткаабкладаньня ў Расеі», – сказаў Хрысьценка на прэс-канфэрэнцыі ў аўторак.

Як заяўляў напачатку лістапада расейскі пасол у Беларусі, Менску прапаноўвалі два варыянты урэгуляваньня пытаньня. Альбо захаваць экспарт у Эўропу, але пры гэтым усталяваць адзіныя экспартныя мыты, якія б дзяліліся ў суадносінах 85% – Расеі і 15% – Беларусі. Альбо ўсе сьветлыя прадкуты, якія вырабляюцца ў Беларусі, за выняткам унутранага спажываньня, перадаць расейскаму боку.

Відаць па ўсім, Менск адхіліў абодва гэтыя варыянты. Рэакцыя Масквы была імклівай. Увядзеньне мытаў значыць рэзкае павышэньне цэнаў для Беларусі. З улікам усталяванага з 1 сьнежня экспартнага мыта на нафту адзін барэль падаражае на 25 даляраў, гэта значыць, прыкладна на 30-40%.

З выкарыстаньнем інфармацыі Newsru.com

Паводле ацэнак эканамістаў з Інстытуту прыватызыцыі і мэнэджмэнту, беларуская эканоміка здольная вытрымаць павышэньне цэнаў на нафту безь зьніжэньня ВУП, у выпадку калі будуць неадкладна прынятыя меры па павышэньні энэргаэфэктыўнасьці эканомікі. Калі ж рост цэнаў на нафту перакрыецца з скачком цэнаў на газ, можа адбыцца нават падзеньне валавога ўнутранага прадукту.

Яшчэ больш драматычныя прагнозы робіць кіраўнік навукова-дасьледчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук. Рашэньне Расеі адмяніць ільготныя для Беларусі схемы паставак нафты пацягне за сабой 8-адсоткавы спад беларускага ВУП. Такую ацэнку кроку расейскага ўраду ён даў «Беларускім навінам».

Больш за тое, калі да нафтавых мытаў падключыцца яшчэ і новая цана на газ, Беларусь страціць 15% ВУП, што па эканамічных наступствах для беларускіх прадпрыемстваў раўназначнае распаду Савецкага Саюзу, прагназуе экспэрт. Утрымацца ў гэткай сытуацыі ў рамках сацыялістычнай эканомікі можна максымум год. Але наймагутнейшая напружанасьць будзе выяўная ўжо да канца першага паўгодзьдзя, лічыць Я.Раманчук.

Сёньняшняя навіна, паводле ягоных словаў, «ператварае прыняты бюджэт у пустую фармальнасьць і прымусіць беларускі ўрад перагледзець асновы сваёй эканамічнай палітыкі ўжо ў першым квартале 2007 году».

Вельмі сур’ёзную напругу, перакананы эканаміст, давядзецца вытрымаць банкаўскай сфэры. На ягоную думку, «беларускі рубель будзе пад такім ціскам, што пройдзе праз дэвальвацыю». «Пачынаецца сцэнар, якога больш за ўсё баялася беларускае кіраўніцтва: калі адзіная крыніца стабільнасьці і росту растае на вачах. Мы, спажыўцы, будзем вымушаныя зацягнуць паясы. Гэта просты сыгнал беларусам пра тое, што трэба жыць за свой кошт».

З выраўноўваньнем мытаў Беларусь траціць сваю прывабнасьць як прадавец нафтапрадуктаў для Эўрапейскага Зьвязу, што, безумоўна, нэгатыўна адаб’ецца на экспарце. Экспарт нафтапрадуктаў да сёньняшняга дня складаў, паводле ягоных зьвестак, каля 42% ад агульнага аб’ёму беларускага экспарту.

Варта чакаць павышэньня цэнаў на нафтапрадукты ў краіне, што прывядзе да каскаднага росту цэнаў на іншыя спажывецкія тавары, упэўнены Раманчук.

Паводле ацэнак экспэртаў, ад экспарту нафтапрадуктаў Беларусь за першае паўгодзьдзе атрымала каля 3,7 мільярдаў даляраў.

Паводле «Белорусских новостей»

Глядзі яшчэ:

ПОСТАНОВЛЕНИЕ от 08 декабря 2006 г. N 753 О ПРИМЕНЕНИИ ВЫВОЗНЫХ ТАМОЖЕННЫХ ПОШЛИН В ОТНОШЕНИИ НЕФТИ СЫРОЙ, ВЫВОЗИМОЙ С ТЕРРИТОРИИ РОССИЙСКОЙ ФЕДЕРАЦИИ В РЕСПУБЛИКУ БЕЛОРУССИЯ

ПОСТАНОВЛЕНИЕ от 16 ноября 2006 г. N 695 ОБ УТВЕРЖДЕНИИ СТАВОК ВЫВОЗНЫХ ТАМОЖЕННЫХ ПОШЛИН НА НЕФТЬ СЫРУЮ И НА ОТДЕЛЬНЫЕ КАТЕГОРИИ ТОВАРОВ, ВЫРАБОТАННЫЕ ИЗ НЕФТИ, ВЫВОЗИМЫЕ С ТЕРРИТОРИИ РОССИЙСКОЙ ФЕДЕРАЦИИ ЗА ПРЕДЕЛЫ ГОСУДАРСТВ - УЧАСТНИКОВ СОГЛАШЕНИЙ О ТАМОЖЕННОМ СОЮЗЕ, И О ПРИЗНАНИИ УТРАТИВШИМИ СИЛУ НЕКОТОРЫХ АКТОВ ПРАВИТЕЛЬСТВА РОССИЙСКОЙ ФЕДЕРАЦИИ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0