Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт правёў 13 красавіка набажэнства каля імправізаванай сцяны памяці, устаноўленай блізу ўваходу на станцыю метро «Кастрычніцкая». Разам з ім за нявінна забітых маліліся больш за сто чалавек.

Пасля набажэнства мітрапаліт спусціўся ў метро, непасрэдна на месца выбуху. Вярнуўшыся наверх, Філарэт сказаў: «Што можна сказаць? Сэрца гаворыць і смуткуе з-за трагедыі. Разам з усёй царквой мы просім за спачын рабоў тваіх, Гасподзь. Імёны іх павінны быць запісаны і не забыты, вечная ім памяць». Паводле слоў мітрапаліта, «царква будзе маліцца за ўсіх нямоглых і пацярпелых у выніку трагедыі». «Дай ім Бог перанесці ўсе свае хваробы», — сказаў ён. Філарэт падкрэсліў, што «для Бога каштоўны кожны чалавек», і «трэба маліцца, каб Бог даў нам правесці жыццё ў пастаянным здзяйсненні добрых спраў дзеля славы блізкага».

Раней кветкі да сцяны памяці ўсклалі замежныя дыпламаты, у тым ліку прадстаўнікі пасольстваў Францыі, Ізраіля, Кітая, Казахстана, Грузіі, Літвы. Месца трагедыі таксама наведалі прадстаўнікі іранскай дыяспары. Яны ўсклала кветкі і ўстанавілі плакат са словамі спачування родным і блізкім загінулых ад імя іранскага народа.

Каля ўваходу на станцыю метро «Кастрычніцкая» шмат кветак і запаленых свечак, кветкі і абразы — таксама на процілеглым баку праспекта Незалежнасці. Людзі працягваюць ісці да сцяны памяці.

У выніку тэракта ў мінскім метро 11 красавіка загінулі 12 чалавек, 187 — атрымалі раненні.

13 красавіка ў Мінску аб’яўлены днём жалобы па ахвярах трагедыі. Адменены ўсе забаўляльныя мерапрыемствы. Сёння ў сталіцы і некаторых іншых гарадах пройдуць першыя пахаванні загінулых. Мінгарвыканкам паабяцаў узяць на сябе ўсе расходы па арганізацыі пахаванняў. Акрамя таго, сям’і кожнага загінулага будзе аказана матэрыяльная дапамога ў 10 тысяч долараў у эквіваленце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?