14.04.2011 / 11:32

Польшча зацікаўленая ў дабудове нафтаправода Адэса — Броды да Гданьска

Польшча пацвердзіла сваю зацікаўленасць у дабудоўцы нафтаправода Адэса — Броды да Плоцка і ў перспектыве — да Гданьска.
Пра гэта заявіў прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск на сумеснай прэс-канферэнцыі з прэм’ер-міністрам Украіны Мікалаем Азаравым падчас візіту ў Кіеў, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе Кабінета міністраў.

Па словах Дональда Туска, для Польшчы гэты праект — важны элемент дыверсіфікацыі паставак энерганосьбітаў.

Урады Украіны і Польшчы маюць намер разгледзець пералік пытанняў, якія неабходна вырашыць для дабудовы нафтаправода Адэса — Броды. Пытанні дабудовы нафтаправода да Гданьска абмяркоўваліся таксама сёння падчас сустрэчы польскага прэм’ер-міністра з прэзідэнтам Украіны Віктарам Януковічам.

Нафтаправод Адэса — Броды першапачаткова будаваўся для прапампоўвання лёгкай каспійскай нафты ў Еўропу. Першая чарга нафтаправода працягласцю 674 км і магутнасцю 9 млн т у год, якая злучыла марскі нафтавай тэрмінал «Паўднёвы» (Адэская вобласць) і сістэму магістральных нафтаправодаў «Дружба» ў раёне горада Броды (Львоўская вобласць), была ўведзеная ў эксплуатацыю ў 2001 годзе.

Да 2004 года трубаправодная сістэма не выкарыстоўвалася праз адсутнасць адпаведных дамоўленасцяў паміж уладальнікамі каспійскай нафты і нафтаперапрацоўчымі заводамі ва Украіне і Еўропе. З 2004 года нафтаправод выкарыстоўваўся ў рэверсным рэжыме для транспартавання расійскай нафты з нафтаправода «Дружба» на тэрмінал «Паўднёвы».

У лютым 2011 года ў адпаведнасці з заключанай дамовай паміж ААТ «Укртранснафта» і ЗАТ «Беларуская нафтавая кампанія» аб аказанні паслуг па транспартаванні нафты нафтаправодам Адэса — Броды ў аверсным рэжыме былі пачатыя рэгулярныя пастаўкі каспійскай нафты на Мазырскі НПЗ.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру