Заўсёды ганарыўся Беларуссю. Калі вучыўся ў Маскве, то ўся тысячная грамада жыхароў інтэрната ведала — у гэтым пакоі жыве Саша-беларус.
У адрозненне ад Юры Шпакоўскага з Менску ці Тумелевіча з Віцебску… Калі менскае «Дынама» стала чэмпіёнам Саюзу, то грузіны, таджыкі, армяне, абхазцы некалькі дзён хадзілі віншаваць менавіта мяне. Так я стаў нацыяналістам.

Зараз не магу пазбавіцца прыкрага адчування, што мая краіна перастала быць маёй. Непрыемна жыць пад прэсіяй дыскрымінацыі толькі таму, што ты ў Беларусі гаворыш па-беларуску.

Не магу адправіць дзіцё ў беларускую гімназію, бо яе няма. Не магу купіць каляндарыка з назвай месяцаў па-беларуску — па той жа прычыне.
Не магу паслухаць добрую беларускую песню па радыё, бо яе забаранілі.

Гляжу часам тэлевізар і трасу галавой, каб абудзіцца — ці гэта сон ці ява? На экране афіцыйны прэзідэнт загадвае дапытаць апазіцыю па справе выбуху ў менскім метро, каб знайсці замоўцаў. У якой нармальнай краіне такое магчыма?

Міністар унутраных справаў распавядае як шукалі і знайшлі выканаўцаў. Дзядзька з манерамі і выглядам калгаснага брыгадзіра (спецыяльная селекцыя) толькі апрануты ў мешкаватую генеральскую форму, гаворыць гэтаксама і тымі самымі словамі як пра Плошчу — 19 (як прафесійна спрацавалі органы, як апазіцыя назапашвала зброю, якую не знайшлі). І я яму не веру!

Не магу верыць, пры ўсёй нянавісці і агідзе да злачынцаў, падклаўшых выбуховую прыладу. Я баюся, што могуць пацярпець невінаватыя людзі, таму што не маю ні кроплі веры ў справядлівасць лукашэнскаўскай праўнай сістэмы і яе вернасць закону.
Ужо загадана раздаць ордэны баявым аператыўнікам, куды там чакаць канца следства, не кажучы ўжо чакаць рашэнне суда! Цынічна выціскаецца ўсё магчымае для сваіх канкрэтных палітычных інтарэсаў. Часам гэта прарываецца вербальна. Як сказаў адзін лукашыст — пасля выбуху склаўся «спрыяльны клімат» для выдання Беларусі крэдыту.

Што сталася з маёй краінай?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?