15.04.2011 / 16:35

«Наша Ніва» атрымала папярэджанне ад Мінінфармацыі 28

Падставай стала публікацыя «недакладнай інфармацыі аб тым, што адна з ахвяраў тэракту 11 красавіка нібыта знаходзілася на станцыі да позняга вечара».

Міністэрства інфармацыі накіравала ў адрас рэдакцыі газеты «Наша Ніва» папярэджанне аб недапушчальнасці парушэння нормаў закона «Аб сродках масавай інфармацыі», паведамляе БЕЛТА. Сама Рэдакцыя яго яшчэ не атрымала.

«Падставай для папярэджання стала публікацыя на старонках газеты недакладнай інфармацыі аб тым, што адна з ахвяраў тэракту 11 красавіка нібыта знаходзілася на станцыі да позняга вечара», — лічаць прадстаўнікі Мінінфармацыі.

На думку Мінінфарма, распаўсюджванне гэтай інфармацыі прычыняе шкоду грамадзкім інтарэсам, дыскрэдытуе органы дзяржаўнай улады, выратавальныя і медыцынскія службы, якія бралі ўдзел у аказанні дапамогі пацярпелым у выніку тэракту.

Таксама Міністэрствам інфармацыі 15 красавіка было вынесена папярэджанне ў адрас рэдакцыі газеты «Народная воля» ў сувязі з распаўсюджваннем выданнем звестак, якія не адпавядаюць рэчаіснасці і ганяць дзелавую рэпутацыю Белтэлерадыёкампаніі. «Факт распаўсюду такіх звестак быў усталяваны 13 красавіка 2011 рашэннем Вышэйшага гаспадарчага суду», — удакладнілі ў міністэрстве.

У гісторыі з Марынай Шубіч застаюцца няяснасці. Дзве крыніцы, у шчырасці якіх мы не сумняваемся, незалежна адна ад другой пацвердзілі, што дзяўчына позна трапіла ў шпіталь. У той жа час паводле запісаў у прыёмным пакоі, яна была ў бальніцы ўжо, а 18.30. Розначытанні могуць тлумачыцца шокавым станам відавочцаў у той дзень.

Калі канчаткова выявіцца, што газета дапусціла памылку, мы дамо ўдакладненне. Не памыляецца толькі той, хто нічога не робіць. Так, нават кампетэнтныя органы спачатку памылкова ўключылі дзве асобы ў спіс памерлых і апублікавалі іх імёны. Ці і ім дало папярэджанне Міністэрства інфармацыі?

У цэлым, у стрэсавай сітуацыі пасля выбуху «Наша Ніва» давала шмат інфармацыі, карыснай для грамадства, рабіла тое хутка і аб’ектыўна, чым заслужыла падзякі і павагу чытачоў.

І што зусім незразумела — якім чынам гэта публікацыя можа дыскрэдытаваць «органы дзяржаўнай улады». У артыкуле не даецца ацэнкі іх дзеянням. Дзеянні ж медыцынскай і выратавальнай службаў былі ацэненыя ў тым самым нумары надзвычай высока: іх аператыўнасці і прафесійнасці прысвечаны рэдакцыйны каментар.

Папярэджанне «НН» стала натуральным працягам палітыкі, скіраванай на абмежаванне прасторы для дзеяння незалежных СМІ.

Рэд.

0
Капитан Черепанов / Адказаць
15.04.2011 / 16:41
Ці і ім дало папярэджанне Міністэрства інфармацыі? Не дано, вядома ж
0
illa / Адказаць
15.04.2011 / 16:52
Трымайцеся, нашаніўцы!
0
Мінпапярэджанне / Адказаць
15.04.2011 / 16:56
папярэджанне дадзена правільна
Паказаць усе каментары/ 28 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру