Адразу двое высокіх чыноўнікаў у пятніцу выказаліся адносна матэрыялаў «Нашай Нівы» (нумар ад 13 красавіка).

Генеральны пракурор Рыгор Васілевіч зазначыў, што «ў адной з газет была надрукаваная наступная фраза: ««Выбухоўку падклалі супрацоўнікі адной са спецслужбаў». Ён зазначыў, што падобныя фразы не застануцца без увагі.

Пад такім загалоўкам быў надрукаваны каментар палкоўніка Уладзіміра Барадача. Ён быў размешчаны ў рубрыцы «каментары і меркаванні».
Пад артыкулам было напісана: «Нагадаем, што ў рубрыцы «Меркаванні» публікуюцца артыкулы, якія могуць супадаць, а могуць і не супадаць з меркаваннем Рэдакцыі».

На той сама паласе былі надрукаваныя таксама ацэнкі Казуліна, Мілінкевіча, Давыдзькі і Мусіенкі.

Што датычыць міністра інфармацыі Алега Праляскоўскага,

то ён звярнуў увагу на публікацыю: «Хто? Тэрор супраць уласнага народа? Або замежная дыверсія? Або псіх?» (старонка 3).

«Усё тая ж апазіцыйная газета нядаўна ў загалоўку аднаго з сваіх матэрыялаў напісала пра тэракт 11 красавіка «тэрор супраць уласнага народа». Вось якраз такія дзеянні безадказных пляткароў ад Інтэрнэта і СМІ — гэта самы сапраўдны тэрор супраць уласнага народа, адкрыты і нахабны. Дарэчы, самым сапраўдным тэрорам супраць уласнага народа з’яўляюцца і дзеянні вядомых палітыкаў, на наступны дзень пасля тэрактаў у чарговы раз запатрабавалі ўвядзення эканамічных санкцый супраць Беларусі».

Дарэчы, сёння ж Міністэрства інфармацыі вынесла «Нашай Ніве» папярэджанне. Гэта ўжо трэцяе папярэджанне на працягу апошняга года.

«Наша Ніва» заўжды імкнулася трымацца еўрапейскіх стандартаў у журналістыцы. Эксперты і чытачы не раз высока ацэньвалі яе аб'ектыўнасць і прафесіяналізм.

Вось так нечакана над адзінай цалкам беларускамоўнай агульнанацыянальнай грамадска-палітычнай газетай навісла пагроза знішчэння.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?