Расія сумесна з Міжнародным валютным фондам гатовыя аказаць дапамогу Беларусі ў сувязі з аплатным крызісам у краіне, але толькі ў тым выпадку, калі ўрад будзе гатовы працягнуць рэформы,
заявіў міністр фінансаў РФ Аляксей Кудрын у Вашынгтоне, перадае «РІА Навіны».

Кудрын нагадаў, што раней МВФ прапаноўваў Беларусі праграму дапамогі, якая засноўвалася на канкрэтных і дастаткова жорсткіх рэформах.

«Праграма была жорсткай, нават больш жорсткай, чым мы маглі б папрасіць, — гэта і замарожванне заробкаў, і скарачэнне расходу бюджэту, і павышэнне тарыфаў на энерганосьбіты ўнутры краіны. Але ўраду Беларусі здалося, што яны перажылі праблемы, і пасля завяршэння праграмы (беларускія ўлады) перайшлі тыя абмежаванні, якія ствараліся гэтай праграмай. Нам хацелася б дапамагчы Беларусі. Мы лічым, што гэтыя важныя рэформы павінны быць прадстаўлены ў праграме ўрада Беларусі, і тады Расея прыме ўдзел у падтрымцы», — сказаў міністр, выступаючы на форуме па расейска-амерыканскіх адносінах.

Паводле яго слоў, Расія абмяркоўвае з МВФ пытанні аказання дапамогі Беларусі і гатова «выступіць першым эшалонам падтрымкі». «Спадзяемся, што пасля гэтага падрыхтуюцца ўмовы для ўдзелу МВФ», — падкрэсліў Кудрын.

«Я ведаю, што МВФ цяпер не гатовы даць новую праграму, па крайняй меры, пакуль усе рашэнні па зніжэнні дэфіцыту бюджэту, па курсавой палітыцы не будуць зноў уключаны ў планы ўрада і не будуць прынятыя. Золатавалютныя рэзервы Беларусі зніжаюцца, і я ведаю, што ўрад Беларусі гатовы да рэформаў. Наколькі гэтая рашучасць будзе рэалізавана, я не магу сцвярджаць дакладна», — заявіў расійскі міністр.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?