Міністр замежных спраў Швецыі Карл Більт выказаў заклапочанасць тым, што беларускія ўлады могуць «павесіць» выбухі ў мінскім метро на прадстаўнікоў Захаду ў прапагандысцкіх мэтах.

«[Лукашэнка] кажа, што арыштаваў гэтых людзей, і ведае, хто яны, так што можна чакаць, што ён выкажацца па гэтых пытаннях у найбліжэйшы час, - сказаў Більт 14 красавіка ў Берліне ў інтэрв'ю брусэльскаму сайту EUobserver. - Але мы можам асцерагацца горшага».

Карл Більт адзначыў, што пасля падзей 19 снежня Лукашэнка абвінаваціў Нямеччыну і Польшчу ў фінансаванні апазіцыі, якая нібыта на гэтыя грошы планавала дзяржаўны пераварот.

Шведскі міністр перасцярог Лукашэнку ад выкарыстання тэракту ў мінскім метро для далейшага ціску на палітычных апанентаў.

Карл Більт назваў «дрэнным знакам» агрэсіўны тон Лукашэнкі ў тэлевізійным выступе 13 красавіка.

На нарадзе 13 красавіка Лукашэнка, нагадаем, адзначыў, што саўдзельнікі і замоўцы тэракту ў метро ўсё яшчэ адшукваюцца. «Можа быць, гэтыя так званыя палітыкі ад пятай калоны нам раскрыюць карты і пакажуць, хто ж замовіў? Можа, хтосьці і з улады? Усіх дапытаць. У межах крымінальнай справы ўсіх прыцягнуць і дапытаць, не зважаючы ні на якую дэмакратыю і выццё і стогны замежных пакутнікаў», - сказаў афіцыйны беларускі лідар.

«Ён вельмі пагардлівы да Захаду, да правоў чалавека, да апазіцыі. Ствараецца ўражанне, што ён успрымае выбух як падставу для далейшых рэпрэсіяў,
- лічыць Карл Більт. - Існуе новы ўзровень страху [сярод актывістаў апазіцыі ў Беларусі], што даволі натуральна, калі яны чуюць гэтую рыторыку Лукашэнкі. Яны асцерагаюцца, што гэта можа ўваходзіць у яго намеры».

«

З здарэннямі такога роду [тэракт у метро] варта паступаць у адпаведнасці з вяршэнствам закона. Ствараць атмасферу запалохвання і страху - не спосаб кіраваць краінай, нават не спосаб спраўляцца з тэрарыстычнымі пагрозамі.
Ён павінен ведаць, што мы будзем назіраць. Калі ён выкарыстоўвае гэта як падставу для далейшай актывізацыі рэпрэсіяў, гэта будзе абавязкова заўважана», - заявіў шведскі міністр.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?