У інтэрв'ю журналістам 16 красавіка Аляксандр Лукашэнка чарговы раз загаварыў пра апазіцыю ў кантэксце тэракту.

«Палітыкай патыхае ці не, — не хачу бударажыць зноў нашу пятую калону, але хутка мы прадставім некаторыя матэрыялы. І не трэба толькі ківаць, што мы тут наступаем на апазіцыю. Мы наступім на тых, хто вінаваты, на тых, супраць каго ёсць доказы. Але я на перспектыву сказаў, што пятай калоны ў краіне не будзе», — пагражаў ён.

«Не трэба тут наводзіць цень на пляцень, — Лукашэнка адкінуў падазрэнні ў датычнасці ўладаў да тэракту. — Гэта ўсё роўна што калі палец баліць, каб вылечыць яго — адарваць сабе галаву. Якім ідыётам трэба быць, каб, напрыклад, мне перакрэсліць ўсю сваю працу. Бо і

я нямала зрабіў для таго, каб у нас было спакойна, нармальна жыць у Беларусі, і гэта — брэнд нашай краіны». «І мне што, трэба было падарваць метро, каб усе сказалі: ну вось, Лукашэнка, дзе твая стабільнасць і спакой?»
Аляксандр Лукашэнка назваў падонкамі тых, хто заяўляе аб датычнасці ўладаў да тэракту. Па ягоных словах, толькі ідыёты могуць падобным чынам разважаць. Па словах Лукашэнкі, сёння сітуацыя ў краіне не крытычная, каб пайсці на крайнія меры.

«Вы абыходзьце гэтых людзей [якія кажуць, што ўлада магла падобным чынам зрабіць] бокам — яны кажуць так, як яны б зрабілі. Запомніце — гэта страшныя людзі».

У той жа час Аляксандр Лукашэнка заявіў, што падзеі ў Мінску не стануць падставай для расправы над апазіцыяй. «Гэта — блеф, гэта лухта поўная», — заявіў ён і патлумачыў гэта сваімі прынцыпамі: «Я занадта самаўпэўнены, ганарлівы чалавек,

я не дазволю сабе такімі метадамі глядзець на гэтую мразь».

Ён ізноў не перабіраў у словах для характарыстыкі сваіх палітычных праціўнікаў: «Сёння ў іх ідзе барацьба, хто будзе лідэрам. Гэтых, так званых новай хвалі, няма. Павылазілі Багданкевіч, Казулін, Лябедзька, якога, дарэчы, выпусціў з турмы [афіцыйна рашэнне прымалася следчымі органамі — НН], а ён сёння вякае», — грымеў Лукашэнка. «Гэта ж падонкі. Скажыце лепш дзякуй, што гэты прэзідэнт вас выпусціў з камеры!».

Ён чарговы раз заявіў, што сярод апазіцыі «ёсць і баевікі». Такіміі ён лічыць удзельнікаў хрысціянска-дэмакратычнай арганізацыі «Малады Фронт». «Мы іх ведаем, асабліва маладафронтаўцы, іншыя незарэгістраваныя арганізацыі. Вядома, мы іх паставім на месца па законе».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?