Як заявілі «Ежедневнику» ў Цэнтры інфармацыі і грамадскіх сувязяў (ЦІГС) КДБ, а таксама ў прэс-службе Генеральнай пракуратуры, абвяшчэнне прозвішчаў меркаваных тэрарыстаў можа стварыць дадатковую пагрозу жыццю і здароўю грамадзян Беларусі.

Сёння, 18 красавіка, расійскі рэсурс Life News апублікаваў прозвішчы і фота затрыманых у Беларусі тэрарыстаў і нават назваў вуліцу ў Віцебску, дзе ў хлопцаў была лабараторыя. Інфармацыю тут жа перадрукавалі практычна ўсе беларускія сайты.

«Вы зразумейце правільна, чаму не называюць іх прозвішчаў. Тут два аспекты. Па-першае, ідзе следства, і абвяшчэнне прозвішчаў можа перашкодзіць яго ходу.

Па-другое, тут маральны складнік. Бо пасля абвяшчэння прозвішчаў можа пайсці сустрэчная хваля гвалту. Вось пра што гаворка. Разгалошваць нельга з пункту гледжання бяспекі сваякоў і навакольных.
І для чаго вось гэта зроблена, я нават не ведаю. Людзі або не думаюць пра наступствы сваіх укідаў, альбо пераследуюць пэўную мэту, што вось быць першымі, што мы такія харошыя», — заявіў начальнік ЦІГС КДБ Аляксандр Антановіч.

Адносна таго, ці будуць ужывацца меры ў дачыненні да тых, хто агучыў прозвішчы падазраваных у тэракце, то тут А. Антановіч сказаў наступнае: «Генеральны пракурор пра гэта ўжо выказаўся дастаткова падрабязна і з майго боку будзе некарэктна яго інтэрпрэтаваць».

Нагадаем, што не так даўно генеральны пракурор Рыгор Васілевіч заявіў, што «ў шэрагу СМІ і інтэрнэце былі скокі на крыві з боку асобных аўтараў. Частка аўтараў будзе выкліканая на допыты па гэтай крымінальнай справе. Што да інтэрнэт-парталаў, то тут трэба наводзіць парадак». Таму амаль напэўна Генпракуратура адрэагуе на разгалошанне прозвішчаў падазраваных, бо гэта стварае ў краіне дадатковую напружанасць пасля тэракту.

У Генеральнай пракуратуры «Ежедневнику» растлумачылі, што пытанне з публікацыяй прозвішчаў і партрэтаў падазраваных будзе вывучацца і толькі пасля гэтага будзе нейкая рэакцыя.

Праўда, ні ў КДБ, ні ў Генпракуратуры не растлумачылі, наколькі рэальныя прозвішчы і партрэты меркаваных тэрарыстаў.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?