Міліцыянты выконваюць загад Аляксандра Лукашэнкі знайсці вінаватых у тэракце.

На наступны дзень пасля выбуху ў мінскім метро, 12 красавіка, дамоў да ветэрана-афганца з Валожыну Юрыя Даржыева прыйшлі супрацоўнікі праваахоўчых органаў. Без адпаведнага ордэру яны запатрабавалі прайсці ў кватэру, каб правесці ператрус па справе тэракту.

«У той дзень [11 красавіка. — «Белсат»] я быў на працы, гэта могуць пацвердзіць мае калегі. Закон я не парушаю, таму быў здзіўлены прыходу міліцыянтаў», — кажа Юрый Даржыеў. Аднак супрацоўнікі ў форме адмовіліся паказаць дакументы і пачалі вераломна ператрасаць рэчы ў доме.

«У мяне нічога яны не знайшлі. Цікаваліся запісамі дыскаў, але там звычайныя фільмы, таму яны іх не забіралі з сабою», — дадае афганец. Напрыканцы міліцыянты спыталі, ці чуў спадар Даржыеў што-небудзь падазронае наконт выбуху ў Менску. І запатрабавалі падпісаць заяву, у якой ён абавязуецца паведамляць следству пра магчымую інфмарцыю або чуткі па дадзенай справе.

«Мяне абурыла, што да мяне прыйшлі як да злачынцы! Дакладна не растлумачылі, чаму ў мяне павінны прайсці ператрус», — абураны мужчына.

У Валожынскім РАУС «Белсату» патлумачылі, што праверкі і ператрусы зараз праходзяць па ўсёй рэспубліцы. «У зоне рызыкі найперш былыя вайскоўцы і людзі, якія маюць зарэгістраваную ці незарэгістраваную зброю. Такім быў загад прэзідэнта — праверыць усіх, канфіскаваць небяспечныя рэчы і прыцягнуць да следства падазроных асобаў», — распавялі аператыўнікі.

Праваабаронцы звяртаюць увагу на тое, што ўсе следчыя дзеянні павінны адбывацца ў адпаведнасці з законам. «Калі да грамадзяніна прыйшлі з ператрусам, трэба патрабаваць ордэр. І ні ў якім выпадку не падпісваць падазроныя паперы, як бы тое не патрабавалі міліцыянты. Падпісаная па неасцярожнасці папера можа быць выкарыстана супраць невінаватага чалавека», — тлумачыць прадстаўнік Беларускага Хельсінскага камітэту Зміцер Чарных.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?