МУС Беларусі абнародавала новыя падрабязнасці справы па выбуху 11 красавіка.

«Як паведамілі ў Генеральнай пракуратуры рэспублікі, гаварыць аб псіхічных адхіленнях затрыманых падстаў няма.

У двух з іх яшчэ са школьнай лаўкі назіралася цяга да паглыбленага вывучэння хіміі. Менавіта па гэтым прадмеце затрыманыя былі круглымі выдатнікамі, у той час як іх веды ў іншых галінах ацэньваліся як вельмі пасрэдныя. Акрамя таго, адзін з падазроных неаднаразова станавіўся прызёрам алімпіяд па хіміі.
На жаль, свае веды па такім складаным прадмеце маладыя людзі вырашылі накіраваць на вывучэнне выбуханебяспечных рэчываў», — сказалі ў МУС.

Сярод іншых рыс характару настаўнікі і былыя аднакласнікі адзначаюць замкнёнасць абодвух хлопцаў, прычым з дзяцінства. «Не выключана, што прычынай такіх паводзін стала перажытая псіхалагічная траўма», — лічаць у МУС.

На думку праваахоўных органаў, цікавы і такі факт.

У школьнай характарыстыцы аднаго з затрыманых значыцца: «… замкнёны, маўклівы; размаўляе толькі з суседам па парце. За знешняй абыякавасцю тоіцца жорсткі, бязлітасны характар…».
«Убачыць такія словы ў тэкстах афіцыйных дакументаў можна толькі ў выключных выпадках. Асабліва, калі гэтыя дакументы падпісаны класным кіраўніком і дырэктарам школы», — падкрэслілі ў МУС.

На жаль, пасля школы паталагічная цяга да хімічных эксперыментаў па вырабу выбуховых рэчываў у аднакласнікаў не зменшылася. Ільвіную долю інфармацыі і ведаў у гэтай галіне яны чэрпалі з інтэрнэту, а затым праводзілі выпрабаванні сабраных імі прыладаў. Цяпер супрацоўнікі праваахоўных органаў вядуць актыўны пошук такіх месцаў. Паводле папярэдняга меркавання экспертаў, за некалькі гадоў падазроныя змаглі атрымаць і ўдасканаліць свае веды да такой ступені, што сабралі магутную выбуховую прыладу з вялікім абсягам паражэння.

Па справе аб выбуху на станцыі «Кастрычніцкая» затрыманы пяць чалавек. Адносна двух выбрана мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. Гэта непасрэдны выканаўца тэрарыстычнага акта і адна асоба, якая аказвала яму судзеянне. У выніку выбуху загінулі 13 чалавек, пацярпелі каля 200 чалавек.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?