Вярхоўная Рада Ўкраіны прызнала сталінскі голад 30-х гадоў мінулага стагодзьдзя генацыдам украінскага народу – наўмысна задуманым забойствам з мэтаю вынішчэньня ўкраінскага насельніцтва і зьмены дэмаграфічнага балянсу ў СССР. Гэтая акалічнасьць прымусіла задумацца, ці было нешта падобнае ў Беларусі і ці гатовая нашая краіна прызнаць злачынствам цяжкую спадчыну СССР. Пра гэта гутарка з гісторыкам Ірынай Раманавай, адным зь нешматлікіх дасьледчыкаў, якія наважваліся займацца праблемай голаду на беларускіх тэрыторыях у савецкія часы.

«Наша Ніва»: Спн.Ірына, як Вы ўвогуле заняліся вывучэньнем праблемы беларускага голаду 1932–1934 г.?

Ірына Раманава: Падчас працы ў архіве з дакумэнтамі, якія маюць грыф «Зусім сакрэтна», мне трапляліся асобныя зьвесткі аб голадзе 30-х гадоў на Беларусі. Але цікавасьць да гэтай праблемы ўзьнікла ў часе палявых дасьледаваньняў. Большасьць вусных гістарычных зьвестак удалося сабраць у навуковай экспэдыцыі па Палесьсю ў траўні 2003 г. Мэтай экспэдыцыі было вывучэньне беларуска-ўкраінскага памежжа, а асноўнай базай быў Мазыр. Калі паехалі па вёсках, я нечакана сама для сябе выйшла на тэму голаду. Трэба адзначыць, што дакумэнтаў аб голадзе на Мазыршчыне я ня мела. Пасьля гэтага я адышла ад ўсіх іншых анкет і пачала зьбіраць інфармацыю толькі пра голад. Усё пачалося зь вёскі Малыя Аўцюкі, акурат там і пачула пра голад трыццатых. Найбольш успамінаў я маю па Мазырскім, Хойніцкім і Крычаўскім раёнах, іншыя зьвесткі былі ўзятыя з архіваў.

«НН»: Ці голад ахапіў усе вёскі беларускага Палесься?

ІР: Не, ня ўсе. Паралельна група дасьледчыкаў працавала над вывучэньнем беларускіх палякаў. Дык вось, у іх вёсках (былых г.зв. шляхецкіх засьценках) голаду не было. Адзінае, што ў такіх вёсках згадваюць, гэта тое, што было цяжка, ішлі ўкраінцы, але голаду не было.

«НН»: Ці існуюць якія-небудзь дакумэнты наконт голаду ў іншых рэгіёнах Беларусі?

ІР: Такія дакумэнты сапраўды ёсьць, але яны надзвычай фрагмэнтарныя, каб скласьці агульную карціну па ўсёй краіне. Мапа тых мясьцінаў, дзе людзі галадалі ў 30-я, сапраўды патрэбная, але для гэтага патрэбна рабіць спэцыяльнае дасьледаваньне. Тыя дакумэнты, што сустракаюцца ў архівах асобага сэктару ЦК КПБ, то там большасьць матэрыялаў датычаць акурат Палесься. Аднак лякальныя выпадкі голаду фіксаваліся і ў больш паўночных рэгіёнах Беларусі, як, напрыклад, у Барысаўшчыне.

«НН»: Чаму вас закранула гэтая тэма?

ІР: Я неаднаразова езьдзіла ў навуковыя дасьледчыя экспэдыцыі. Звычайна, калі мы заходзім у вясковую хату, называемся, што мы гісторыкі зь Менску і просім расказаць, як жылося раней. Першае, што звычайна чуем у адказ: «Была вайна, было страшна...» А ў Мазырскім, Хойніцкім раёнах найперш мы чулі: «Быў страшны голад». Гэты голад для мясцовых жыхароў нават пераўзышоў па ўражаньнях вайну! Нягледзячы на тое, што гэта людзі 1920-х гадоў нараджэньня і многія зь іх былі яшчэ дзецьмі, але ўражаньні былі настолькі моцныя, што засталіся да сёньня. Як адзначыў адзін інфармант: «Гэты голад запомніў бы і трохлетні рабёнак».

«НН»: Якія былі галоўныя прычыны гэтага страшэннага голаду?

ІР: Несумненна, савецкая ўлада спрычынілася да гэтага голаду. Хоць ураджай 1932 г. быў трохі меншы, чым звычайна, голад быў выкліканы ня гэтым. Прычынай, хутчэй, стала супраціўленьне сялян палітыцы рэжыму, якое не спынялася, і меры, прынятыя рэжымам у адказ, закліканыя раз і назаўсёды падавіць у сялян усялякую волю да супраціву. Сталін быў упэўнены, што сяляне проста хаваюць прадукты, а мясцовым партыйным упраўленцам не хапае рашучасьці іх забраць. Партыя рэзка ўзмацніла свой ціск, каб добра правучыць сялян: дзяржава проста павысіла квоту дзяржнарыхтовак без уліку рэальных патрэбаў сялян, хаця ўлады добра разумелі, што гэта можа пагражаць голадам. Таму голад 1932–1933 г. у заходняй гістарыяграфіі (сьледам за Р.Конкўэстам «Жніво смутку») атрымаў назву «тэрору голадам». Гэта найвялікшае злачынства стагодзьдзя ў той час пастараліся ўтаіць ад навакольнага сьвету і нават ад тых катэгорый насельніцтва СССР, якія ад яго не пацярпелі. І голад падзейнічаў. Ён урэшце прынёс партыі перамогу над вёскай. Сяляне назаўсёды страцілі волю да непадпарадкаваньня савецкай уладзе.

Нават, калі сьледам за некаторымі гісторыкамі зыходзіць з таго, што голад ня быў штучна створаны, то сам факт, што галадаючым тэрыторыям не аказвалася ніякай гуманітарнай дапамогі, гаворыць, прынамсі, аб многім. Ратаваць людзей відавочна ніхто не зьбіраўся. Ствараліся ж нават адмысловыя кардоны, каб людзі не змаглі нікуды ўцячы.

«НН»: Ці праточвалася інфармацыя пра голад на старонкі сусьветнай прэсы?

ІР: Практычна нічога не было. Асобныя паведамленьні рэзанансу ня мелі. Украінскі гісторык Яраслаў Грыцак адзначае, што ангельскі драматург Б.Шоў, ягоныя суайчыньнікі Сыднэй і Бэатрыс Ўэб, былы прэм’ер-міністар Францыі Эдуард Эрыё і іншыя, хто пабываў ва Ўкраіне ў час голаду, па вяртаньні на Захад распавядалі гісторыі пра заможных украінскіх сялян. Відавочна, яны не разумелі таго, што ва Ўкраіне ім паказвалі не сапраўдныя сялянскія сядзібы, а «пацёмкінскія» сёлы. Але справа ня ў тым, што заходніх інтэлектуалаў падманулі: шмат зь іх прагнулі быць падманутымі. У час вялікай дэпрэсіі 1929–1933 г., а асабліва пасьля прыходу Гітлера да ўлады ў Нямеччыне, яны выказвалі моцныя прасавецкія сымпатыі і адкідвалі ўсялякую крытыку СССР як нацысцкую прапаганду. Былі і такія, хто на замоўчваньні голаду рабіў сабе кар’еру. Прадстаўнік New York Times у СССР Вальтэр Дурантэ ведаў, што рабіцца ва Ўкраіне. Але ў сваіх артыкулах ён нават не ўзгадаў гэтай трагедыі, не жадаючы трапіць у няласку да савецкай улады.

«НН»: Чым канкрэтна адрозьніваўся голад 30-х у Беларусі і Ўкраіне?

ІР: Найперш, натуральна, маштабамі. Калі ў Беларусі мы можам гаварыць пра тысячы ахвяраў голаду, то ва Ўкраіне лік пайшоў на мільёны памерлых.

Маглі быць і лякальныя асаблівасьці. Так, інфармантка з Крычаўскага раёну ўпэўненая, што іх выратавала тое, што побач была рэчка, па берагах якой расло шмат мясістай травы, гэта і ўжывалі ў ежу. Іншая справа, калі навокал стэп.

«НН»: Ва Ўкраіне нярэдкімі былі выпадкі канібалізму. Ці было нешта падобнае ў Беларусі?

ІР: Не, я не сустракала. Адзінае, што калега казаў пра выпадкі пасьляваеннага канібалізму, але я з гэтым не сутыкалася, хоць адмыслова цікавілася пра гэта ў сьведак голаду.

«НН»: Людзі, што не падпарадкоўваліся калгаснаму кіраўніцтву, рызыкавалі трапіць на высылку ў Сібір. Ці не было ў людзей адмысловага жаданьня быць высланым, каб уратавацца ад голаду?

ІР: Людзі ехалі багата куды. Спрабавалі прарвацца нават у Польшчу. Ехалі і ў тую Сібір, самавольна і самастойна. Але адмысловага жаданьня, каб выслалі ў Сібір, не было. Высылка – гэта заўжды шок і страх.

Людзі ня ведалі, што галадаюць нават недалёкія адна ад адной вёскі, бо ні па радыё, ні ў газэтах ніякай інфармацыі не было. Адзіным сродкам даведацца пра голад у іншых рэгіёнах былі ўкраінскія хадакі. Людзі найперш згадваюць, што «прыходзілі ўкраінцы, прасілі вось хоць столечкі хлеба, а пасьля падалі і проста пад плотам паміралі». Вельмі багата ўкраінцаў прайшло празь Беларусь.

«НН»: Вы ня лічыце галадамор 30-х гадоў генацыдам украінскага народу.

ІР: Я не магу з гэтым пагадзіцца. Па-першае, тэрмін «генацыд» мае дакладныя міжнародна-праўныя дэфініцыі. Так, Генэральная Асамблея ААН 9 сьнежня 1948 г. адзначыла, што пад генацыдам разумеюцца дзеяньні, якія чыняцца з намерам зьнішчыць, цалкам ці часткова, якую-небудзь нацыянальную, этнічную, расавую ці рэлігійную групу як такую. Як я ўжо адзначала, галадамор 1930-х – гэта найперш вынік вайны зь сялянствам, а не з украінцамі.

Той факт, што ў рэшце рэшт вызначэньне «генацыд украінскай нацыі» было заменена на «генацыд украінскага народу», сутнасьці не мяняе. Прызнаць гэта генацыдам украінскага народу, значыць прызнаць, што вынішчэньня іншых, у тым ліку беларусаў, не было.

Гэта трагедыя. Страшэннае Злачынства, якому няма і ня можа быць апраўданьня ніякімі «посьпехамі сацыялізму» і перамогамі на франтах Айчыннай вайны.

Памятаць пра голад, безумоўна, патрэбна. Дзень памяці ахвяраў павінен быць абавязкова. Гэта трэба ня толькі ўкраінцам, але і беларусам. Калі зьявіўся мой артыкул на tut.by, то вельмі паказальным было абмеркаваньне на форуме, многія людзі нават ня ведаюць, што ў Беларусі таксама быў голад. Трэба гаварыць і пра голад, і пра ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. Пра гэта варта гаварыць у кантэксьце прызнаньня злачыннай спадчыны савецкай улады.

«НН»: Ці магчыма ў Беларусі падлічыць колькасьць ахвяраў галадамору 1932–1934 гадоў?

ІР: Вызначыць прыкладны маштаб, канечне, можна. Але ў гэтым гісторыкам павінны дапамагчы дэмографы, якія маюць свой інструмэнтар. Да таго ж цяпер нам даступны матэрыялы раней засакрэчанага перапісу 1937 г. Так, расейскія гісторыкі і дэмографы супаставіўшы матэрыялы перапісаў 1926 г. і 1937 г., напрыклад, падлічылі, што прамыя страты насельніцтва па СССР у гэты прамежак часу склалі 11 мільёнаў. На падставе тых дадзеных, якія маюцца на сёньняшні дзень, думаю, што лічба памерлых ад голаду ў Беларусі склала некалькі тысяч чалавек.

«НН»: Вы праслухалі шмат гісторый, зьвязаных з голадам у Беларусі, якая зь іх найболей запала ў душу?

ІР: Мне цяжэй за ўсё было слухаць, а пазьней пісаць гісторыю, якую я пачула ў вёсцы Загальле Хойніцкага раёну. Бабуля расказвала:

– Есьці не было чаго. Маці дастала недзе кавалачак хлеба ды думае: «Я сама яго зьем, бо калі памру з голаду, то і дзеці памруць». Стала ля печкі і жуе той хлеб, каб дзеці ня бачылі. Падышло да яе малое: «Мама, я есьці хачу. Што ты робіш? Ясі?» А яна і кажа: «Не, сынок, ня ем». «А чаго ж, – гаворыць дзіця, – у цябе галава тады трасецца?»

«НН»: Ці магчымае ў Беларусі прыняцьце заканадаўчага акту, які асудзіў бы сталінскія злачынствы?

ІР: Цяпер не, але ў пэрспэктыве гэта непазьбежна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?