Цяперашнім часам кнігі са стольнае Вільні ў стольны Мінск ідуць доўга. Вось і два тамы «Вялікае Літвы» (2009) трапілі ў Нацыянальную бібліятэку зусім нядаўна.

Кнігі вялікія і фарматам, і колькасцю старонак. Каб ніхто не сумняваўся, што гаворка ідзе менавіта пра Вялікую (Большую) Літву, пад літоўскім загалоўкам кожнага тома («Didžioji Lietuva») змешчаны ангельскі («Greater Lithuania»), які з англійскай перакладаецца як «Большая».

Прадмова да выдання таксама напісаная на гэтых дзвюх мовах. А варта было б напісаць яе і па¬беларуску. Хоць бы таму, што кнігі зацікавяць беларускіх гісторыкаў — гісторыкаў архітэктуры і горадабудаўніцтва ў першы чарод. Справа ў тым, што ў абедзвюх гэтых кнігах змешчаныя фота помнікаў архітэктуры нашае краіны: у першай кнізе — Гро¬дзенскае і Віцебскае абласцей, у другой — Брэсцкай, Гомельскай, Мінскай і Магілёўскай. На вокладцы першае кнігі — Мірскі замак, другое — палац Сапегаў у Ружанах.

Што такое Вялікая Літва

Тэрмін «Вялікая (Большая) Літва» не выклікае пярэчанняў нават у некаторых беларускіх нацыяналістаў, асабліва ў гэтак званых літвінаў, якія ўздыхаюць па Літве часоў Міхала Казіміра Агінскага і Адама Міцкевіча. Нагадаю, што нацыяналіст Ян Станкевіч склаў вялікалітоўска­расійскі слоўнік і што вялікалітоўская мова ў яго разуменні — гэта беларуская. Але ўпэўнены, што нават у нашых «інтэрнацыяналістаў» выклікае абурэнне славутая мапа Літвы 1920 г. з Сувалкамі, беластоцкаю Дуброваю, Гроднам, Валожынам, Паставамі і Браславам у скла¬дзе выпешчанай у марах літоўскіх нацыяналістаў літоўскай жа дзяржавы. Ці магла аўтарка кніг Бірута Валёніце абысціся без гэтае мапы?

Ёсць у першай кнізе і мапа Літвы 1990 г. На ёй наша краіна названа Гудзіяй. І гэта добра. Я і сам у гутарках з літоўцамі называю сябе не балтарусам, а гудам. І пан Адам Мальдзіс з­пад Гудагая падпісваецца пад некаторымі сваімі тэкстамі як Гудас. Гудас, Гудзія — імёны гістарычныя, адметныя. Добра, што беларускія назовы на мапе 1990¬га даюцца лацінкаю, але, на жаль, не заўсёды пісьменна. Гэта датычыць Лідскае раўніны, Ашмянскага ўзвышша і Маладзечна.

Праблемы перакладу

У кожным раздзеле ў алфавітным парадку даюцца звесткі пра больш­менш адметныя помнікі архітэктуры. Так, першы раздзел першае кнігі, прысвечаны Гродзенскай вобласці, пачынаецца з Адэльска, з касцёла ў роднай вёсцы мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча.

Назовы населеных пунктаў даюцца па¬літоўску і па¬беларуску (кірыліцай). Тут жа і ангельская транскрыпцыя беларускіх назоваў, але (зноў, на жаль) непісьменная, бо гэта не беларуская лацінка, а той яе варыянт, які слушна было б назваць каланіяльным. Тлумачу: людзі ідуць не ад беларускага напісання і гучання слова, а падладжваюцца пад вымогі польскае, расійскае і англійскае моваў, і, напрыклад, нашае h у іх спрэс замяняецца літараю g. Мала таго што не пішуць як належала б, Hrodna, дык, выдыгаючыся перад заходнімі і ўсходнімі «вялікімі» суседзямі, пішуць Grodno, Mogilev і да таго падобнае. У кнігах, пра якія тут гаворка, дадаецца яшчэ літоўская інтэрпрэтацыя нашае мовы. Вядома, што ў літоўскай мове няма гука [х] (яго замяняе гук [к]). Таму Вялікія Жухавічы ў гэтым выданні даюцца кірыліцаю як Вялікія Жуковічы. Не без літоўскага ўплыву Сянно лацінкаю пададзена як Sena, што значыць Старыя.

Не раз, едучы ў Магілёў, я любаваўся тым, што засталося ад касцёла ў Княжыцах. У гэтым выданні я знайшоў нарэшце кароценькія звесткі пра святыню, але засмуціла тое, што вёска названа Княжычамі. Ведама, сын князя — княжыч, але вёска ўсё¬такі Княжыцы.

Што зусім выклікае неразуменне, дык гэта тое, што мапа сучаснай Беларусі пададзеная чамусьці на расійскай мове.

Думаю, што за моўныя недахопы і за гэтую мапу нароўні з аўтаркай трэба ўпікнуць і беларускіх кансультантаў абедзвюх кніг: прафесара Беларускага дзяржаўнага педагагічнага інстытута Анатоля Федарука ды Валянціна Стэха (Вільня). Праўда, першы з іх, калі верыць Беларускай Энцыклапедыі, — біёлаг, батанік. І хоць ён вывучае таксама старыя сядзібы, усё ж тое, што ён узяўся кансультаваць такога кшталту выданне, цалкам ляжыць на ягоным сумленні. Што да спадара Стэха, дык папросту не ведаю ягонай спецыяльнасці.

Што спадчына, а што не?

Як вядома, Вялікае Княства Літоўскае скончыла сваё існаванне ў 1795 г., а калі кіравацца пастановамі Вялікага Сойму, дык у 1791 г. І зусім натуральна было б убачыць у разгляданых кнігах фотаздымкі твораў дойлідства гэтае і трохі пазнейшае пары.

Прыкладам, царква ў Масалянах (Бераставіцкі раён) паўстала ў 1796 г. Ведама ж, будаваць яе пачалі на год ці больш раней. Але вось касцёл у Каменцы (Акмяне па¬літоўску, Шчучынскі раён). Вядома, што гэта мураваная святыня ўзведзеная толькі ў 1908 г. Драўляная капліца ў Лошы (Алуошы) таксама пабудаваная ў пачатку мінулага стагоддзя. Па­мойму, гэтыя будынкі аніяк нельга аднесці да спадчыны Вялікага Княства. Не мае дачынення да спадчыны ВКЛ і касцёл Узвышэння Святога Крыжа ў Астраўцы, бо пабудаваны ён у 1910–1911 гг. Або сінагога ў Іўі ды івейская ж мячэць: сінагога будавалася і дабудоўвалася ў ХІХ — ХХ стст., мячэць — у 1884 і 1922 гг.

Спрэчным ёсць і пытанне, ці трэба лічыць спадчынаю ВКЛ будынкі, рэканструяваныя да непазнавальнасці ў ХІХ і ХХ стст. або пабудаваныя ў тых самых стагоддзях на месцы страчаных будынкаў. Возьмем хоць бы пастаўскі касцёл святога Антона Падуанскага, узведзены ў стылі неаготыкі ў канцы ХІХ — пачатку ХХ стст. Ці была неаготыка ў перыяд ВКЛ? Па­мойму, пытанне рытарычнае.

У мяне ёсць падазрэнне, што Бірута Валёніце і яе мецэнаты (яны названыя) дзвюма кнігамі «Вялікае Літвы» далі своеасаблівы адказ на трохтомную беларускую энцыклапедыю «Вялікае Княства Літоўскае» (два першыя тамы выйшлі ў 2005 і 2006 гг.). Па­мойму, беларускія навукоўцы выглядаюць больш карэктна: яны, прынамсі, стараюцца не прыпісваць Вялікаму Княству таго, чаго ў ім не было.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?