photo.bymedia.net

photo.bymedia.net

Абрамава: Непрыязь Лукашэнкі да мінчукоў, магчыма, звязана з вынікамі выбараў.

У сваім звароце да нацыянальнага сходу і народа Лукашэнка ўпарта называў Мінск «свядомым». У ягоным лексіконе гэтае слова мае абразлівае значэнне. «Свядомымі» лукашэнкаўцы называюць людзей беларускіх па культуры і апазіцыйных па светапоглядзе. Гэтае слова ўвайшло ў лукашэнкаўскую трасянку ў 90-я. Тады некаторыя інтэлектуалы праводзілі розніцу паміж «свядомымі» і «несвядомымі» беларусамі, г.зн. тымі, якія вызнаюць нацыянальныя і дэмакратычныя каштоўнасці, і тымі, для якіх яны не маюць значэння. Лукашэнкаўскім прапагандыстам падалося, што такое азначэнне абражае і тым самым мабілізуе «несвядомых», вось яны яго і запусцілі ў абарот з адваротнымі канатацыямі. Ужываючы гэтае слова, яны таксама спрабавалі гуляць на ўласцівай некаторых групам насельніцтва варожасці да інтэлігенцыі.

Напрыклад, пра цукровую паніку Лукашэнка сказаў: «У свядомым творчым [гэтыя словы ён вымаўляе па-беларуску, здзекліва] Мінску гэта пачалося і тут скончыцца».

Назіральнікі ведаюць, што такія фразы не праскокваюць у Лукашэнкі выпадкова.
Экс-дэпутатка Вольга Абрамава ў інтэрв’ю Еўрарадыё аналізуе: «Двойчы згадваецца, калі ў першым выпадку гэта магло быць выпадковым, то два разы — гэта ўжо кажа пра тэндэнцыю, асабістую непрыязнасць да Мінска, двойчы згаданага ў негатыўным ключы. Магчыма, гэта было звязана з ацэнкай паводзінаў мінчукоў на выбарах».

Як вядома, у Мінску на апошніх выбарах быў шэраг участкаў у розных раёнах горада — як цэнтральных, так і перыферыйных — дзе камісіі дазволілі назіральнікам сачыць за падлікам галасоў. Дык вось, на гэтых участках у сярэднім Лукашэнка набіраў менш за 40%. І гэта з улікам датэрміновага галасавання, у скрынках для якога колькасць галасоў за Лукашэнку зашкальвала.

Пасля выбараў Аляксандр Лукашэнка некалькі разоў загадаў спыніць разбудову сталіцы і абмежаваць далейшы рост яе насельніцтва. Ён прапануе, замест гэтага, стварэнне меншых, а значыць, лягчэй кіраваных гарадоў-спадарожнікаў.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?