Украіна мае намер супрацоўнічаць з Мытным саюзам Беларусі, Казахстана і Расіі, але не плануе ў яго ўступаць,

заявіў міністр замежных спраў Украіны Канстанцін Грышчанка, выступаючы 22 красавіка ва ўкраінскім парламенце.

«Украіна мае намер узаемадзейнічаць з Мытным саюзам па-за рамкамі фармальнага членства ў ім. Мы не знаходзімся ў перамоўным працэсе з Мытным саюзам», — цытуе Грышчанку РІА Новости.

Паводле яго слоў,

Украіна аб’явіла стратэгічны курс на еўраінтэграцыю, часткай якога з’яўляецца стварэнне зоны свабоднага гандлю з ЕС.

Адпаведныя перамовы з Бруселем Кіеў спадзяецца завяршыць да канца 2011 года. Міністр падкрэсліў, што Украіна не збіраецца мяняць гэты курс.

Разам з тым, адзначыў Грышчанка, для Украіны «вельмі важна», каб умовы гандлю з Расіяй, Беларуссю і Казахстанам не пагоршыліся.

Ён заявіў, што Украіна не выключае падпісання пагаднення аб зоне свабоднага гандлю з Мытным саюзам. Пры гэтым міністр дадаў: Кіеў мае права заключаць двухбаковыя пагадненні аб стварэнні такой зоны.

Ён нагадаў, што Украіна вядзе перамовы аб свабодным гандлі з Турцыяй, Ізраілем, Канадай.

Варта адзначыць, што раней кіраўніцтва краіны не выключала ўваходжання Украіны ў Мытны саюз Беларусі, Казахстана і Расіі.

«Гэта магчыма, але ў нас ёсць працэдуры, якія мы павінны прайсці», — заявіў украінскі прэзідэнт Віктар Януковіч у лістападзе 2010 года на сумеснай канферэнцыі з прэзідэнтам РФ Дзмітрыем Мядзведзевым. Януковіч растлумачыў, што гаворка ідзе пра змяненні ў Канстытуцыю Украіны, якія могуць быць унесены па рашэнні парламента або пасля правядзення ўсенароднага рэферэндуму.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?