Былому старшыні Вярхоўнага Савета Беларусі Мечыславу Грыбу забаранілі каментаваць яго выклік у пракуратуру Мінска.

Грыб паведаміў, што 22 красавіка наведаў пракуратуру Мінска. «Я нічога не магу сказаць наконт гэтага. У пракуратуры мне сказалі ўстрымацца ад любых каментарыяў наконт гэтага. Таму я не магу расказаць, пра што ішла размова ў пракуратуры», — зазначыў Грыб.

Ён таксама сказаў, што з яго ўзята падпіска аб невыдаванні матэрыялаў следства.

Як паведамлялася раней, Мечыслаў Грыб быў выкліканы па тэлефоне ў мінскую гарадскую пракуратуру па справе аб выбуху ў метро на 11 гадзін 22 красавіка. «На пытанне, па якой прычыне я выклікаюся, мне адказалі, што „па справе аб выбуху“. Больш нічога не ўдакладнілі», — сказаў Грыб. Ён зазначыў, што «нічога не ўзрываў, з падазронымі па справе аб выбуху незнаёмы».

Грыб выказаў меркаванне, што выклік можа быць звязаны з яго каментарыямі журналістам пра гэты інцыдэнт. «Аднак, наколькі я памятаю, я не дапускаў ніякіх некарэктных выказванняў у адрас следства і ўлады», — зазначыў ён.

Мечыслаў Грыб у 1994 годзе змяніў Станіслава Шушкевіча на пасадзе старшыні Вярхоўнага Савета і да абрання прэзідэнтам Беларусі Аляксандра Лукашэнкі летам таго ж года з’яўляўся кіраўніком краіны. Вясной 1994 года падчас старшынства Грыба ў парламенце была прынята першая Канстытуцыя незалежнай Беларусі, якая дзейнічае цяпер з некаторымі зменамі, што былі ўнесены на рэферэндуме.

Варта зазначыць, што Грыб з’яўляецца першым генерал-лейтэнантам міліцыі ў незалежнай Беларусі. У 1980-я гады быў начальнікам упраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?