24 красавіка і праваслаўныя, і каталікі, і пратэстанты святкуюць Вялікдзень Уваскрасення Хрыстовага. Традыцыйна ў гэты дзень людзі вітаюцца адзін з адным, кажучы: Хрыстос уваскрос! І адказваюць на тое: Сапраўды ўваскрос!

Святары памянялі чорныя шаты на белыя — у гонар дня перамогі над смерцю. Вакол цэркваў ідуць урачыстыя працэсіі.

«Хрыстос уваскрос з мёртвых, Смерцю смерць зваяваў, І тым, што ў магілах, Жыццё дараваў!» — гэты пасхальны гімн спяваюць у цэрквах і касцёлах на Велікодных набажэнствах.

Вялікдзень — найбольшае свята года, дзень, калі разам збіраюцца сем’і, а таксама дзень, перад якім людзі парадкуюць і пасля якога, на Радаўнічныя дні, наведваюць родавыя магілы.

Традыцыя «хрыстасавацца» — вітацца словамі «Хрыстос уваскрос!» — выйшла з закліку, якім апостал Павал падбадзёрваў хрысцiянаў горада Карынфа.

Карані іншых традыцыяў — яек-крашанак, пірага-паскі, супольнага святочнага абеду — хаваюцца ў легендах.

Недзе ў турмах з асаблівым трымценнем сустракаюць Вялікдзень беларускія палітвязні.
Ім таксама хацелася б быць за сямейным святочным сталом. Ім таксама хацелася б ганяцца за сваімі сынамі ці пляменнікамі на пікніках. Ім таксама хацелася б любавацца пралескамі. Хай ім за краты далятуць нашы словы: як Хрыстос уваскрос, так і Беларусь уваскрэсне — свабодная, беларуская Беларусь.
Цяжкі, змрочны гэты Вялікдзень для тых беларусаў, якія былі паранены 11 красавіка, сталі ахвярамі чыёйсьці нянавісці ці д’ябальскага разліку.
Хтосьці страціў нагу, хтосьці — зрок, камусьці зламаны ўсе жыццёвыя планы… А тут — Вялікдзень, а тут вясна. Мы абавязаныя падтрымаць іх. Не абстрактна, не капейкай на рахунак — найперш падтрымаць як суседзяў, калег па працы, сваякоў. Грамадзянская супольнасць — гэта не абстракцыя. Яно складаецца з нашых сем’яў, супольнасцяў, парафій, калектываў, усяго таго, што першаснае, а таму вышэйшае за дзяржаву.
Вялікдзень — свята, якое нагадвае нам пра нашы хрысціянскія прынцыпы.
Хрыстос уваскрос!
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?