Сем чалавек загінулі, восем — атрымалі раненні ў выніку сутыкнення рэйсавага аўтобуса з мікрааўтобусам у Маларыцкім раёне Брэсцкай вобласці.

Як паведаміла начальніца аддзялення агітацыі і прапаганды ДАІ Брэсцкага УУС Наталля Сахарчук, аварыя адбылася 23 красавіка, а 13.20 на скрыжаванні аўтадарог Кобрын — Маларыта і Берасце — Макраны.

Вадзіцель мікрааўтобуса «Фальксваген-Каравела», мінчук 1975 года нараджэння, падчас руху па другараднай дарозе праігнараваў знак «Рух без прыпынку забаронены», выехаў на скрыжаванне і сутыкнуўся з украінскім рэйсавым аўтобусам «Ікарус», які рухаўся па маршруце Ковель — Брэст.
«Ад удару рэйсавы аўтобус развярнула, ён з’ехаў у кювет і перакуліўся на дах. „Фальксваген-Каравела“ праехаў наперад прыкладна пяць метраў і спыніўся на сваёй паласе руху», — расказала прадстаўнік ДАІ.
У выніку аварыі на месцы загінулі вадзіцель «Фальксвагена» і пяць з дзевяці пасажыраў. У ліку загінулых трое дзяцей — хлопчык 2006 года нараджэння і дзяўчынка 2007 года нараджэння, якія жылі ў Мінску, а таксама хлопчык 2009 года нараджэння з Гомельскай вобласці. Загінулі таксама двое дарослых — мужчына 1951 года нараджэння і жанчына 1952 года нараджэння, жыхары Гомельскай вобласці.

З траўмамі рознай ступені цяжкасці ў Брэсцкую абласную бальніцу шпіталізаваны чатыры пасажыры «Фальксвагена». Сярод іх — дзяўчынка 1998 года нараджэння (з Гомельскай вобласці), дзве жанчыны 1975 і 1979 гадоў нараджэння (з Гомельскай вобласці і Мінска), а таксама мужчына 1973 года нараджэння, жыхар Гомельскай вобласці.

У «Ікарусе» ехала сем пасажыраў. Адна з іх, жыхарка Брэста 1947 года нараджэння, загінула на месцы аварыі.
Вадзіцель аўтобуса, жыхар Ковеля 1985 года нараджэння, і тры пасажыры (жыхарка Камянецкага раёна 1986 года нараджэння, жанчына 1950 года нараджэння з Луцка і мужчына 1957 года нараджэння з Камянца-Падольскага) шпіталізаваны з траўмамі. Астатнія тры пасажыры рэйсавага аўтобуса не пацярпелі.

Па факце аварыі распачата справа на падставе ч. 3 арт. 317 КК (парушэнне правілаў дарожнага руху ці эксплуатацыі транспартных сродкаў).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?