Міністэрства спорту і турызму накіравала афіцыйны запыт у Нацыянальны банк Беларусі аб прагнозе развіцця сітуацыі на валютным рынку. Пра гэта паведаміў дырэктар дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Вадзім Кармазін 25 красавіка на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Паводле яго слоў, адказу на запыт пакуль не атрымана. Пры гэтым кіраўнік дэпартамента па турызме Мінспорту заявіў, што пакуль не можа каментаваць сітуацыю на валютным рынку: «гэта прэрагатыва Нацбанка».

«Турпрадпрыемствы выкручваюцца як могуць, шукаюць валюту», — ацаніў Кармазін працу турфірм у цяперашніх умовах. Паводле яго інфармацыі, больш за дзесяць турпрадпрыемстваў маюць ліцэнзію Нацбанка на прыём замежнай валюты, яны працуюць за валюту. Астатнія самастойна вызначаюць той ці іншы курс долара і рэалізуюць пуцёўкі.

Як адзначыла генеральны дырэктар турысцка-экскурсійнага прыватнага ўнітарнага прадпрыемства «Мінсктурыст» Марына Масташова,

найбуйнейшыя тураператары ўстанаўліваюць курс долара роўны прыкладна 5 тысячам беларускіх рублёў.
«А кліент вольны купляць пуцёўку за рублі па такім курсе ці чакаць, пакуль курс стабілізуецца і ўпадзе», — сказала яна.

Намеснік дырэктара па турызме кампаніі AirBelService Аляксандр Бурдэйка адзначыў, што турфірмы разлічваюць у вырашэнні праблемы з дэфіцытам валюты на падтрымку Мінспорту і Нацбанка. Паводле яго слоў, кампанія AirBelService настойліва рэкамендуе турыстам аплачваць паслугі ў замежнай валюце. У гэтым выпадку кампанія гарантуе турыстам, што ніякіх праблем з браніраваннем пуцёвак не будзе. Тыя грамадзяне, якія не маюць магчымасці купіць замежную валюту, могуць набыць пуцёўку за беларускія рублі па курсе каля 5 тысяч беларускіх рублёў за долар.

Дырэктар Рэспубліканскага саюза турыстычных арганізацый Валянцін Цахмейстар адзначыў, што ў такой сітуацыі можа павялічыцца лік жыхароў Беларусі, якія аддадуць перавагу адпачынку ў краіне. Ён спадзяецца, што найбліжэйшым часам сітуацыя на валютным рынку стабілізуецца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?