26.04.2011 / 16:12

Логіка паліцэйшчыны 5

Пасля выбуху ў мінскім метро затыкаць раты медыям ды журналістам сталі зусім ужо бесцырымонна. Піша Аляксандр Класкоўкі.

Пасля выбуху ў мінскім метро затыкаць раты медыям ды журналістам сталі зусім ужо бесцырымонна. Вось і ваш пакорлівы слуга патрапіў пад капітальную раздачу за непрыемныя для ўлады каментары ў звязку з трагедыяй 11 красавіка.

Гаворка ідзе найперш пра артыкул «Беларусь: узарваны міф», апублікаваны ў інтэрнет-газеце Naviny.by. Зрэшты, мяркую, што «мочаць», так бы мовіць, па сукупнасці, бо каментаваў звязаную з выбухам праблематыку для розных медый, і зусім не кампліментарна для кіроўнай вярхоўкі, як у пагонах, так і без.

У прыватнасці, адна з ключавых высноў была такая:

«Слаўныя органы хвацка лупцуюць дручкамі іншадумцаў, але, як бачым, раз-пораз аказваюцца бяссільнымі ў сваім асноўным, па ідэі, амплуа — гарантаваць бяспеку грамадзян».

У адказ дзяржаўная прапагандысцкая машына ўлупіла з усіх гармат: маўляў, хто дазволіў замахвацца на доблесныя органы! Гэта ж у нас святарная карова, праўда?

Аўтар аглабельнай публікацыі, растыражаванай шэрагам цэнтральных ды рэгіянальных дзяржаўных перыёдыкаў, напавал б’е рытарычным, як яму падаецца, пытаннем:

«Адкуль спадар Класкоўскі, ні дня не насіўшы міліцэйскі мундзір, можа быць паінфармаваны пра стан спраў у МУС? Абапіраючыся на якія звесткі ён робіць выснову, што „праваахоўныя структуры ў Беларусі разрасліся, разбыліся на шчодрых казённых фінансах“?».

Пра мундзір — гэта, як моладзь кажа, «жэсць». Згадваецца анекдот пра салдафона: калі гэтыя цывільныя такія разумнікі, дык чаму яны шыхтом не ходзяць? Паводле такой логікі, пра знікненне валюты, напрыклад, маюць права разважаць толькі банкіры. Мне ж падаецца: каб меркаваць, што кілбаса пратухла, не абавязкова быць кілбаснікам.

Ну і тым болей дзіўна, калі ў праве пісаць на тыя ці іншыя тэмы адмаўляюць прафесійнаму журналісту з 33-гадовым стажам.

Увогуле ж, да ведама аўтара аглабельнай публікацыі, свабода меркаванняў ды іх выказвання гарантуецца кожнаму — насіў ён мундзір ці не — Канстытуцыяй Беларусі. А вось называць кагосьці злачынцам да суда Асноўны закон акурат не дазваляе. Гэта варта зарубіць на носе таму ж аўтару ды рэдактарам выданняў, якія дружна перадрукавалі пасквіль, прысвечаны, бадай, не столькі мне, колькі майму сыну, што трапіў у вязніцу КДБ па справе аб «масавых беспарадках».

І яшчэ адна аксіёма, мусіць, невядомая абаронцам гонару мундзіра. Усе чыноўнікі ды ведамствы мусяць быць падсправаздачнымі грамадзянам. І гэта кепска, калі стан спраў у той ці іншай структуры, у тым ліку сілавой — таямніца за сямю пячаткамі. Чым ганарыцеся?

Так, айчынныя чыноўнікі са скуры вылузваюцца, каб нязручная для іх інфармацыя не праточвалася на шырокую публіку. Але ж тое-сёе можна яшчэ знайсці ў адкрытым доступе. Дык вось, згодна з законам аб рэспубліканскім бюджэце на 2011 год, на органы ўнутраных спраў выдаткоўваецца 1 710 925 718,0 тысячы рублёў, на органы дзяржбяспекі — 292 791 305,7 тысячы рублёў. Для параўнання: на агульную сярэднюю адукацыю — толькі 67 496 303,2 тысячы рублёў. Ноў комэнт.

Далей. Адмыслоўцы Інстытута праблем правапрымянення пры Еўрапейскім універсітэце ў Санкт-Пецярбургу правялі даследаванне ў пытаннях колькасці ды фінансавання праваахоўных органаў у шэрагу краін СНД і Усходняй Еўропы.

Ды вось, па колькасці сілавікоў (без уліку войска) на 100 тысяч жыхароў сінявокая рэспубліка ўсіх пераплюнула — 1 442.

Параўнайце: у Расіі — 976, Казахстане — 713, Малдове — 388, Польшчы — 328.

Удумайцеся: у нашай краіне, дзе меней за 9,5 мільёна жыхароў, — прыкладна столькі ж сілавікоў, колькі ў 38-мільённай Польшчы! Дык ці варта дзівіцца, што Беларусь атрымала ярлык паліцэйскай дзяржавы? Зрэшты, гэты тэрмін мае на ўвазе не толькі разадзьмутыя штаты сілавых структур, але і іх заточанасць пад палітычныя рэпрэсіі, здушэнне пратэстаў супраць недэмакратычнай сістэмы, якая фактычна выпусташыла выбары, заблакавала змену кіроўных эліт.

Пры гэтым я перакананы: у нашых сілавых структурах шмат сумленных прафесіяналаў. І не думаю, што гэтыя людзі ў захапленні, калі ім накідаюць функцыі палітычнага здушэння, у той час як конь не валяўся ў пытаннях сапраўднай бяспекі грамадзян.

Дарэчы, я ў сваіх публікацыях вёў гаворку не толькі пра міліцыю, але і пра спецслужбы. Іх у Беларусі багата, і менавіта іх амплуа — гуляць на апярэджанне, разгадваючы планы тэрарыстаў. У нас жа, як вынікае з афіцыйнай трактоўкі, некалькі маладзёнаў-дылетантаў шэсць гадоў пакідалі з носам процьму крутых профі.

Так што цяжка падзяліць бравурны тон аўтара аглабельнай публікацыі, каторы, даючы адлуп вашаму пакорліваму слугу, з пафасам заяўляе, што «свой прафесіяналізм праваахоўныя органы даказалі 13 красавіка, меней чым за суткі пасля тэракту затрымаўшы яго выканаўцаў».

Па-першае, не кажы гоп, пакуль не пераскочыў — яшчэ толькі следства ідзе. Па-другое: затрымалі меркаванага тэрарыста не «меней чым за суткі», а, лічы, цераз шэсць гадоў, калі браць за пункт адліку выбухі ў Віцебску. Пасля якіх быў яшчэ і выбух ля стэлы ў Мінску ў 2008 годзе. І на гадавіну таго тэракту (каторы сілавікі, дарэчы, тоячы шыла ў мяху, «сарамліва» называлі «хуліганствам») не хто іншы, як Аляксандр Лукашэнка даваў дыхту:

«Вінаватыя да цяперашняга часу не ўстаноўлены. Гэта ганьба для праваахоўных органаў!».
Дык вы б лепей з прэзідэнтам паспрачаліся, а не са мной!

Столькі гадоў сілавікі хваліліся: мы усіх гэтых дэструктыўных элементаў як аблупленых ведаем, яны ў нас пад каўпаком! Хапалі, трэслі апазіцыю пасля кожнага выбуху. А ў выніку бамбістамі (калі знайшлі сапраўды тых) аказаліся тыповыя прадстаўнікі электарату ўлады, адзін нібыта нават сябар БРСМ. Дык ці тых трэслі? Ці пад тыя задачы заточаны органы?

Во над якімі пытаннямі варта чухаць рэпу на добры лад! А не рэагаваць на журналісцкія выступы аглабельнымі адлупамі па прынцыпе «сам дурань».

0
логiка / Адказаць
26.04.2011 / 16:33
Пасля выбуху ў мінскім метро затыкаць раты медыям ды журналістам сталі зусім ужо бесцырымонна. - Затое стала зусiм панятна, хто быў зацiкаўлены ў гэтым выбуху..
0
Коровьев (бывший регент) / Адказаць
26.04.2011 / 17:12
Протухла кiлбаса!!! У них всё П-Р-О-Т-У-Х-Л-О!!! Пах такой из ТУАЛЕТИЩА!!! Уф-ф - фу.....
0
Мікалай / Адказаць
26.04.2011 / 19:11
Згодзен цалкам з вамі, як звычайна, пан Класкоўскі.
Паказаць усе каментары/ 5 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру