27 красавіка пачаліся адразу два палітычныя працэсы. У першым з іх, а 10-й гадзіне пачалі судзіць кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, а таксама яшчэ чатырох шараговых удзельнікаў акцыі: Іллю Васілевіча, Алега Гнедчыка, Фёдара Мірзаянава і Уладзіміра Яроменка.

Вось як падсумоўвае першы дзень працэсу агенцтва БелаПАН: «Усведамляю, што справа мае ярка выражаную палітычную афарбоўку. Нягледзячы на гэта, заклікаю высокі суд і іншых удзельнікаў працэсу дзейнічаць у адпаведнасці з законам», — заявіў Саннікаў.

Ён пацвердзіў, што заклікаў людзей прыйсці на плошчу, і заявіў, што з іншымі кандыдатамі ў прэзідэнты свае дзеянні ў гэтым пытанні не каардынаваў.

Як растлумачыў Саннікаў, рашэнне пайсці да Дома ўрада было прынята, таму што на Кастрычніцкай плошчы было мала месца. Таксама, паводле слоў палітыка, з`явілася інфармацыя, што ў Палацы прафсаюзаў [на Кастрычніцкай плошчы] знаходзіцца спецназ і хутка пачнецца разгон.

Апрача таго, паведаміў Саннікаў, да таго моманту ўжо з`явілася ідэя правядзення перамоў з уладамі, таму сумесна з іншымі кандыдатамі было прынята рашэнне ісці да Дома ўрада.

Саннікаў звярнуў увагу на тое, што з боку праваахоўных органаў да дэманстрантаў не прагучала заклікаў разысціся.

Паводле слоў палітыка, ён разлічваў на тое, што ва ўрадзе знойдуцца смелыя людзі, якія прызнаюць наяўнасць крызіснай сітуацыі ў краіне і будуць гатовыя сумесна працаваць над яе пераадоленнем. Але такіх не знайшлося, канстатаваў Саннікаў.

Замест гэтага, паводле яго слоў, сталі біць шкло. «Я адразу сказаў тым, хто стаяў побач, што гэта правакацыя. Рымашэўскі абвясціў пра гэта ў мегафон», — сказаў падсудны.

Паводле яго слоў, з боку Дома ўрада нехта падышоў і сказаў, што сілавікі гатовыя да перамоў. «Стварылі калідор, па якім мы з жонкай прайшлі да Дома ўрада. Але на перамовы ніхто не выйшаў. Мы пачакалі, пайшлі назад да помніка, дзе ўжо пачалося рассячэнне», — паведаміў Саннікаў.

Калі Саннікаў расказваў, як яго збівалі, маці палітыка, што прысутнічала ў зале суда, расплакалася.

Палітык заявіў, што не заклікаў да беспарадкаў. «Не было нічога такога, пра што гаворыцца ў абвінавачанні», — падкрэсліў Саннікаў.

Ён таксама паведаміў, што пасля разгону акцыі шукаў шапку жонкі, якую тая згубіла, і не бачыў на плошчы ўсіх тых прадметаў, якія з’явіліся ў крымінальнай справе. «Калі б там была арматура, сякеры і гэтай далей, заўважыў бы», — сказаў Саннікаў.

17:51

Суд працягнецца заўтра, а 10:00.

17:17

Сярод іншага, знойдзены на Плошчы пакет солі і марлевая павязка. Напэўна, гэта таксама доказы масавых беспарадкаў.

16:59

Суддзя прапануе змяненне хады следства. Замест допыту сведкаў зараз будзе азнаямленне з пісьмовымі матэрыяламі справы.

16:41

Саннікава дапыталі. У судзе абвешчаны перапынак на 10 хвілін.

16:32

«Абсалютная лухта — ніякіх масавых беспарадкаў я не арганізоўваў. Я заўсёды казаў, што мы будзем выконваць Канстытуцыю».

Саннікаў кажа, што існуе традыцыя, калі ў дзень выбараў людзі збіраюцца на мірную акцыю, каб сказаць, што краіне патрэбныя змены».

16:24

«На Акрэсціна мне сказалі, што траўма сур’ёзная, і мяне адвязуць у бальніцу. Замест гэтага завезлі ў Амерыканку.

На Плошчы былі беларускія бел-чырвона-белыя сцягі, еўрапейскія, але ніякіх ледарубаў не было. Гэта было абсалютна мірнае шэсце людзей, якія ішлі з надзеяй на лепшае».

16:17

«Я хутка атрымаў удар нечым цяжкім па назе, а таксама па галаве. Відаць, на нейкі час страціў прытомнасць. Ведаю, што жонка і мой кіроўца закрывалі мяне сабой.

Калі прыйшоў у сябе, то ўстаў толькі пры дапамозе Леаніда Навіцкага і сваёй жонкі. Яны мне сказалі, што трэба ехаць у бальніцу. Знаёмы журналіст прапанаваў падвезці. Мы селі да яго ў машыну і паехалі ў шпіталь. На плошчы Перамогі нас падрэзала машына ДАІ. Я спрабаваў давесці, што траўмаваны. Але мяне вырвалі з машыны, нанеслі некалькі ўдараў ботамі, паклалі ў снег. Нас пасадзілі ў розныя машыны і адвезлі ў ізалятар на Акрэсціна».

16:14

Саннікаў кажа, што сказаў спецназаўцам, каб яны клікалі начальства, ён гатовы да перамоваў, але ніхто не прыйшоў.

Калі кандыдат у прэзідэнты зайшоў на ганак, то шкло ўжо было пабітае. «Калі я адышоў да помніка Леніна, то ўжо пачалося рассячэнне».

16:09

«Важны быў сам факт перамоваў. Я разлічваў, што знойдуцца ва ўрадзе смелыя людзі, якія прызнаюць наяўнасць крызісу.

Я пачуў звон шкла ля Дома ўрада, пайшоў паглядзець, што там адбываецца. Нічога толкам не пабачыў. Сказаў, што гэта правакацыя. Сказаў, што яе трэба спыніць. Гэта ж сказаў Рымашэўскі. У гэты час пайшоў першы ланцужок спецназа».

16:05

«Я прыйшоў на плошчу Незалежнасці троху пазней, чым астатнія кандыдаты. Я пабачыў, што некалькі кандыдатаў стаяць ля касцёла, я падышоў да іх. Разам мы рушылі ўбок помніка Леніна. Я не заклікаў людзей ісці па праезнай частцы. Мы паўтаралі, што хочам перамоваў. За гэта прагаласавалі тысячы людзей на Кастрычніцкай плошчы».

16:00

«Рух адбываўся па праезнай частцы. Не было зваротаў ДПС спыніць рух на праезнай частцы. ДАІшнікі стаялі па цэнтру дарогі, мітынгоўцы іх проста абышлі. Я разам з жонкай падышоў да іх, каб сказаць, што трэба падтрымліваць парадак. Я рухаўся ў цэнтры калоны. Заклікаў разысціся не было. Я ведаў, што акцыя несанкцыянаваная».

15:55

Кандыдат у прэзідэнты кажа, што прыбыў на Плошчу разам з жонкай і сябрамі. Прызнае, што на Кастрычніцкай звяртаўся да людзей. «Калі прынялі рашэнне перасоўвацца ў бок плошчы Незалежнасці. На Кастрычніцкай плошчы было некалькі дзясяткаў тысяч чалавек, але не быў закрыты каток, гучна грала музыка. Кандыдаты не маглі звярнуцца да людзей, каб іх пачулі. Нехта паведаміў, што ў Палацы прафсаюзаў знаходзяцца амапаўцы і вось-вось яны пачнуць разгон. Паколькі імавернасць такога была вялікай, то мы вырашылі пайсці».

15:50

Пракурор пытаецца, ці заклікаў Саннікаў прыходзіць людзей 19 снежня на Плошчу. Саннікаў кажа, што так, у тым ліку ў СМІ, і сустрэчах з выбарцамі.

«З іншымі кандыдатамі я свае дзеянні не каардынаваў, хоць і ведаў, што яны таксама заклікалі на Плошчу. Ніякага сумеснага планавання Плошчы не было. Указанняў прыходзіць я не даваў».

15:46

Паказанні пачаў даваць Саннікаў. Ён заклікаў суддзю дзейнічаць паводле закона. Кажа, што справа мае відавочную палітычную афарбоўку.

15:16

Па ацэнках Мірзаянава, на Плошчы было 30 тысяч чалавек. Прыкладна такую самую лічбу называюць і іншыя абвінавачаныя.

15:11

Мірзаянаў таксама заяўляе пра ціск. 25 студзеня начальнік следчага ўпраўлення Казакевіч прапанаваў Мірзаянаву сказаць, што кандыдаты давалі грошы яму за ўдзел, тады ён будзе праходзіць як сведка. Кажа, што часткова прызнаў віну, бо яго абяцалі выпусціць з Валадаркі ў выпадку прызнання.

15:05

Мірзаянаў кажа, што спрабаваў не прапусціць правакатараў на ганак Дома ўрада, ён стаяў у шэрагу людзей.

Калі першы раз падышоў спецназ, то Мірзаянава адкінула да ганка Дома ўрада. Хлопец таксама гаворыць, што спрабаваў прыбраць шкло, каб не дапусціць ранення людзей. Асабіста ён не наносіў удары.

14:56

Паказанні дае Фёдар Мірзаянаў. Ён вучыўся ў БДЭУ. Мірзаянаў быў сябрам БРСМ. Кажа, што прыехаў на Плошчу па закліку Яраслава Раманчука, які пачуў па БТ.

14:40

Гнедчык гаворыць, што ніякіх заклікаў ад кандыдатаў штурмаваць Дом урада не было. Ён не бачыў супрацоўнікаў праваахоўных органаў на ганку Дома ўрада. Затое бачыў ледаруб у руках некага з удзельнікаў, а таксама адну палку.

14:16

Гнедчык гаворыць, што бачыў Парфянкова. Кажа, што Рымашэўскі заклікаў не дапускаць правакацый.

Гнедчык кажа, што нанёс прыкладна штуршкоў і ўдараў каля 15.

14:03

Працэс аднавіўся пасля перапынку. Пачынаецца допыт Алега Гнедчыка. Ён працаваў у будаўнічай фірме. Падчас выбараў быў у ініцыятыўнай групе Уладзіміра Някляева.

13:05

Абвешчаны перапынак да 14:00

12:37

Васілевіч прызнаўся, што нанёс некалькі ўдараў па шкле Дома ўрада. Кажа, што такім чынам ён спрабаваў перадухіліць магчымую небяспеку. Калі б міліцыя націснула на людзей на ганку Дома ўрада, то маглі б быць траўмы. Менавіта таму Васілевіч біў астаткі шкла.

Васілевіч на Плошчы быў у масцы, бо баяўся адлічэння з каледжа, але гэта яго не выратавала, бо 3 студзеня хлопца адлічылі.

Кажа, што прыйшоў на Плошчу, каб паслухаць кандыдатаў у прэзідэнты. Паказанні не супадаюць з тымі, што хлопец даваў падчас папярэдняга следства. Васілевіч сказаў, што на яго аказваўся псіхалагічны ціск, каб ён даў такія паказанні.

Гаворыць, што супрацоўнікі КДБ і іншых спецслужб пагражалі яму, прасілі абгаварыць кандыдатаў у прэзідэнты, прызнацца ў атрыманні грошай.

Па ацэнках Васілевіча, на Плошчы было 25 тысяч чалавек. Сваёй віны ён не прызнае.

11:55

Пачынаецца допыт абвінавачанага Іллі Васілевіча. Яны жылі разам з сябрам Фёдарам Мірзаянавым. Вучыўся ў Політэхнічным каледжы.

11:52

Яроменак кажа, што цалкам прызнае сваю віну. Ён наносіў удары па дзвярах Дома ўрада. «Магчыма, не да канца разумеў, што рабіў». Гаворыць, што ведаў аб парушэнні заканадаўства.

Яроменак прызнаўся, што меў з сабой фомку, але не данёс яе да Кастрычніцкай плошчы, выкінуў па дарозе. Фомка была ў мэтах бяспекі, калі акцыя не будзе мірнай. Уладзімір раскайваецца ў сваіх учынках.

Тым не менш, ён прызнае, што былі правакацыі. Нехта з ганка Дома ўрада крычаў: «Эй, беларусы, ідзіце сюды». Ён падбег на гэты заклік.

Фёдар Мірзаянаў папытаўся, ці рэкамендавалі супрацоўнікі КДБ Яроменку прызнацца ў здзейсненым. Кажа, што так. У выпадку прызнання, абяцалі адпусціць дадому. Сам Уладзімір марыць працягнуць вучобу ў БДУІР.

11:17

Паказанні дае Яроменак. Ён з Мёраў, студэнт БДУІР. Быў сябрам «Маладога фронту».

11:05

Саннікаў, Васілевіч, Мірзаянаў віну не прызналі цалкам. Мірзаянаў сказаў: «Гэта хлусня». Тым самым сарваў апладысменты залі.

Гнедчык прызнаў абвінавачванне часткова, што ўдзельнічаў у акцыі. Але ў падпалах, узброеным супраціве не прымаў удзелу.

Яроменак прызнаў сваю віную цалкам.

11:06

Пракурор зачытвае афіцыйнае абвінавачванне падсудным. Яно датычыць масавых беспарадкаў — пагромы, падпалы, знішчэнне маёмасці, узброены супраціў, гвалт над асобпй.

Пракурор кажа, што мітынгоўцы былі ўзброеныя запальваючымі сумесямі, сякерамі, ледарубамі, рыдлёўкамі, завостранымі палкамі.

Кажа, што абвінавачаныя прыйшлі на Плошчу пад надуманым повадам фальсіфікацыі выбараў, далучыліся натоўпа.

Іх дзеянні прывялі да шматлікіх траўмаў супрацоўнікаў міліцыі. Пацярпелыя тыя самыя, што на судзе над Мікітам Ліхавідам. А таксама нанесеная матэрыяльная шкода. Зноў фігурае мажжавельнік казацкі.

10:25

У судзе абвешчаны перапынак. Суддзя будзе прымаць рашэнне адносна хадайніцтва абароны Саннікава. У залі суда залепленыя разеткі, каб журналісты не маглі іх выкарыстаць.

10:32

Вязняў абараняюць: Саннікава — Варвашэвіч і Кавалеўская, Яроменка — Мушынскі, Гнедчыка — Іванова, Васілевіча — Белая, Мірзаянава — Галіеў.

10:19

Адвакат Варвашэвіч заяўляе хадайніцтва аб змяненні меры стрымання супраць яго падабароннага Андрэя Саннікава. Ніхто з абвінавачаных не маюць адводу да суддзі.

10.06

Справу разглядае суддзя Наталля Чацвярткова, пракурор Загародскі.

Андрэя Саннікава абараняюць адвакаты Варвашэвіч і Кавалеўская.

Палітвязень Яроменак гаворыць да суда па-беларуску.

10.04

Карэкспандэнт «Нашай Нівы» прысутнічае ў зале суда. Мабільная сувязь ёсць, таму будзе паўнаварты онлайн-рэпартаж. Зала набітая бітма. Прысутнічаюць дыпламаты Еўрасаюза: наш рэпарцёр бачыць паслоў Нямеччыны, Венгрыі, Швецыі.

Прысутнічаюць бацькі абвінавачаных.

Працэс асвятляюць дзясяткі журналістаў: не ўсе з іх прабіліся ў залу.

Андрэя Саннікава судзяць першым сярод экс-кандыдатаў у прэзідэнты.

Андрэя Саннікава судзяць першым сярод экс-кандыдатаў у прэзідэнты.

Разам з Андрэем Саннікавым судзяць чатырох юнакоў.

Разам з Андрэем Саннікавым судзяць чатырох юнакоў.

Фёдар Мірзаянаў.

Фёдар Мірзаянаў.

Ілля Васілевіч.

Ілля Васілевіч.

Алег Гнедчык.

Алег Гнедчык.

Палітвязень Уладзімір Яроменак (злева) гаворыць да суда па-беларуску. Вязні стараюцца пабачыць сваах блізкіх, якіх не бачылі тры месяцы.

Палітвязень Уладзімір Яроменак (злева) гаворыць да суда па-беларуску. Вязні стараюцца пабачыць сваах блізкіх, якіх не бачылі тры месяцы.

Працэс асвятляюць дзясяткі журналістаў: не ўсе з іх прабіліся ў залу.

Працэс асвятляюць дзясяткі журналістаў: не ўсе з іх прабіліся ў залу.

Працэс будзе весці суддзя Партызанскага раёна Наталля Чацвярткова. Раней яна некалькі разоў выносіла прысуды актывістам, але ў буйных палітычных працэсах да гэтага заўважнай не была.

Абсалютна кранальны ліст бацьку напісаў сын Саннікава Данік. «О, мой любы тата! Я так люблю цябе! Хачу, каб ты не вазіўся з тваёй працай. Калі ласка, тата, прыязджай да нас. Я хачу, каб ты прывёз мне што-небудзь смачнае і машынку. З добрым сэрцам, тата. Мы з маёй мамай хочам, каб ты хутчэй прыехаў. Тата, калі ты не зможаш прыехаць, калі ласка, папрасі тых, хто пасылае сувязь, вярнуць нам сувязь. Тата, мы хочам, каб ты зусім да нас прыехаў. З любоўю, Даня.

У мамы прастуда і ёй нельга выходзіць. Таму мы выходзім толькі з цёткай Таняй, бабуляй і дзедам».

Саннікаў будзе першым кандыдатам у прэзідэнты, які дачакаўся свайго суда.
Па прысудзе можна будзе меркаваць, што пагражае астатнім кандыдатам. Актывісты «Еўрапейскай Беларусі» заклікаюць людзей прыходзіць на суд з сінімі стужачкамі колеру Еўропы.
У той самы дзень аб 11-й гадзіне ў Кастрычніцкім судзе пачынаецца разгляд справы ўпартага актывіста апазіцыі Паўла Вінаградава, юнака з Гродна Алеся Кіркевіча, архівіста Змітра Дразда, Андрэя Пратасені і Уладзіміра Хамічэнкі (агент «Навушнік»).

Суддзёй будзе досыць вядомая Ала Булаш. У 2006 годзе яна за закрытымі дзвярыма разглядала крымінальную справу Змітра Дашкевіча. Тады лідара «Маладога фронта» асудзілі на два гады за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.

Найбольшы тэрмін сярод гэтай пяцёркі рызыкуе атрымаць Павел Вінаградаў. Справа ў тым, што хлопца будуць судзіць не толькі за ўдзел у масавых беспарадках, але і за абразу нацыянальных сімвалаў. Пры ператрусе ў Вінаградава канфіскавалі камп’ютар, дзе знайшлі здымкі, як ён спальвае пудзіла Лукашэнкі.

На тым тыдні кароткае спатканне з Паўлам меў ягоны бацька Юры Вінаградаў. Ён кажа, што актывіст абраў сабе мадэль паводзінаў на судзе. «Будзе гаварыць, што ішоў на Плошчу паводле палітычных перакананняў, паводле сумлення».

5 мая пачынаецца суд над лідарамі кампаніі «Гавары праўду» Уладзімірам Някляевым, Аляксандрам Фядутам, Андрэем Дзмітрыевым, Сяргеем Вазняком, а таксама кандыдатам у прэзідэнты Віталем Рымашэўскім і маладафронтаўкай Настай Палажанкай. Іх абвінавачваюць у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак.

Суд пройдзе ў Фрунзенскім раёне сталіцы. Кіраваць на ім будзе Жанна Жукоўская. Яна ўжо трапіла ў спіс невыязных у краіны Еўрасаюза пад 153-м нумарам.

Напярэдадні суда лідар кампаніі «Гавары праўду» Уладзімір Някляеў праз жонку Вольгу перадаў зварот у Мінскі гарадскі суд. Някляеў просіць спыніць супраць яго і іншых удзельнікаў Плошчы крымінальную справу за адсутнасцю склада злачынства. Сваёй віны паэт не прызнае.

Даты судоў над астатнімі ўдзельнікамі Плошчы яшчэ не прызначаныя.

Онлайн-рэпартажы з судоў чытайце сёння на сайце «Нашай Нівы».

***

За «Плошчу» асуджана ўжо восем чалавек: за ўдзел у масавых беспарадках Васіль Парфянкоў прыгавораны да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму; Аляксандр Атрошчанкаў — да чатырох гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму; Мікіта Ліхавід — да трох з паловай гадоў пазбаўлення волі, Дзмітрый Новік і Аляксандр Малчанаў — да трох з паловай і трох гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму адпаведна; грамадзяне РФ Арцём Брэус і Іван Гапонаў — да штрафу ў 300 базавых велічыняў (10,5 млн. рублёў) кожны; Дзмітрый Мядзведзь — да трох гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.

За злоснае хуліганства былі таксама асуджаныя Зміцер Дашкевіч і Эдуард Лобаў — на два і чатыры гады пазбаўлення волі адпаведна. Іх затрымалі 18 снежня, за дзень да прэзідэнцкіх выбараў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?