27 красавіка ў Кастрычніцкім судзе пачаўся разгляд справы ўпартага актывіста апазіцыі Паўла Вінаградава, юнака з Гродна Алеся Кіркевіча, архівіста Змітра Дразда, Андрэя Пратасені і Уладзіміра Хамічэнкі (агент «Навушнік»).

Уладзімір Хамічэнка (злева) вёў сябе на Плошчы вельмі няясна. Вядома, што ён сірата і беспрытульны чалавек.

Уладзімір Хамічэнка (злева) вёў сябе на Плошчы вельмі няясна. Вядома, што ён сірата і беспрытульны чалавек.

Алесь Кіркевіч — усмешка з-за кратаў.

Алесь Кіркевіч — усмешка з-за кратаў.

Павал Вінаградаў — нязломны змагар за свабоду.

Павал Вінаградаў — нязломны змагар за свабоду.

Уладзімір Хамічэнка (злева) вёў сябе на Плошчы вельмі няясна. Вядома, што ён сірата і беспрытульны чалавек.

Уладзімір Хамічэнка (злева) вёў сябе на Плошчы вельмі няясна. Вядома, што ён сірата і беспрытульны чалавек.

Архівіст Зміцер Дрозд выглядае змучаным.

Архівіст Зміцер Дрозд выглядае змучаным.

18.00

Абвешчаны перапынак да 29 красавіка. Працэс адновіцца, а 10.00.

17.10

Пачаўся допыт Алега Гулака, старшыні Беларускага Хельсінскага камітэта. 19.12.2010 прысутнічаў на Кастрычніцкай і плошчы Незалежнасці.

17.09

Адвакат просіць у якасці сведкі дапытаць Алега Гулака. Суддзя задаволіла просьбу.

16.51

Допыт сведкі Язэпа Янушкевіча, літаратуразнаўцы. Сведчыць па-беларуску. Знаёмы са Змітром Драздом. Распавядае пра знаёмства з ім у архіве. высока ацэньвае яго прафесійныя якасці.

Суддзя далучыла да справы рэцэнзію Язэпа Янушкевіча на даведнік Змітра Дразда «Землеўладальнікі Мінскай губерні. 1861–1900».

16.48

Сведка Аляксандр Арцыбашаў дапытаны быць не можа, бо ўчора знаходзіўся ў зале суда падчас працэсу.

16.31

Допыт сведкі Чалядзінскага (?), супрацоўніка ААТ «Ома», знаёмага Андрэя Пратасені, з якім разам былі на Плошчы 19.12.2010. «Пратасеня — добры чалавек, лепшы за мяне».

16.07

Допыт сведкі Пратасені, брата Андрэя Пратасені. Даў згоду сведчыць. 19.12.2010 разам з братам увечары быў на мітынгу на Кастрычніцкай плошчы. А пасля пайшлі на плошчу Незалежнасці. Кажа, што пасля таго, як пачулі гук разбітай шыбы, малодшы брат Андрэй спытаўся ў яго дазволу пайсці паглядзець да ганка Дома ўрада. Ён дазволіў.

Падчас адцяснення мітынгоўцаў Андрэя Пратасеню стукнулі. Кажа, што з братам сышлі з плошчы да асноўнага разгону дэманстрантаў спецназам.

На наступны дзень Андрэй расказваў, што пад ціскам натоўпу некалькі разоў ударыў па шчытах.

16.04

Хамічэнка кажа, што яго затрымалі паміж помнікам Леніну і лесвіцай на ганак Дома ўрада, а 22.30. Адміністрацыйнае правапарушэнне пасля затрымання не прызнаваў, бо «хацеў саскачыць». А цяпер прызнае віну па крымінальнай справе.

15.54

Рыцік кажа, што чуў на Плошчы заклікі разысціся з боку міліцыі праз мегафон.

Калі атрымаў заданне, меў інфармацыю, што на плошчы адбываецца несанкцыянаванае мерапрыемства.

Кажа пра спробы прарваць ачапленне спецназа маладымі людзьмі: нагамі білі ў шчыты, пад ціскам натоўпы ціснулі сваімі целамі на спецназ. Такіх людзей бачыў 7–10 чалавек.

15.46

Хамічэнка, па словах сведкі, крычаў лозунгі, калі яго затрымлівалі. Затрымліваў з калегам Гарбянком. Атрымалі ўказанне затрымліваць людзей каля ўваходу ў Дом урада. «А далей адбываліся затрыманні і на плошчы, не мной».

Суддзя неаднаразова просіць гаварыць яго мацней.

15.40

Бачыў натоўп за помнікам Леніна. Кажа, што людзі крычалі і рухаліся. Бачыў вуды ў руках мітынгоўцаў.

Яго падраздзяленне было без шчытоў. Прыйшлі, каб забяспечыць грамадскі парадак. Адразу яны нікога не затрымлівалі. Пасля змянілі «месца дыслакацыі» і затрымлівалі людзей «за парушэнне грамадскага парадку» — «падрабязнасцей не ведаю».

15.34

Наступны сведка Алег Рыцік(?), міліцыянт. Пазнаў Хамічэнку. Бачыў яго на плошчы Незалежнасці. 19.12 нёс службу. Спачатку быў у рэзерве. Затым высунуліся на плошчу Незалежнасці каля 22-й гадзіны з боку Чырвонага касцёла. Суддзя двойчы робіць заўвагу, каб гаварыў мацней.

15.26

Знаходзіўся на плошчы Незалежнасці ў форме, але без спецыяльнага абмундзіравання. Кажа, што шыбы былі разбітыя, калі ён з’явіўся на плошчы. Кажа, што затрыманні пачаліся дзесьці праз паўгадзіны, як яго падраздзяленне з’явілася на плошчы. Агрэсіўных лозунгаў не чуў, толькі мацюкі.

15.23

Адвакатка ўдакладняя месца затрымання Хамічэнкі. Гарбянок кажа, што на цэнтры плошчы, перад помнікам Леніну.

15.21

На пустой плошчы бачыў раскіданыя вудачкі.

15.18

Гарбянок не можа сказаць, ці пісаў пратакол затрымання Хамічэнкі ці рапарт. Затрымалі Хамічэнку недзе, а 21.00–21.30. Адвакатка ўказвае, што ў пратаколе затрымання пазначана 22.30. Гарбянок не можа сказаць, колькі ён усіх затрымаў асобаў. Маўляў, усё хутка адбывалася.

15.15

Адвакатка пытаецца, за што Гарбянок затрымліваў Хамічэнку. Той кажа, што Хамічэнка выкрыкваў лозункі, «паводзіў сябе незразумела». Затрымліваў яго пасярэдзіне плошчы. У момант затрымання «нічога такога не рабіў». Хадзіў і крычаў: «Жыве Беларусь!» Супраціў Хамічэнка аказваў тым, што не хацеў ісці і мацюкаўся. Гарбянку падалося, што затрыманы быў выпіўшы.

15.11

Кажа, што мітынгоўцы кідаліся на шчыты спецназаўцаў, хапалі іх за шаломы.

Яго падраздзяленню далі задачу затрымліваць людзей, якія стаялі бліжэй да Дома ўрада. Кажа, іх было каля 500 чалавек. Удакладняе, што трэба было затрымліваць найбольш актыўных, хто парушаў грамадскі парадак. Кажа пра мацюкі ў адрас супрацоўнікаў міліцыі. Па яго словах, былі п’яныя сярод дэманстрантаў.

15.09

Стаяў у ачапленні каля Дома ўрада. Спачатку ён быў у роэзерве. Пасля іх выклікалі. Загад паступіў ад вышэйстаявчага кіраўніцтва па радыёсувязі каля 21 гадзіны. Калі прыбылі на плошчу, там ужо быў спецназ. Па яго словах, спецназаўцаў перад цэнтральным уваходам у Дом урада было менш за сто.

15.07

Не бачыў гвалту на плошчы Незалежнасці, пашкоджання маёмасці. Ён і яго калегі не пацярпелі.

15.03

Наступны сведка — Аляксандр Гарбянок, працуе ў Дэпартаменце аховы. Кажа, што ён затрымліваў Хамічэнку 19.12. Пазнаў таго ў твар. Дапамагаў спецназу затрымліваць людзей на плошчы.

15.02

Папрасіў вызваліць яго ад далейшага знаходжання ў судзе. Суддзя задаволіла.

14.59

Кажа, што акрамя ўдару ў нос, яго штурхалі лакцямі ў спіну, па камеры білі, у тым ліку жанчына нейкая біла па камеры і па руках.

14.57

Чуў мацюкі на адрас міліцыі. Мітынгоўцы крычалі: «Ламай!», «Жыве Беларусь!».

14.49

«Не хацеў блізка падыходзіць да АМАПа, каб іх не „смущать“. Калі стаіць супрацоўнік у форме, да яго проста не падыдзеш і не спытаеш, як у яго справы. Людзі ў форме выклікаюць у мяне пачуццё павагі».

Са свайго боку бачыў з дзясятак людзей, якія здзяйснялі супрацьзаконныя дзеянні.

Суддзя гаворыць вельмі ціха. Не карыстаецца мікрафонам, які знахозіцца на стале.

14.45

Не можа дакладна сказаць, колькі часу прайшло з моманту як пачуўся гук пабітай шыбы і з’яўленнем міліцыі. Магчыма, паўгадзіны.

Акрамя супрацоўнікаў ДПФ на плошчы Незалежнасці не можа сказаць, ці бачыў міліцыянтаў у форме, якія б сачылі за грамадскім парадкам.

14.41

Бачыў пустыя бутэлькі на зямлі, бутэлькі з вадкасцю. Сказаў, што «крупнагабарытны» мужчына спрабаваў нанесці яму ўдар.

Не можа адказаць, ці зафіксаваў на камеру хаця б адзін выпадак, калі мітынгоўцы білі міліцыянтаў. Не памятае.

14.40

Бачыў палкі, вудачкі, якімі мітынгоўцы аказвалі супраціў. Таксама адзначае, што білі кулакамі і нагамі. Бачыў вогнетушыцель.

14.33

Кажа, што падчас адціскання дэманстрантаў міліцыяй ім аказваўся супраціў. Калі пачалося «вызваленне плошчы», ён быў на яе цэнтры. Не хацеў падыходзіць да супрацоўнікаў міліцыі.

Выйшаў на праезную частку і пачаў фіксаваць тых, хто пераходзіў у забароненым месцы дарогу. Каля 24.00 быў дастаўлены ў шпіталь МУС.

14.20

Пачаўся допыт сведкі Юрыя Сарокі, эксперта следчага ўпраўлення Мінска. На пасадзе эксперта — з 2006 года.

Вёў «дакументаванне» парушэнняў грамадскага парадку каля «Макдональдса».

Калі людзі пайшлі з Кастрычніцкай, пайшоў за імі. Спыніўся каля гатэля"Мінск».

На плошчы Незалежнасці знаходзіўся ў «незразумелым стане».

Што адбывалася каля дзвярэй Дома ўрада, ён не бачыў.

Кажа, што яго ўдарылі ў пераноссе. Не бачыў хто і чым. Лічыць, што кулаком. На секунду страціў прытомнасць. Прыйшоў у сябе і зразумеў, што стаііць на калене.

14.17

Пасля перапынку аднавіўся працэс.

28 красавіка

12.05. Абвешчаны перапынак на пяць хвілін

12.00. Ніхто з пацярпелых не мае прэтэнзій да абвінавачваных.

11.41. Пацярпелы Перапейка: складвалася ўражанне, што людзьмі была запоўненая ўся плошча. Здавалася, што на нас ідуць усе людзі.

11.35. Перапейка таксама расказвае пра ўдарную групу моцных мужчын у дублёнках. Яны крычалі «Бі ментаў, наперад!», але «ў больш грубай форме». Нават праводзілі пальцам па горлу. «Спыніць іх было немагчыма, але нам удалося», — хваліцца Перапейка.

11.33. Перапейка зваліўся на зямлю, нават не дабегшы да Плошчы — нехта з дэманстрантаў паставіў яму падножку, а другі штурхануў у спіну.

11.31. Чарговы афарызм ад пацярпелых, цяпер ад Перапейкі: «Асабіста я стараюся не сачыць за часам, каб ён пралятаў хутчэй».

11.25. Пацярпелы Зянкевіч зусім страціў цікавасць да суда — на першым шэрагу дастаў свежы нумар «Прэсбола» і пачаў яго чытаць.

11.15. Адкават Кіркевіча спрабуе дазнацца, што пацярпелы Сакач разумее пад словам «націск», і ці адрознівае ён «націск» ад «удараў». «Вы скажыце, што вы разумееце, а я вам скажу «так» ці «не», — прапануе ў адказ Сакач. Колькі чалавек служаць у яго ўзводзе, Сакач ведае, але не скажа.

11.05. Дрозд паспрабаваў задаць пытанне пацярпеламу Сакачу, колькі часу амапавец сядзеў у аўтазаку, перад тым як выйсці на плошчу, але суддзя перабіла яго, заявіўшы, што ён задае наводзячае пытанне.

10.45. Зянкевіч: супраць мяне змагаліся «крэпкія здаровыя мужыкі 35–40 гадоў». Нагадаем, што ўсе абвіначваныя, апроч Дразда, маладзейшыя за 28 гадоў, а Дрозд зусім не стварае выгляд «крэпкага здаровага мужыка». Ягоны рост — каля 165 см.

10.40. Пацярпелы Зянкевіч: «Супраць мяне прымянілі парашковы вагнетушыцель. Пена трапіла на шчыт, на шлем і ў вочы. У хуткай дапамозе атрымаў нейкую таблетку».

10.30. Скараход: «Я меў заданне не выпускаць нікога з гатэля «Мінск».

10.28. З паказанняў пацярпелага Скарахода: «Складвалася ўражанне, што натоўп спецыяльна выставіў наперад моцных мужчын у дублёнках для прарыву».

10.10. Пацярпелы Скараход: «Натоўп складаў дзесяць тысяч чалавек». На плошчы Незалежнасці дэманстранты спрабавалі прарваць ланцуг амапаўцаў, падчас адного такога «набегу» Скарахода выхапілі з ланцуга, вырвалі шчыт, павалілі, сарвалі шлем і сталі біць нагамі па галаве. Амапавец атрымаў чэрапна-мазгавую траўму і чатыры дні былі на бальнічным.

10.05. У зале сядзяць чацвёра пацярпелых — Перапейка, Сакач, Скараход, Зянкевіч (?). Усе тыя, хто ўжо «свяціліся» на ранейшых судах. Яшчэ з дзясятак «пацярпелых» знаходзяцца ў адпачынку, адзін — на бальнічным. Сумнавядомы пацярпелы Давідовіч, які ў свой час збіваў Святлану Завадскую «спецыяльным загадам адкамандзіраваны ў ГУУС Мінгарвыканкама».

10.00. Пачынаецца другі дзень суда. У залу трапілі не ўсе ахвотныя. Адзін з шэрагаў адразу быў заняты «прадстаўнікамі грамадскасці» — невядомымі хлопцамі, якія сядзяць моўчкі. Нягледзячы на некалькі свабодных месцаў, больш у залу нікога не запускаюць.

— 27 красавіка

16.52. Працяг паседжання — заўтра, 28 красавіка, а 10 раніцы.

16.42. Пытанне адвакатаў да пацярпелага аператара Шаўко: якія парушэнні парадку вы бачылі? Той пачынае ўзгадваць — дэманстранты «выкастоўвалі сябе ў якасці тарана», білі шкло, наносілі пашкоджанні дзвярэй.

16.20. Прэтэнзій да абвіначаных Шаўко не мае. Дрозд асабіста просіць прабачэння ў аператара.

«Я стараюся не здымаць людзей бліжэй, чым за метр. Іх гэта раздражняе», — прызнаецца Шаўко.

16.15. З натоўпу на прыступках Дома ўрада Шаўко бачыў Хамічэнку-«навушніка», яшчэ без ледаруба, а пасля яшчэ і Дразда. Некаторыя грамадзяне спрабавалі яго ўдарыць, Дрозд быў сярод іх. «Але не ён быў першым, і не ён быў апошнім», — зазначае Шаўко. Пашкодзілі і другую камеру, але нязначна.

16.10. Да 19 студзеня Шаўко не ведаў нікога з абвінавачаных. У час мітынгу і дэманстрацыі працаваў у складзе «групы дакументавання». «Здымаў агульны план людзей, пасля падышоў бліжэй да сцэны», — узгадвае Шаўко. На Кастрычніцкай яго ніхто не чапаў, а вось на праспекце ў яго выхапілі з рук камеру і разбілі. «У камеры слабыя раменьчыкі, таму выхапіць яе не складае ніякіх праблем», — скардзіцца аператар. Хто разбіў камеру, ён не ведае. Пасля Шаўко атрымаў другую камеру і накіраваўся на плошчу Незалежнасці.

16.07. Заслухоўваюць пацярпелага Шаўко — старэйшага эксперта крыміналістычнага цэнтра ў сталічнай міліцыі. На Плошчы ён быў «аператарам сакрэтнага тэлебачання».

16.05. Голас суддзі ўсё слабее. Разабраць немагчыма ні слова.

15.57. Суддзя Ала Булаш працягвае свае чытанні. Чытае ціха і няўцямна, у выніку частка залы ўжо задрамала.

15.34. Вінаградаў дэманстратыўна адмаўляецца даваць паказанні. Суддзя скардзіцца на ягоны дрэнны почырк і спрабуе зачытаць ранейшыя паказанні. Атрымліваецца вельмі марудна.

15.28. Кіркевіч цалкам адмаўляе сваю віну. Пракурор даводзіць, што Алесь усё ж нанёс адзін удар.

15.11. Заслухоўваюць Алеся Кіркевіча. Ён быў у службе аховы Віталя Рымашэўскага. Мэта яго знаходжання на Плошчы — падтрымка свайго кандыдата.

14.55. «Я не біў супрацоўніка міліцыі. Я закрыў камеру незнаёмаму чалавеку. Я не мог ведаць, што гэта супрацоўнік праваахоўчых органаў, — даказвае Дрозд.

14.47. Дрозд пераходзіць у наступ: «У маім абвіначванні няправільна сфармуляваны матыў. Я сам бачыў недэмакратычнасць выбараў». Звяртаецца з рытарычнымі пытаннямі да пракурора, апелюючы да выказванняў Лукашэнкі, у тым ліку і 2006 года. «Але вы ж не аспрэчваеце тыя выбары?» — раздражнёна ўдакладняе пракурор. «Чаму? Аспрэчваю», — заяўляў Дрозд. Зала ўзрываецца авацыямі.

Суддзя выносіць папярэджанне ўсім прысутным у зале.
Дрозд па пунктах разбірае па пунктах сваё абвіначаванне. Адмятае абвіначванне ў агрэсіўнасці натоўпу: «Калі б у мяне было жаданне прынесці штых-нож, я б прынёс штых-нож, які ў мяне знайшлі дома падчас вобшуку, а не мегафон». «Я далучыўся не да „бесчынствуюшчай талпы“, а да беларускага народа», — заяўляе Дрозд. Пракурор апатычна слухае абвінавачваемага.

14.40. «У мяне ёсць інстынкт самазахоўвання. Мы разумелі, што за дзвярыма стаяць людзі з брандспойтамі, што мы не зможам прарвацца ў будынак», — расказвае Дрозд.

14.35. Заслухваюць паказанні Змітра Дразда. Ён спакойна і ўпэўнена адстойвае сваю пазіцыю, тлумачыць, што свядома прыйшоў на мітынг. Прыйшоў чакаць вынікаў выбараў, як гэта адбываецца ў іншых цывілізаваных краінах. Супрацоўнікаў ДАІ, якія стаялі на праспекце, ніхто не чапаў, іх проста абыйшлі. «Не пацарапалі ніводнай машыны, ішлі акуратна, супрацоўнікі ДАІ дапамагалі людзям, спыняючы рух аўтамабіляў, іншых супрацоўнікаў праваахоўчых органаў не было».

Дрозд ішоў з мегафонам.

14.30. Адказваючы на пытанне суда, Хамічэнка тлумачыць свой п’яны стан. Спачатку выпіў бутэльку піва на Кастрычніцкай. Каля Гума яшчэ ўзяў «маленькую». Агулам выпіў 4 (!) літры піва за вечар.

14.15. Хамічэнка працягвае свой расповед. Колькасць удзельнікаў акцыі ацэньваецца ў тры тысячы чалавек.

Калі АМАП стаў адцясняць мітынгоўшчыкаў, Хамічэнка не стаў штурхацца, а абышоў ланцуг збоку, апынуўшыся зноў каля дзвярэй Дома ўрада. Бачыў на плошчы рыдлёўку і «дарожны кол». Іншай «зброі» ў дэманстрантаў не было.

14.10. Паказанні Хамічэнкі. Ён расказвае, што «проста гуляў» па Кастрычніцкай плошчы з 16.00. Нават не ведаў, што там плануюцца масавыя мерапрымствы — ні за каго, ні супраць каго. Пасля пачатку мітнгу далучыўся да дэманстрантаў, заклікаў разысціся ад міліцыянтаў не чуў. З сабой ніякіх прадметаў не браў

На Плошчы Незалежнасці ён выламаў кавалак зліўной трубы, якая была прымацаваная да нейкай клямкі. Падышоў да дзвярэй, ударыў пару разоў па сталах, якімі прыкрываліся міліцыянты. Шкло было разбітае да яго.

«Не было ніякай думкі прарывацца ў Дом урада», — кажа Хамічэнка. Навошта білі дзверы? «Быў п’яны».

Віну прызнае часткова, не прызнае, што кагосьці біў — «Блін, гэта немагчыма!».

Пачуў ад міліцыянтаў заклік сысці, але «канешне ж, не сыйшоў з поля боя».

Адкуль у яго руках у выніку апынуўся у руках ледаруб, не можа адказаць.

13:10

Перапынак да 14:00

12:10 Паказанні дае Андрэй Пратасеня. Кажа, што свядома прыйшоў на мірную дэманстрацыю на Кастрычніцкую плошчу. Прызнаў, што выкрыкваў лозунгі, кандыдатаў не чуў, бо не было гукаўзмацняльнай апаратуры. Прызнаў, што пару разоў нанёс удары па шчытах рукой. Ніякіх прыладаў у яго не было. Кажа, што паддаўся ўплыву натоўпу. Нікога з тых, хто біў шкло ён не ведаў. Спрабаваў захапіць шчыт. Не было мэты наносіць пашкоджаньні міліцыянтам. Не памятае, як выхапіў шчыт і куды яго падзеў.

Малаткоў, палак. бутэлек ён ні ў кога, хто быў на плошчы, не бачыў. Сам не біў шкла. Кажа, што ўсё адбывалася вельмі хутка. Мэты патрапіць унутр Дома ўраду ў Пратасені не было. Нікога з дэманстрантаў, апроч брата і сваіх сяброў, ён ня ведае.

На яго думку, актыўна дзейнічалі, білі шыбы агулам чалавек дзесяць. Астатнія падтрымлівалі воклічамі, лозунгамі.

12.05.

Пацярпелыя будуць выкліканыя заўтра ў 10.00. Сёння прысутнічае толькі адзін — Шаўко.

Сярод астатніх пацярпелых пераважна тыя, хто праходзіў па справе Брэуса, Гапонава і Мядзведзя.

Зараз ідзе допыт абвінавачваемых

12.00

Усе пяцёра абвінавачваюцца па артыкуле 293 ч.2, Вінаградаў яшчэ і па артыкуле 370 ч.2. Ён гэта часткова прызнае.

Абвіначванні Вінаградава — у 2007 годзе ён спаліў дзяржаўны сцяг, 19 снежня 2010 года ажыццяўляў сілавыя дзеянні, каб трапіць у Дом урада, нанёс 5 удараў нагамі і 16 удараў кулаком, прарываў міліцэйскае ачапленне.

Віна Дразда зводзіцца да 3 удараў мегафонам па шчытах міліцыі і 2 удараў рукамі па вакне. Сваю вну не прызнае.

Кіркевіч нанёс адзін удар рукой па дзвярах і трымаў за плечы іншых дэманстрантаў. Віны не прызнае.

Пратасеня — 15 удараў рукамі, 1 удар па супрацоўніку міліцыі, у дадатак вырываў з рук міліцыянтаў шчыты. Віну прызнае цалкам.

Хамічэнка («навушнік») віну прызнае часткова, пад уздзеяннем алкагольнага ап’янення ўзламваў дзверы, нанёс 5 удараў нагамі і 3 удары плячом. Віну прызнае часткова.

11.40 (паводле Радыё Свабода)

Хадайніцтвы суд не задаволіў. Другое хадайніцтва — даследаваць матэрыялы з камераў відэаназірання ад Кастрычніцкай да плошчы Незалежнасці. Яго суд таксама адхіліў.

11.39

Пасля прадстаўлення абвінавачаных адвакаты выступілі з хадайніцтвамі. Адвакат Дразда Гарбацюк папрасіла запрасіць у якасці сведкі Язэпа Янушкевіча. Адвакат Хамічэнкі Мацкевіч папрасіла выклікаць у суд псіхолягаў, якія праводзілі экспертызу.

11.13

Распачаўся судовы працэс

10.40

У залу запусцілі людзей. Зала невялікая, месцаў на 50. Рэпарцёр «Нашай Нівы» ў залу не ўбіўся. Але фотарэпарцёр паспеў адзняць хлопцаў. У залу прабіліся многія маладафронтаўцы, у прыватнасці, Мікола Дземідзенка. Прысутнічаюць таксама дыпламаты, сваякі.

Каго судзяць?

Дрозд Дзмітры — 1973. Скончыў гістфак БДУ, займаецца навуковай дзейнасцю

Хамічэнка Уладзімір — 1986. — так званы агент «навушнік». Са Слуцка, але прапісаны па іншым адрасе — не па тым, пра які пісала «Савецкая Белоруссія. Судзімы за кражу. Адпушчаны 6 снежня 2010 г., але 24 студзеня 2011 затрыманы за Плошчу. На ўліку ў дыспансеры не стаіць.

Паводзіць сябе не зусім адэкватна. Закрывае вушы, нахіляе галаву, калі ягоны адвакат выступае з хадатайніцтвам. Хадатайніцтва датычыцца псіхіятрычнай экпертызы.
Паводле адваката, праведзенае абследванне патрабуе дадатковага тлумачэння псіхіятрам у зале суда. Суд задаволіў гэтае хадатайніцтва.

Кіркевіч Алесь — 1989. Гродна. Жанаты, несудзімы. Адказвае ў судзе па-беларуску.

Пратасеня Андрэй — 1983. Вышэйшая адукацыя, БДУ ў 2006 годзе. Несудзімы.

Вінаградаў Павал — 1988. Сярэдне-спецыяльная адукацыя. Судзімы ў 2008 г. па справе «14-ці» — за мітынг прадпрымальнікаў — на 2 гады без адпраўлення ў калонію.

* * *

Суддзёй будзе досыць вядомая Ала Булаш. У 2006 годзе яна за закрытымі дзвярыма разглядала крымінальную справу Змітра Дашкевіча. Тады лідара «Маладога фронта» асудзілі на два гады за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.

Найбольшы тэрмін сярод гэтай пяцёркі рызыкуе атрымаць Павел Вінаградаў.
Справа ў тым, што хлопца будуць судзіць не толькі за ўдзел у масавых беспарадках, але і за абразу нацыянальных сімвалаў. Пры ператрусе ў Вінаградава канфіскавалі камп’ютар, дзе знайшлі здымкі, як ён спальвае пудзіла Лукашэнкі.

На тым тыдні кароткае спатканне з Паўлам меў ягоны бацька Юры Вінаградаў. Ён кажа, што актывіст абраў сабе мадэль паводзінаў на судзе. «Будзе гаварыць, што ішоў на Плошчу паводле палітычных перакананняў, паводле сумлення».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?