Нельга прамаўчаць, калі настае векавы юбілей «Нашай Нівы»! Віншую, віншую, віншую!!! Жадаю ўсяго самага найлепшага, хай вашыя вялікія творчыя посьпехі будуць яшчэ большыя, хай вечна выходзіць газэта «Наша Ніва» і жыве Беларусь!

Хачу расказаць, як я прыйшла да «НН». У 1992 г. маёй дачцэ, студэнтцы лінгвістычнага ўнівэрсытэту, выкладчыкі параілі выпісаць «НН», так у нашай сям’і зьявілася гэтая газэта. Мы неяк адразу палюбілі яе, зразумелі, што яна навучыць нас адчуваць сябе беларусамі, спазнаць гісторыю Беларусі, даведацца пра знакамітых беларусаў ва ўсім сьвеце. З таго часу і не разлучаемся з «НН».

А тут яшчэ менавіта ў 1992 г. прыдбала двухтомнік Алега Лойкі, земляка свайго на Слонімшчыне, якога ў гэтым годзе Алесь Пашкевіч з нагоды юбілею назваў доктарам беларускасьці. Бываюць жа такія супадзеньні: «НН» і Алег Лойка – дзьве вялікія крыніцы беларускасьці – у адным годзе зьявіліся ў маёй хаце.

А празь некалькі гадоў у нашу раённую больніцу прыехаў працаваць лекар Алег Серанкоў, сын майго аднакурсьніка, які таксама выпісваў «Нашу Ніву». Зьдзівіла тое, што Алег добра ведаў і любіў размаўляць на беларускай мове, хаця яго маці была рускай нацыі. Я нават аб гэтым артыкул паслала ў «НН» пад назвай «Ня толькі матчына мова, але і бацькава». Мы пасябравалі, як кажуць, сем’ямі, дзякуючы «НН», якую і мы, і Серанковы выпісваем да сёньняшняга дня.

Серанковы жывуць цяпер у Гомелі, і ў іхняй сям’і чацьвёра дзетак – Чэсік, Кацярынка і двайняткі Янінка і Бажэнка. Мінулым летам яны ўсёй сям’ёй прыяжджалі да мяне на госьці ў Крупкі. Вядома ж, бацькі вучаць сваіх дзетак размаўляць на беларускай мове. Калі я іх бачыла, то старэйшы, Чэсік, ужо някепска размаўляе па-беларуску, Кацярынка, ёй тады было два з паловай гады, ужо на пытаньне бацькі «Якое ў нас чароўнае слова?» адказвае: «Чароўнае слова – калі ласка». Маленькія Янінка і Бажэнка, ім было тады па аднаму году і чатыры месяцы, яшчэ толькі пачыналі гаварыць, але я ўпэўнена, што будуць добра ведаць мову нашу.

Сваю ўнучку Таісачку, якой толькі споўнілася 3 гады, таксама вучу размаўляць на беларускай мове і чытаю ёй кніжкі беларускія.

Хачу яшчэ расказаць пра тое, як я правінілася перад мовай нашай беларускай. У 1962 г. паступіла ў менскі мэдыцынскі інстытут, ну, вядома ж толькі па-расейску размаўляла. А тут прыходзіць да студэнтаў-першакурсьнікаў карэспандэнтка «Чырвонай Зьмены» і размаўляе з намі на беларускай мове, дык мы ёй такі «разнос» зрабілі за гэта. А я дык такое сказала, што цяпер нават хочацца празь зямлю праваліцца, калі ўспомню той сказ: «Кому он нужен теперь, этот белорусский язык?» Тады ж я нават ганарылася сабою за гэта.

І толькі праз 30 гадоў я пачала вывучаць беларускую мову (трохі ўжо ведаю), вывучаць гісторыю сваёй Беларусі, таму што ёсьць у нас «Наша Ніва».

Яшчэ раз віншую зь юбілеем і пасылаю найсардэчнейшыя пажаданьні!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?