Сёння ў судзе Партызанскага раёна Мінска пачынаецца суд над Фёдарам Мірзаянавым.

Фёдар Мірзаянаў нарадзіўся 9 снежня 1990 у Баранавічах. Скончыў гімназію, у 2008 годзе паступіў на факультэт мэнэджмэнту Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта па спецыяльнасьці «эканамічная кібернетыка». Пасля падзеяў 19 снежня адбыў адміністратыўны арышт тэрмінам 15 сутак у следчым ізалятары ў Жодзіне. Потым здаў чатыры залікі і тры экзамены. Апошні экзамен павінен быў здаць 25 студзеня, але раніцай яго затрымалі. Фёдару Мірзаянаву было выстаўлена абвінавачанне па арт. 293, ч. 1 і 2 Крымінальнага кодэкса («Масавыя беспарадкі»). Ні ў якіх партыях і рухах не ўдзельнічаў, палітыкай не займаўся.

Адразу ж пасля арышту Фёдара аднагрупнікі правялі сход і звярнуліся з просьбай змяніць Фёдару меру стрымання, вызваліць яго з-пад варты. Студэнты згадалі, як Фёдар арганізоўваў паходы ў Вязынку і Стоўбцы, на радзіму Купалы і Коласа. Як выдатна вучыўся, паказваў сябе на занятках па эканамічных дысцыплінах, марыў завяршыць адукацыю ў «наргасе» і ўсе сілы ўкласці ў развіццё эканомікі Беларусі. Студэнты згадалі і такі ўчынак Фёдара: летась ён падабраў хворае бяздомнае кацяня і вылечыў яго ад лішая, хоць ветэрынары рэкамендавалі кацяня ўсыпіць.

Цяпер Пушысцік стаў улюбёнцам сяброў Фёдара. Яны штотыдзень наведваюць нашую сям’ю, гэта стала ўжо традыцыяй. Іх візіты — вельмі моцная эмацыйная падтрымка для ўсіх нас.

Па сутнасці, пасля снежаньскіх падзеяў 2010 года ў Беларусі атрымаў актыўнае развіццё «цімураўскі рух», калі моладзь добраахвотна бярэ шэфства над людзьмі, чые блізкія знаходзяцца за кратамі. Гэтая падтрымка сапраўды дапамагае…

З лістоў Фёдара на волю: «Ва ўсяго ёсць пачатак і ёсць канец. Вось і прырода гэта цвердзіць ва ўнісон са мной. Сёння — першы вясновы дзень. Сонейка свеціць у маленькім дворыку СІЗА, як на пляжы. Змрочныя дэкарацыі СІЗА я хутка памяняю на свабоду. Можна заплюшчыць вочы, падумаць… За час знаходжання ў СІЗА я навучыўся жыць на адным квадратным метры плошчы, ужывацца з суседзямі, пачуваючы сябе цалкам камфортна, бегчы на месцы на „бегавой дарожцы“ паўгадзіны ў дзень, па-філасофску ставіцца да рэчаіснасці. Я ведаю дакладна, што не змянілася ўва мне: уяўленні пра тое, што адбываецца ў краіне».

Людміла Мірзаянава, маці Фёдара

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?