Беларускі праграміст стварыў сайт, які дазваляе беларусам абыходзіць афіцыйна ўведзеныя жорсткія абмежаванні на гандаль валютай.

На фоне пустых абменных кіёскаў, чутак пра блізкую дэвальвацыю беларускага рубля і валютнага крызісу ў краіне на яго «чорным рынку ў інтэрнэце» рэгіструюцца тысячы жыхароў Беларусі.

Беларускі цэнтральны банк ужо не першы тыдзень робіць больш жорсткімі правілы абмену валюты ў спробах перадухіліць поўнае вычарпанне валютных рэзерваў краіны. У красавіку беларускім банкам дазволілі гандляваць валютай з мясцовымі кампаніямі за межамі 10-працэнтнага валютнага калідора, раней усталяванага цэнтральным банкам для міжбанкаўскіх і пазабіржавых аперацый. Аднак цэнтральны банк сакрэтна адмяніў гэтае рашэнне, замарозіўшы афіцыйны гандаль замежнай валютай пасля таго, як курс нацыянальнай валюты паваліўся і крызіс пашырыўся.

Тры тыдні таму малады праграміст, які называе сябе проста Пецем, увасобіў у жыццё, як яму здаецца, «відавочную ідэю». Літаральна за адны выходныя ён стварыў сайт, які ўжо наведваюць каля 15 000 чалавек у дзень і ў якога ўжо з’явілася не менш за чатыры клоны.

Адрас сайта prokopovi.ch абыгрывае прозвішча кіраўніка цэнтральнага банка Беларусі Пятра Пракаповіча.

Старонка прапануе тое, што не можа прапанаваць цэнтральны банк, — канвертавальнасць беларускага рубля.

Наведнік сайта, жадаючы купіць або прадаць пэўную колькасць даляраў ЗША, праглядае аб’явы, пакінутыя іншымі карыстальнікамі, пакуль не знойдзе чалавека, які хоча прадаць ці купіць аналагічную колькасць, пасля чаго выходзіць з ім на сувязь. Затым яны могуць альбо сустрэцца ў агавораным месцы і памяняць валюту па агавораным курсе, альбо, калі іх трывожыць бяспека, пайсці ў адзін з пустуючых абменных пунктаў.

Каб абменныя пункты не маглі акумуляваць даляры і еўра, урад патрабуе ад іх неадкладна прадаваць па афіцыйным курсе любую валюту, якую яны купляюць у кліентаў, хоць прадаваць свае даляры па афіцыйным курсе практычна ніхто не хоча. Рашэнне: пакупнік дадаткова плаціць прадаўцу розніцу паміж афіцыйным і неафіцыйным курсам.

Пеця, які пагадзіўся адказаць на нашы пытанні праз інтэрнэт, прарэкламаваў свой сайт у Facebook і за некалькі дзён прыцягнуў тысячы наведвальнікаў.

«Шмат хто пакідае водгукі, паведамляючы іншым, колькі валюты і дзе яны памянялі», — расказвае ён.

Сэрвісам могуць карыстацца не толькі прыватныя асобы, але і кампаніі.

«Гэтая ідэя насілася ў паветры, але цяпер мы думаем, як яе манетызаваць, не прыцягваючы да сабе лішняй увагі», — заявіў Пеця.

Беларусы, што ўжо 17 гадоў жывуць пад уладай аўтарытарнага лідаэра Аляксандра Лукашэнкі, добра навучыліся пераадольваць цяжкасці, якія стварае ім іх непрадказальны кіраўнік. Калі цэнтральны банк узмацніў жорсткасць правілаў абмену, людзі пачалі пераводзіць грошы на сваё імя ў суседнюю Расію, дзе потым атрымлівалі іх у расійскіх рублях. Гэта прымусіла беларускую паштовую службу забараніць паштовыя пераводы.

На мясцовых інтэрнэт-аўкцыёнахпа-ранейшаму можна ўбачыць незвычайныя лоты, такія як «дзве 100-даляравыя купюры, патрыманыя», з умовай, што ўгода будзе заключаная пры асабістай сустрэчы. Аднак цяпер для гэтага з’явіўся спецыяльны сайт.

«Я хацеў паказаць прыклад таго, як мы можам справіцца самі, калі ўлады не спраўляюцца»,
 — сцвярджае Пеця.

На сваім сайце ён абяцае ў будучыні пашырыць дзейнасць і адкрыць «аперацыі» з іншымі дэфіцытнымі ў краіне таварамі — бензінам, талонамі на праезд у грамадскім транспарце і грэчкай. Гэта, зразумела жарт. Пакуль што жарт.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?