На працэсе Саннікава і чатырох іншых палітвязняў пачаўся допыт пацярпелых. Першым паказанні даў намеснік камандзіра роты спецназа міліцыі Сяргей Лушчык. У часе разгону ён атрымаў гематому на ягадзіцы.

Як перадае з залы суда карэспандэнт «Нашай Нівы», Лушчык расказаў, што першы раз спецназаўцам ставілася задача адціснуць натоўп ад Дома ўрада, а другі раз — рассекчы натоўп на дзве часткі. Кажа, што ім можна было ўжываць шчыты і гумовыя палкі.

Лушчык кажа, што каманды яму аддаваў Аляксандр Лукомскі, камандзір падраздзялення ПМНС.

Колькі чалавек было ў роце, Лушчык сказаць адмовіўся, бо гэтая інфармацыя «для службовага карыстання».

Сам Лушчык быў сярод тых, хто адганяў людзей ад Дома ўрада. Кажа, што на ганку было чалавек трыццаць. І рэпарцёраў, і тых, хто біў вокны. Кажа, што прыступкі былі слізкія, таму некалькі супрацоўнікаў спецназу з’ехала з ганку.

У мітынгоўцаў былі вуды, дзяржальны ад рыдлёвак, кажа пацярпелы. Імі наносілі ўдары па супрацоўніках міліцыі.

Лушчык сцвярджае, што на яго нехта замахваўся ледарубам. Але ўдар прыпаў чаранком, бо міліцыянт ухіліўся. Другі ўдар, з ягоных словаў, прыйшоўся ў вобласць левай ягадзіцы.

Лушчык, а другой ночы трапіў у шпіталь МУС. Там ён знаходзіўся на стацыянарным лекаванні цягам чатырох дзён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?