Праз праблемы на валютным рынку 600 тысяч работнікаў па ўсёй краіне часова прыпынілі сваю дзейнасць. З такой заявай выступіў старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Беларусі (Белстата), старшыня Рады па развіцці прадпрымальніцтва Уладзімір Зіноўскі.
«Як старшыня Белстата я інфармую вас, што
за апошні час 600 тысяч работнікаў у рэальным сектары эканомікі прыпынілі сваю дзейнасць па ініцыятыве наймальнікаў і кіраўнікоў прадпрыемстваў, таму што адчуваецца недахоп сыравіны для вытворчасці», —заявіў Зіноўскі на канферэнцыі па пытаннях лібералізацыі беларускай эканомікі ў чацвер у Мінску.
Ён растлумачыў, што гэта звязана, у тым ліку, і «з курсавымі пытаннямі».
«Пытанне гэтае, безумоўна, вырашыцца, і даволі хутка, таму што гэта нельга зацягваць», — сказаў кіраўнік Белстата.Ён дадаў, што пытанні курсаўтварэння турбуюць кожнага бізнэсмэна, якія працуюць з імпартнай сыравінай ці пастаўляюць сваю прадукцыю на экспарт.
Па ацэнцы Міністэрства эканомікі, колькасць занятых у эканоміцы ў 2011 годзе павінна была скласці 4,7 мільёна чалавек. 600 тысяч з іх — гэта больш за 12% чалавек.
Заява Зіноўскага можа азначаць, што прамысловае лобі дабіваецца дэвальвацыі, наперакор Лукашэнку. Яны палохаюць яго тым, чаго ён найбольш баіцца — беспрацоўем.
0
0
0
0
0
0