Экс-кандыдат у прэзідэнты ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Яраслаў Раманчук пакляўся старшыні АГП Анатолю Лябедзьку, што не залежыць ад спецслужбаў.

Пра гэта Лябедзька заявіў на прэс-канферэнцыі ў Мінску 29 красавіка.

«У мяне толькі цяпер адбылася сустрэча, на якой я задаў галоўнае пытанне Раманчуку. Яно гучала прыкладна так: «Яраслаў, мы з табой з’елі не адзін пуд солі, і для мяне самым галоўным пытаннем з’яўляецца: якая ступень тваёй залежнасці ад тых людзей і тых структур?» — сказаў Лябедзька.

«Ён мне пакляўся і пабажыўся, што ніякай залежнасці ні па падпісанні нейкіх дакументаў, ні ў выглядзе нейкага кампрамату ў яго ці на яго не існуе», — паведаміў журналістам старшыня АГП.

Лябедзька сказаў, што

адказ Раманчука быў для яго вельмі важны і што ён хоча арыентавацца на лепшае.

Лідар партыі паабяцаў усё жыццё ваяваць з сістэмай, «якая прымушае людзей паказваць свае самыя слабыя якасці». Паводле яго слоў, у Беларусі існуе менавіта такая сістэма. «Чалавек сам па сабе не нараджаецца з цвікоў і не нараджаецца нейкім Рэмба. У чалавека ёсць свае плюсы і мінусы», — адзначыў Лябедзька.

«Я адчуваю, што пасля ўсіх падзей Яраслаў, вядома, адчувае некаторы дыскамфорт», — сказаў старшыня АГП. Разам з тым лідар партыі гатовы зразумець паводзіны палітыка, якому кажуць: калі ты штосьці не зробіш непасрэдна зараз, то мы цябе проста знішчым фізічна.

«Я ведаю, як бы сам сябе ў гэтай сітуацыі паводзіў, але не ведаю, як паводзілі б сябе мае родныя і блізкія», — адзначыў Лябедзька.

Паводле яго слоў, Раманчук увойдзе ў групу АГП, якая працуе над праграмай «па выхадзе Беларусі з эканамічнага крызісу». «Пры распрацоўцы эканамічнай праграмы мы разлічваем на патэнцыял Раманчука, які, на мой погляд, быў, ёсць і будзе чалавекам, што разбіраецца ў эканоміцы, парады і веды якога трэба выкарыстоўваць», — заявіў Лябедзька.

Раніцай 20 снежня мінулага года, пасля прэзідэнцкіх выбараў і жорстка разагнанай акцыі пратэсту ў Мінску, Раманчук зачытаў заяву, у якой гаварылася, што «падчас мітынгу Мікалай Статкевіч, Андрэй Саннікаў і Віталь Рымашэўскі заклікалі і павялі людзей на плошчу Незалежнасці. Там імі ж былі справакаваны беспарадкі і ажыццёўлена спроба захопу будынка Дома ўрада. Пад пагрозай апынуліся жыцці тысячы чалавек». Раманчук заявіў, што асуджае заклікі да дзеянняў, якія парушаюць мірны характар правядзення масавых акцый. «Падзеі ночы 19 снежня паставілі пад пагрозу жыцці людзей. Андрэю Саннікаву, якога падагравала яго жонка Ірына Халіп, вельмі хацелася сарваць кволы дыялог, што зараджаўся паміж Беларуссю і міжнароднай супольнасцю», — сказаў палітык. У той жа дзень яму была арганізавана сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам, на якой Раманчук, паводле яго слоў, папрасіў вызваліць Лябедзьку. 6 красавіка ён быў адпушчаны пад падпіску аб нявыездзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?