Ізноў след спецслужбаў. Асама бен Ладэн жыў у прыгарадзе Ісламабада, заселеным адстаўнікамі пакістанскае разведкі. Менавіта там высачылі яго амерыканцы.

У нядзелю позна ўвечары па ўсходнеамерыканскім часе эфір усіх тэлеканалаў перарваўся паведамленнем пра тое, што неўзабаве чакаецца незапланаваны выступ Барака Абамы па ўсіх нацыянальных каналах. Каментатары здзіваваліся: думалі, Абама скажа пра лёс лівійскага дыктатара. Аднак бліжэй да часу выступу з’явілася інфармацыя: гаворка пра іншага тэрарыста, ворага Амерыкі нумар 1.

У Пакістане байцы амерыканскага спецназа забілі Асаму бен Ладэна. Ягонае цела трапіла ў рукі амерыканцаў. Яны паабяцалі абысціся з ім згодна з ісламскімі звычаямі. Пазней стала вядома, што цела тэрарыста амерыканцы пахавалі ў моры. Дарэчы, арабскія СМІ ў першыя гадзіны пасля з'яўлення навіны аб смерці бен Ладэна паспяшаліся распаўсюдзіць фатаздымак акрываўленага трупа тэрарыста. Пазней выявілася, што гэта была зробленая ў графічным рэдактары фальшыўка.

Барак Абама ў сваім выступе заявіў, што ніхто з амерыканцаў у часе аперацыі не пацярпеў. Абама падкрэсліў, што ЗША не знаходзяцца ў стане вайны з ісламам і што бен Ладэн быў не ісламскім лідэрам, а масавым забойцам.

Як мяркуецца, месца Асамы бен Ладэна ў «Аль Каідзе» зойме егіпцянін Альман Аз-Завахіры. Амерыканскія мпецслужбы на дадзены момант не валодаюць інфармацыяй аб яго месцазнаходжанні.

Бен Ладэн спланаваў і аплаціў самыя крывавыя тэрарыстычныя напады ў гісторыі свету, у тым ліку напад на ЗША 11 верасня 2001 года. Абама ў часе свайго выступу адзначыў, што байцам было заданне па магчымасці ўзяць тэрарыста жыўцом. Аднак ён аказаў супраціў і таму быў забіты.

«У свой час бен Ладэна не ўдалося схапіць, і ён збег у Пакістан. Я загадаў дырэктару ЦРУ зрабіць яго злоў галоўнай задачай», — сказаў Абама. Дырэктар ЦРУ Леон Панэта акурат мае быць прызначаны на новую пасаду — міністра абароны.

«Тыдзень таму мы атрымалі дадзеныя выведкі пра знаходжанне Усамы бен Ладэна ў Пакістане. Суткі таму я палічыў, што маю дастаткова інфармацыі для правядзення аперацыі, якая і была выкананая невялікай групай амерыканцаў. Бэн Ладэн быў забіты пасля перастрэлкі. Ніхто з амерыканцаў не пацярпеў», — адзначыў прэзідэнт ЗША.

«З самага пачатку я, як і прэзідэнт Буш у свой час, даў ясна зразумець, што нашы дзеянні ў рэгіёне не з’яўляюцца вайной супраць ісламу», — падкрэсліў прэзідэнт ЗША. «Сённяшнія падзеі паказваюць, што амерыканцы здольныя выканаць любую задачу, якую паставяць перад сабой», — горда сказаў Абама.

Ён таксама падзякаваў ўладам Пакістану за дапамогу ў ліквідацыі бен Ладэна. «Правасуддзе здзейснілася», — падкрэсліў прэзідэнт ЗША.

Станоўча паставіліся да навіны аб ліквідацыі Асамы бен Ладэна ў Крамлі. «Расія адной з першых сутыкнулася з небяспекамі, якія нясе глабальны тэрарызм і, на жаль, не па чутках ведае, што такое «Аль-Каіда», — зазначылі ў прэс-службе прэзідэнта Расіі.

«Адплата непазбежна знойдзе ўсіх тэрарыстаў», — дадалі там, заўважыўшы, што «Расія гатовая да нарошчвання супрацоўніцтва ў барацьбе з тэрорам».

Станоўчыя водгукі на навіну аб ліквідацыі бен Ладэна таксама паступаюць ад сусветнай супольнасці, у тым ліку з Ізраіля і Палестыны.

Дзярждэпартамент ЗША заклікаў амерыканскіх грамадзян да асцярожнасці ва ўсіх рэгіёнах планеты, дзе яны могуць стаць аб’ектамі нападаў у адказ. Вакол Белага дома ў Вашынгтоне сабраліся сотні людзей, яны спяваюць амерыканскі гімн.

***

Асама бэн Ладэн (поўнае імя Асама бэн Мухамад бэн Авад бэн Ладэн) нарадзіўся 10 сакавіка 1957 у Джыдзе або Эр-Рыядзе (Саудаўская Аравія) у багатай сям'і нашчадкаў йеменскіх сялян, якія перабраліся некалі ў Саудаўскую Аравію. Там, у гады нафтавага буму, яны разбагацелі на будаўніцтве будынкаў і дарог. Асама — сямнаццатае дзіця з 52 дзяцей будаўнічага магната Мухамеда бэн Ладэна, у якога было каля 20 жонак. Асама — адзіны сын 10-й жонкі мільярдэра. Ва ўзросце 16 гадоў Асама далучыўся да адной з дзейных у Саудаўскай Аравіі ісламскіх фундаменталісцкіх груповак.

У 1979 годзе бэн Ладэн скончыў факультэт эканомікі і мэнэджмэнту ўніверсітэта імя караля Абдэль Азіза ў Джыдзе. Паведамляюць, што прыкладна ў гэты час ён пачаў кар'еру ў будаўнічым бізнэсе, што не перашкодзіла яму далучыцца да вызваленчага руху Афганскага джыхаду, дзе ён са часам стаў адной з прыкметных постацяў.

У 1989 годзе бэн Ладэн вярнуўся ў сямейны падрадна-будаўнічы бізнэс са штаб-кватэрай у Джыдзе, але яго арганізацыя працягнула дапамагаць апазіцыйнаму руху ў Саудаўскай Аравіі і Йемене. Падчас іракскай агрэсіі супраць Кувейта Асама падрыхтаваў план абароны роднай краіны ад уварвання іракскіх войскаў і нават прапанаваў паслугі сваіх маджахедаў. Аднак у гэты час на дапамогу краінам Заліва прыйшлі ЗША і іх саюзнікі. Бэн Ладэн выступаў з лозунгамі актыўнага процідзеяння амерыканскай «акупацыі» «святой зямлі» — Саудаўскай Аравіі і Ізраіля. Ён таксама абвінаваціў саудаўскіх кіраўнікоў у дапамозе ЗША. Антыўрадавая дзейнасць бэн Ладэна змусіла саудаўскія ўлады выслаць яго ў 1991 годзе з краіны, а ў 1994 годзе ўрад Саудаўскай Аравіі пазбавіў яго грамадзянства. Бэн Ладэн перабраўся ў Судан.

У гэтай краіне ён асталяваўся яшчэ ў 1989 годзе. З дапамогай амерыканскіх адмыслоўцаў ён заснаваў там, паводле непацверджаных дадзеных, падпольную арганізацыю «Аль-Каіда» (арганізацыя-папярэднік — «Мактаб аль-Хідамат» — была заснаваная ім сумесна з Абдулой Аззамам у 1984 годзе для падтрымкі дыверсійных акцый супраць савецкіх войскаў).

У 1991 годзе бэн Ладэн заняўся бізнэсам. Выкарыстоўваючы найноўшую тэхніку і будаўнічыя тэхналогіі, у самыя кароткія тэрміны ён праклаў па пустыні 1200 кіламетраў (чвэрць агульнай працягласці) дарог, забяспечыўшы працай дзясяткі тысяч суданцаў і ўпершыню злучыўшы вёскі і пасёлкі краіны са сталіцай, Хартумам і Порт-Суданам. Акрамя гэтага бізнэсу бэн Ладэн заняўся фармакалогіяй, пабудаваўшы ў Хартуме найбуйнейшы ў Афрыцы фармацэўтычны завод, а пры ім — даследчы цэнтр. Яшчэ адной сферай дзейнасці бэн Ладэна ў Судане стаў гандаль рабамі. Гэты промысел здаўна квітнеў у Судане. Але пасля прыходу да ўлады Нацыянальна-ісламскага фронту ён набыў нябачаныя маштабы.

Пасля заканчэння Афганскай вайны Асама вырашыў працягнуць «газават» ужо супраць ЗША. Ён спансаваў барацьбу самалійскіх баевікоў супраць войскаў ЗША і ААН у 1993.

У спіс 10 самых шуканых тэрарыстаў свету імя Асамы бэн Ладэна трапіла ў сувязі з падазрэннямі аб падрыхтоўцы тэрактаў супраць амерыканскіх амбасадаў у Найробі (Кенія) і ў Дар-эс-Саламе (Танзанія), што адбыліся 7 жніўня 1998 — роўна на восьмую гадавіну з дня размяшчэння амерыканскіх войскаў у Саудаўскай Аравіі ў перыяд вайны ў Персідскім заліве. У выніку тэракту ў Найробі загінула 213 чалавек і каля 5000 чалавек было паранена. У ліку загінулых, паводле розных крыніцаў, было 12 ці 13 амерыканцаў.

У 1996 годзе бэн Ладэн выпусціў фетву, якая прадпісвала мусульманам знішчэнне амерыканскіх вайскоўцаў у Саудаўскай Аравіі і Самалі. У траўні таго ж года Судан выслаў бэн Ладэна, у асноўным у адказ на пагрозу ўвядзення санкцыяў ААН, праз меркаваны ўдзел суданскіх уладаў у замаху на прэзідэнта Егіпта Хосні Мубарака ў 1995 годзе ў Эфіопіі. Праз месяц бэн Ладэн перабраўся ў Афганістан, дзе працягнуў ісламскую экстрэмісцкую дзейнасць. У 1998 годзе ён выдаў другую фетву, якая прадпісвала мусульманам знішчэнне амерыканскіх грамадзянскіх асобаў.

З 1995 года Асама бэн Ладэн быў актыўна залучаны ў чачэнскі канфлікт, пасылаючы агентаў «Аль-Каіды» на Паўночны Каўказ і спансуючы чачэнскіх тэрарыстаў.

Імя Асамы бэн Ладэна, па вялікім рахунку, было мала вядомае да тых часоў, пакуль увагу ўсяго свету да яго не прыцягнула заява ФБР ЗША аб тым, што ён лічыцца галоўным падазраваным у арганізацыі тэрарыстычных актаў 1 верасня 2001 года, падчас якіх тры з чатырох пасажырскіх авіялайнераў, захопленых у паветры, былі накіраваныя на будынкі Сусветнага гандлёвага цэнтра і Пентагона. У выніку абодва хмарачосы, прылеглыя да іх будынкі і адно крыло Пентагона былі разбураныя, загінулі каля трох тысяч чалавек. 27 верасня 2001 ФБР апублікавала фатаграфіі 19 тэрарыстаў, суправадзіўшы іх інфармацыяй аб іх магчымай нацыянальнасці, узросце і магчымых мянушках і псеўданімах.

Расследаванне ФБР нападаў 11 верасня стала самым вялікім расследаваннем за ўсю гісторыю існавання агенцтва, у аперацыю пад кодавай назвай PENTTBOM было ўцягнута больш за сем тысяч супрацоўнікаў.

Бэн Ладэн спачатку аспрэчыў свой удзел у падрыхтоўцы тэракту, але пасля пацвердзіў яго. 16 верасня 2001 бэн Ладэн заявіў аб сваёй недатычнасці да нападаў у трансляцыі катарскага тэлевізійнага канала «Аль-Джазіра», у прыватнасці, ён сказаў: «Я падкрэсліваю, што я не праводзіў гэты акт, які, як уяўляецца, ажыццяўляўся асобнымі асобамі з іх уласнай матывацыяй». Гэтая прамова транслявалася на ўсёй тэрыторыі ЗША, а таксама па ўсім свеце.

Першы відэазапіс з выявай Асамы бэн Ладэна з'явіўся на канале «Аль-Джазіра» толькі 7 кастрычніка. У ім утрымліваюцца ўльтыматыўныя пажаданні ў адрас ЗША і выказана задавальненне ад дзеянняў тэрарыстаў, але аб сваёй датычнасці (або недатычнасці) Асама бэн Ладэн не сказаў ні слова.

У сакавіку 2002 года малодшы брат Асамы шэйх Ахмед сцвярджаў у інтэрв'ю тэлекампаніі CNN, што Асама не мог быць арганізатарам тэрактаў 11 верасня ў ЗША: "Ён — мой брат, я ведаю яго. Я жыў з ім шмат гадоў і ведаю, як ён баіцца Бога ».

Незадоўга да прэзідэнцкіх выбараў 2004 года ў ЗША ў чарговым відэазвароце Асама бэн Ладэн публічна пацвердзіў удзел «Аль-Каіды» ў арганізацыі тэрарыстычных нападаў 2001 года, а таксама заявіў, што меў да гэтага непасрэднае дачыненне. Ён сказаў таксама, што напады былі здзейсненыя, «таму што мы вольны народ, які не прымае несправядлівасці, і мы хочам вярнуць свабоду нашай нацыі».

З часу тэрактаў 11 верасня 2001 аб смерці Асамы бэн Ладэна заяўлялі шэсць разоў. Час ад часу праз СМІ распаўсюджваліся яго звароты да паплечнікаў.

Так, напрыклад, 23 красавіка 2006 у сваім аўдыёзвароце, які быў перададзены праз катарскі тэлеканал «Аль-Джазіра», Асама бэн Ладэн зноў агучыў рашучасць змагацца супраць няверных, «крыжакоў і сіяністаў, якія вядуць вайну супраць мусульман».

У бэн Ладэна было пяць жонак. З 17 яго сыноў толькі двое — Хамза і Саад — маюць дачыненне да «Аль-Каіды». Іх месцазнаходжанне невядомае. Чацвёрты сын, Амар, у 19 гадоў парваў са сваім бацькам і адмовіўся ваяваць у шэрагах "Талібана". Ён заняўся гандлем металаломам у Джыдзе, аднак неаднаразова спрабаваў выступаць перад шырокай аўдыторыяй з мэтай даказаць, што яго бацька — не тэрарыст, а хутчэй абаронца, і сама фармулёўка, якая прымяняецца ў дачыненні да яго, няправільная. Паводле іншай крыніцы, усе дзеці Асамы бэн Ладэна маджахеды.

Постаць бэн Ладэна стала папулярнай у моладзевай поп-культуры: на постарах, майках, значках, календарах і г.д., прычым не толькі ў арабскіх краінах, але і заходніх. У праісламскім і арабскім свеце зусім іншае стаўленне да папулярнасці бэн Ладэна.

У Ісламабадзе можна лёгка купіць футболку, на якой напісана: «Асама Бэн Ладэн — герой планеты».

У прыватнасці, на шматлікіх арабскамоўных форумах людзі ставяць сабе аватары з яго выявай, а таксама гавораць пра яго з непрытоеным захапленнем як пра «Льва ісламу» (арабскае імя Асама азначае “леў”) і абаронцу арабскага насельніцтва Палестыны, дзесяцігоддзямі прыгнятанага рэжымам Ізраіля.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?