Інфармацыя пра месцазнаходжанне лідара «Аль-Каіды» Асамы бэн Ладэна была атрыманая амерыканскімі спецслужбамі ад зняволеных сакрэтных турмаў у Польшчы і Румыніі.
Пра гэта паведамляе агенцтва Associated Press.

Першасныя дадзеныя пра бэн Ладэна былі атрыманыя ў выніку «допытаў з ужываннем жорсткіх метадаў» раней арыштаваных кіраўнікоў «Аль-Каіды» Халіда Шэйха Махамеда і Абу Фарая аль-Лібі. Халід Шэйх Махамед лічыцца датычным да тэракту 11 верасня ў Сусветным гандлёвым цэнтры; аль-Лібі падазраецца ў арганізацыі некалькіх замахаў на ранейшага прэзідэнта Пакістана Первеза Мушарафа.

Цяпер абодва чакаюць суду ў турме Гуантанама. Абодва, верагодна, падвяргаліся «патапленню» падчас допытаў — тэхніцы, якую прэзідэнт Барак Абама і кіраўнік ЦРУ Леон Панета не раз называлі «катаваннем».

Падчас утрымання ў турмах Польшчы і Румыніі з 2003 па 2006 гг. Махамед і аль-Лібі назвалі супрацоўнікам ЦРУ імя даверанай асобы бэн Ладэна — грамадзяніна Кувейта Абу Ахмада, за якім спецслужбы ЗША адразу ж наладзілі сачэнне.

«Адзін з агентаў „Аль-Каіды“ ўвесь час знаходзіўся пад нашым назіраннем», — расказаў афіцыйны прадстаўнік адміністрацыі агенцтву АР.

«Мы лічым яго [агента „Аль-Каіды“] адначасова пратэжэ Махамеда і аль-Лібі», — сказала яшчэ адна крыніца агенцтва.

Яшчэ два чалавекі, раней падазраваныя ў датычнасці да тэрактаў Абу Зубайда і Абд аль-Рахімаль-Нашыры, заяўлялі аб тым, што іх трымалі і катавалі ў польскай турме. Яны атрымалі статус ахвяр у расследаванні па справе аб турмах ЦРУ ў Польшчы, якія існавалі, як сцвярджаецца, аж да 2006 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?