3 мая Ільхам Аліеў прыняў старшыню Камітэта дзяржаўнай бяспекі Беларусі Вадзіма Зайцава, паведаміла прэс-служба прэзідэнта Азербайджана.

Таксама паведамляецца, што Вадзім Зайцаў перадаў кіраўніку азербайджанскай дзяржавы вітанні кіраўніка Беларусі.

«На сустрэчы было падкрэслена, што двухбаковыя адносіны паміж Азербайджанам і Беларуссю паспяхова развіваюцца ў розных галінах, адзначана значэнне супрацоўніцтва паміж адпаведнымі структурамі дзвюх краін, канстатаваная неабходнасць пашырэння сувязяў у сферы бяспекі», — адзначаецца ў паведамленні.

Што засталося «за кадрам»? Адно з найвастрэйшых пытанняў ва ўзаемадачыненнях Мінска і Баку сёння — пастаўкі нафты. 1 мая Мазырскі НПЗ стаў на двухмесячны рамонт, ад чаго пастаўкі азербайджанскай нафты па трубаправодзе «Адэса-Броды» спыніліся. Гэта можа адлюстроўваць праблемы Беларусі з аплатай за нафту.

Але, калі на парадку дня місіі былі нафтавыя пытанні, чаму паехаў кіраўнік спецслужбы? Мо Лукашэнка, пасылаючы Зайцава, разлічваў на сантымент з боку Ільхама Аліева? Бо бацька Ільхама і папярэдні прэзідэнт Азербайджана, Гейдар Аліеў, у свой час быў кіраўніком КДБ Азербайджанскай СССР.

Невядома, ці спрацавала. Прэс-служба кіраўніка Азербайджана паведамляе толькі, што ён перадаў кіраўніку Беларусі вітанні ў адказ. У прэс-службы Лукашэнкі сёння выходны.

Цікава, што напярэдадні Азербайджан наведала прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?