На прадпрыемстве ўведзеная «залатая акцыя», дзяржава заблякавала прыход на завод японскага інвэстара з канцэрну «Каджыва». Цяпер праблемнаму прадпрыемству прапануюць «пакласьці акцыі на стол».

Менскі матацыклетны і вэлясыпэдны завод працуе з 1945, з 1999 пераўтвораны ў ААТ. Асноўныя рынкі — Расея, Украіна, Таджыкістан, Кыргызстан, Аўганістан, Нігерыя.

Справы прадпрыемства сталі швах, калі ў 2003 годзе Віетнам, куды, згодна зь міждзяржаўнымі дамовамі, дасягнутымі падчас візыту А.Лукашэнкі, мусіла экспартавацца прадукцыя ААТ, увёў 40-адсоткавае мыта на прадукцыю беларускага заводу. Да таго ж узмацнілася канкурэнцыя з боку кітайскіх вытворцаў. З 2003 г. прадпрыемства працуе са стратамі. Разавыя посьпехі — гэтак, 500 ровараў у «Мотавэля» набыла менская міліцыя для вулічных патрулёў — не ратуюць справы.

«БДГ. Деловая газета» піша, што ў 2003 годзе кантрольны пакет акцыяў прадпрыемства прапаноўваў набыць японскі канцэрн «Каджыва». Але ў выніку перамовы прадстаўнікоў беларускай дзяржавы й наглядальнай рады прадпрыемства ўгода не адбылася. Не жадаючы пускаць на завод замежнага інвэстара, дзяржава абяцала выдзеліць сродкі прадпрыемству на тэхнічнае пераўзбраеньне. Дзяржава паабяцала і набыць 2,5 тысячы матацыклаў для прызоў ударнікам бітвы за ўраджай-2004, але свайго слова не стрымала.

Каб уратаваць прадпрыемства, акцыянэры ААТ 18 лістапада 2004 г., год таму, далі згоду на рэструктурызацыю запазычанасьці ААТ перад дзяржавай у памеры 11 мільярдаў рублёў шляхам выпуску й перадачы дзяржаве дадатковай эмісіі акцыяў, у выніку чаго доля дзяржавы ў ААТ мусіла б скласьці 97% (цяпер жа дзяржаве не належыць ніводнай акцыі, бо ўсе яны былі набытыя працоўнымі прадпрыемства ў 1999 г.).

Тады ж пазбыўся пасады Анатоль Язьвінскі — гендырэктар прадпрыемства (і, як ні дзіўна, пайшоў на падвышэньне, у Міністэрства прамысловасьці). У плянах было, што дзяржаўны пакет акцый ААТ будзе знаходзіцца ў апэратыўным кіраваньні міністэрства прамысловасьці. Да таго ж дзяржава павінна была даць заводу крэдыт на завяршэньне тэхнічнага пераўзбраеньня ў памеры 20 мільярдаў рублёў.

Аднак за гэтае рашэньне на сходзе акцыянэраў у жніўні 2005 году прагаласавалі толькі 50% акцыянэраў замест патрэбных па статуце 75%. І — «пытаньне завісла». А Менгарвыканкам тымчасам уводзіць на прадпрыемстве «залатую акцыю», то бок робіць яго дэ-факта дзяржаўным.

У ходзе нарады ў сакавіку 2005 прэзыдэнт заявіў пра неабходнасьць правесьці праверку дзейнасьці прыватных прадпрыемстваў. «Калі яны развальваюцца і працаваць ня могуць, але патрэбны дзяржаве, яны павінны быць вернуты народу. Прычым у добраахвотным парадку, без нацыяналізацыі, каб нас потым не дакаралі», — падкрэсьліў А.Лукашэнка.

У якасьці прыкладу А.Лукашэнка прывёў ААТ «Мотавэля». Для выхаду з крызісу кіраўніцтва прадпрыемства пры падтрымцы ўраду прапанавала дзяржаве выкупіць акцыі. Прэзыдэнт катэгарычна адхіліў прапанову аб пакупцы акцый: «Яны некалі дзяржаўныя акцыі забралі фактычна бясплатна. Хочуць падтрымкі — акцыі на стол, прадпрыемства цалкам вяртаецца дзяржаве. І мы ім, можа, пазычым некаторую суму грошай».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?