На 75-м чэмпіянаце свету па хакеі ў Славакіі зборная Беларусі (галоўны трэнер -- Эдуард Занкавец) пацярпела трэцюю запар паразу і цяпер будзе гуляць у турніры на выжыванне.

3 мая ў заключным матчы папярэдняга раунда, што прайшоў у Кошыцах, беларусы ў овертайме саступілі французам 1:2 (0:1, 0:0, 1:0, 0:1).

Французы першымі адкрылі лік у матчы (на 13-й хвіліне -- Саша Трэй), на 56-й Сяргей Дзямагін лік зраўняў. На 47-й секундзе овертайма Кевін Экфёй паставіў тлустую кропку.

Зазначым таксама, што на 49-й хвіліне Андрэй Стась не рэалізаваў буліт.

У іншым матчы нашай групы «В» Канада сёння выйграла ў овертайме ў Швейцарыі — 4:3.

Выніковае становішча: Канада — 8 балаў, Швейцарыя — 6, Францыя — 3, Беларусь — 1.

Такім чынам зборная Беларусі цяпер будзе гуляць у турніры на выжыванне: для камандаў, што занялі 13-16-я месцы. Апошні раз зборная Беларусі гуляла ў такім турніры ў 2003 г. і тады пакінула элітны дывізіён. З 2005 г. зборная Беларусі заўсёды прабівалася ў кваліфікацыйны раўнд (12-тку мацнейшых), а ў 2006 і 2009 г. выходзіла ў чвэрцьфінал. На мінулым чэмпіянаце свету наша зборная заняла 10-е месца.

5 мая ў 17:15 яна згуляе або з Нарвегіяй, або з Аўcтрыяй, 7 мая — або з Даніяй, або Латвіяй (13:15, гэтыя каманды вызначацца ў сераду), 8 мая — са Славеніяй (21.15).

Каб захаваць месца ў эліце сусветнага хакея неабходна заняць 13-е або 14-е месца.

***

Нагадаем, што 29 красавіка Беларусь прайграла Канадзе 1:4, а 1 мая з такім жа лікам Швейцарыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?