04.05.2011 / 09:57

Працэс Саннікава. На час выступу Раманчука Саннікаў адвярнуўся. Рымашэўскі: Мы планавалі ачапіць Адміністрацыю перапынак да 10-й раніцы 5 мая 41

У чацвёрты дзень працэсу паказанні давалі палітвязень Дзмітры Новік, кандыдаты ў прэзідэнты Віталь Рымашэўскі і Яраслаў Раманчук.

У якасці сведкаў выкліканыя кандыдаты ў прэзідэнты Яраслаў Раманчук і Віталь Рымашэўскі, а таксама палітвязень Зміцер Новік.

17:47

Абвешчаны перапынак да раніцы чацвярга. Працэс адновіцца а 10-й гадзіне. Будуць заслуханыя паказанні 12 сведкаў з боку абвінавачвання. Палова з іх ужо сведчылі на працэсах над Мікітам Ліхавідам і Арцёмам Брэусам і Іванам Гапонавым. Гэта -- служачыя палка міліцыі спецыяльнага прызначэння Мінгарвыканкама.

Нагадаем таксама, што заўтра, 5 мая, у судзе Фрунзенскага раёна Мінска пачнецца працэс над былымі кандыдатамі ў прэзідэнты Уладзімірам Някляевым і Віталём Рымашэўскім, лідарамі кампаніі "Гавары праўду!" Андрэем Дзмітрыевым, Аляксандрам Фядутам і Сяргеем Вазняком, моладзевай актывісткай Настай Палажанкай.

17:19

Чытанне 5-га тома матэрыялаў справы скончанае, пракурор пераходзіць да 6-га тома.

17:13

Пракурор скончыў чытанне 4-га тома матэрыялаў справы. Удзельнікі працэсу пытанняў да яго не мелі. Зараз будзе зачытаны 5 том. Ён утрымлівае матэрыялы справы Саннікава.

Першымі з іх аказаліся матэрыялы праслухоўвання тэлефонных размоў Саннікава.

Суддзя заўважыла, што слухаць самі запісы суд будзе на іншым пасяджэнні, калі ў залу даставяць неабходную тэхніку.

16:46

Пракурор пачаў чытаць матэрыялы справы з 4-га тома.

16:35

Чытанне 3-га тома матэрыялаў справы скончанае. Адвакаты маюць пытанні што да зместу гэтага тома.

Адвакат Галіеў звярнуў увагу суддзі на неадпаведнасць подпісаў пад фота са справы з іх зместам.

16:24

У матэрыялах справы Мірзаянава знаходзіцца характарыстыка, падпісаная рэктарам яго ВНУ. У ёй гаворыцца, што хлопец ад 2007 г. з'яўляецца членам БРСМ.

15:57

Пракурор агучвае дакументы, якія ўтрымліваюцца з 3-м томе крымінальнай справы. Сярод матэрыялаў справы -- шмат фота, двд з відэазапісамі, вынікаў экспертызаў.

15:54

Скончыўся допыт Раманчука, зараз будуць зачытваць пісьмовыя матэрыялы справы. Раманчук пасля завяршэння допыту на некалькі хвілін прысеў ў зале суда, але потым выйшаў за дзверы.

Родныя падсудных абмяркоўваюць паказанні Раманчука. На іх думку, ён меў шанец папрасіць прабачэння ў Саннікава, але не зрабіў гэтага. Яны кажуць на Раманчука кепскія словы.

15:50

Адвакат запытаўся ў Раманчука, чаму ён сышоў з плошчы Незалежнасці. Той кажа, што сышоў адтуль "бо не бачыў больш сэнсу там знаходзіцца".

На пытанне адваката, чаму ён пакінуў там людзей, якія за яго галасавалі, Раманчук ўцямна адказаць не змог.

15:36--15:48

Раманчук кажа, што заклікаў ісці да Дома ўрада ні ён, ні хто іншы не рабілі. Людзі пайшлі туды самі. Ён таксама кажа, што сярод людзей панаваў добры настрой. Металічных прутоў і зброі ён не бачыў.

Раманчук працягвае бадзёра адказваць на пытанні адвакатаў. Андрэй Саннікаў адвярнуўся тварам да сцяны, на Раманчука не глядзіць.

Адвакат Саннікава папрасіў Раманчука звярнуцца да суда, сказаць тое, аб чым ён лічыць вартым сказаць. Раманчук заявіў, што ўсё ён сказаў у размове з пракурорам і адвакатамі.

Ён заявіў, што на Кастрычніцкай плошчы ўсе кандыдаты мелі добры ўзнёслы настрой. Ён таксама паведаміў, што не ведае, ці падаваў яго штаб заяўку на правядзенне акцыі на Кастрычніцкай плошчы.

15:25

Суддзя прапанавала Саннікаву задаць пытанне Раманчуку. Ён адказаў: "Пытанняў да сведкі, які паспрыяў таму, што мая жонка [Ірына Халіп] трапіла ў турму, не маю". На Раманчука Саннікаў нават не паглядзеў, звярнуўся толькі да суддзі.

Раманчук размаўляе з адвакатамі. Яны пытаюць яго, навошта ён запрашаў людзей на Плошчу. "Каб разам выпрацаваць план дзеянняў", — адказаў ён. Раманчук таксама кажа, што не ведаў аб планах іншых кандыдатаў наконт Плошчы.

15:17--15:24

Раманчук заявіў пракурору, што на Кастрычніцкай плошчы даішнікі спрабавалі спыніць натоўп. Гэтыя словы выклікалі гул асуджэння ў родных абвінавачаных.

Суддзя -- Раманчуку: «Вы шмат гаворыце, але не адказваеце на пытанне».

Раманчук насамрэч адказвае сумбурна, унікае адказаў на пытанні пракурора аб магчымасці перамоваў з уладамі.

Раманчук кажа, што застаўся на Плошчы раздаваць шматлікія інтэрв'ю журналістам. Праз 20 хвілін прыйшоў на плошчу Незалежнасці (21.30): не выступаў -- стаяў ля Чырвонага касцёла. Выступаў кандыдатаў не чуў, увесь час знаходзіўся наводдаль, бо было шмат людзей.

15:07--15:12

Пракурор пачаў допыт Раманчука. Пытае аб яго дзейнасці ў ролі кандыдата ў прэзідэнты. Раманчук заявіў, што не меў ніякіх кантактаў з іншымі кандыдатамі. Пры гэтым ён заблытаўся, характарызуючы назву сваёй кампаніі ў прэзідэнты.

Раманчук, аднак, расказаў, што ў канцы кастрычніка Саннікаў прапанаваў яму зняць сваю кандыдатуру на яго карысць. Раманчук адмовіўся. Пазней такая ж прапанова паступіла і ад Някляева.

Раманчук гаворыць энергічна і разняволена, дазваляе сабе радасныя інтанацыі. Кажа, што не ведае, колькі людзей было на Кастрычніцкай плошчы.

Раманчук кажа, што вечарам 19 снежня ў яго былі прычыны падазраваць, што выбары прайшлі недэмакратычна. Кажа, што кандыдаты ад апазіцыі прайгралі з розных прычынаў.

15:01

Прыход у залу Яраслава Раманчука суправаджаецца незадаволенымі каментарамі роднымі абвінавачаных.

Суддзя запытала Раманчука, ці ведае ён каго з абвінавачаных. Ён адказаў, што ведае толькі Саннікава як палітыка і грамадскага дзеяча.

14:57

Палажанка ў размове з адвакатамі заявіла, што на Плошчы масавыя беспарадкі чынілі акурат спецназаўцы. Яна кажа, што супрацоўнікі міліцыі абсалютна вольна сябе пачувалі, збіваючы людзей.

Суддзя запытала ў Палажанкі, што яна ведае аб магчымых перамовах апазіцыі і прадстаўнікоў урада. Наста адказала, што ведае аб такой прапанове Саннікава.

Допыт Палажанкі завершаны. Родныя моцна дзякуюць Палажанцы за паказанні.

Зараз запросяць Раманчука.

14:51--14:54

Наста Палажанка зазначыла, што называць падзеі вечара 19 снежня на плошчы Незалежнасці беспарадкамі -- глупства. Дзяўчына таксама лічыць, што гэта вельмі страшна, калі ў краіне з'яўляюцца асуджаныя за тыя падзеі.

«Ніхто не верыць у масавыя беспарадкі, ніхто не верыць у 80%. Я спадзяюся, што Высокі суд таксама гэта разумее», -- кажа яна.

14:44

Палажанка паведаміла, што людзі не маглі ісці па тратуарах -- людская плынь папросту не змяшчалася. Яна лічыць, што кандыдаты не павінны былі заклікаць рухацца па ходніках -- людзі такім чынам маглі сабе нашкодзіць.

14:30--14:42

З Палажанкай размаўляюць адвакаты. Яна распавяла, што на Кастрычніцкай плошчы ўжо не хапала месца ўсім дэманстрантам і таму яны выйшлі на праспект.

Таксама Наста Палажанка распавяла, што ніхто з кандыдатаў не заклікаў граміць будынкі, яны толькі гаварылі аб фальсіфкацыі выбараў.

У размове з адвакатам Палажанка паўтарыла тое, што акцыя была выключна мірнай.

У зале суда прысутнічаюць некалькі маладафронтаўцаў, яны абмяркоўваюць паміж сабой паказанні Насты.

14:15 -- 14:24

Пракурор запытаў Палажанку, у якасці каго яна была на Плошчы -- яна адказала, што была там у якасці грамадзянкі Беларусі.

Наста таксама распавяла, што першыя шыбы ў Доме ўрада пабілі людзі, якія былі на Плошчы загадзя. Яны пачалі біць вокны ў той момант, калі ля помніка Леніна пачаўся мітынг.

Палажанка заўважыла, што біць вокны пачалі 2-3 чалавекі , іх ніхто не затрымліваў, яна іх не пазнала -- ніколі раней не бачыла.

Палажанка дадае, што спецназ не замінаў біць шыбы, яна кажа, што толькі пазней з'явіўся на плошчы і пачаў збіваць усіх удзельнікаў без разбору.

14:05--14:14

Пачаўся допыт Насты Палажанкі (працэс над ёй пачнецца, дарэчы, заўтра, 5 мая ў судзе Фрунзенскага раёна сталіцы -- судзіць будуць разам з Някляевым, Фядутам, Вазняком і Рымашэўскім).

Суддзя распытвае, ці ведае дзяўчына падазраваных. Яна кажа, што ведае ўсіх. Пракурор пачынае задаваць пытанні.

Наста заўважыла, што ў сённяшняй позве сакратар суда дапусціў памылку -- замест сведкі яе запрасілі ў сённяшні суд у якасці абвінавачанай.

Яна згадала, што разам з Яроменкам яна дапамагала прыезжым удзельнікам акцыі 19 снежня знайсці начлег у Мінску.

Пракурор распытвае Палажанку аб тым, што адбывалася на Кастрычніцкай плошчы. Яна распавяла, што яна сабралася 40 тыс. чалавек. Заклікаў ісці на Плошчу Незалежнасці не чула.

Палажанка дае паказанні па-беларуску. Гаворыць упэўнена і разняволена.

14:04

Запрошаная сведка -- Наста Палажанка.

14:02

Пасяджэнне працягнутае. У Яроменка змянілі адваката.

13:56

У залу зайшлі адвакаты, яны перамаўляюцца з падаабароннымі.

13:49 Пачалі запускаць людзей у залу суда. Усе падсудныя на месцы. Саннікаў не сядае на лаву -- стаіць, глядзіць на журналістаў. Ён вельмі напружаны.

Ахова забараніла карыстацца разеткамі, якія ёсць у зале суда.

12:39

Абвешчаны перапынак да 14:00. Адвакат Яроменка Мушынская папрасіла сабе замены.

12:07

«Калі правакатары пачалі біць шыбы, быў агульны стан разгубленасці», — гаворыць Рымашэўскі.

Кандыдат збольшага згодзен з ацэнкай выбараў, што дала АБСЕ.

11:44

Рымашэўскі кажа, што ён спрабаваў арганізаваць абарону Дома ўрада, каб спыніць біццё шкла. Кандыдат гаворыць, што бачыў на ганку Мірзаянава, але той паводзіў сябе неагрэсіўна.

Рымашэўскі кажа, што дзякуючы міліцыянеру Яўсееву людзі вольна сышлі з пастамента Леніна, нікога з іх не затрымлівалі.

11:37

Рымашэўскі кажа, што асабіста ён вёў перамовы з супрацоўнікамі ДАІ. Кандыдат у прэзідэнты заклікаў вызваліць частку праспекта ад машын, каб не адбылося ніякіх інцыдэнтаў.

«Я не памятаю, хто заклікаў на перамовы з урадам. Такая акцыя магла скончыцца мірна і бяскрыўдна, як у лістападзе. Тады быў сімвалічны акт патрабавання ад ЦВК свабодных выбараў».

11:24

«Мы раіліся на Плошчы, як выказаць пратэст. Я катэгарычна супраць штурму якіх-небудзь урадавых будынкаў

Мы, кандыдаты і сябры каманд, пагадзіліся пайсці да Адміністрацыі прэзідэнта і ўзяць яе ў ачапленне, каб не дапусціць біцця шыбаў».

Чаму такі план не быў здзейснены, Рымашэўскаму невядома. «Рух у бок плошчы Незалежнасці быў хаатычны».

11:10

«Мог бы расказаць, як з дзіцячага садка марыў стаць кандыдатам у прэзідэнты», — адрэагаваў Рымашэўскі на шматлікія пытанні пракурора. Абвінаваўца быў вымушаны задаваць пытанні па чарзе.

«Безумоўна, спрабавалі каардынаваць дзейнасць з іншымі кандыдатамі. Многія кандыдаты мелі падобныя погляды, пазіцыі і ацэнкі супадалі», — кажа В.Рымашэўскі.

«З некаторымі кандыдатамі сустракаліся. З спадаром Саннікавым наконт Плошчы не было ніводнай сустрэчы, не выйшла ў нас камунікацыі».

11:04

Допыт Новіка скончаны. Канвой вывеў яго з залі.

Наступны сведка — кандыдат у прэзідэнт Віталь Рымашэўскі.

10:58

«Маё ўнутранае перакананне, што выбары былі сфальсіфікаванымі. Я не бачыў, каб нехта распісваўся за Лукашэнку. Ніхто з маіх знаёмых за яго не галасаваў».

Новік кажа, што «штурм» Дома ўраду справакавалі правакатары.

10:33

«Натоўп не быў агрэсіўны. Людзі былі радасныя, на іх тварах былі ўсмешкі», — кажа Д.Новік. «Ні ў пачатку мітынгу, ні ў канцы я не бачыў у людзей ніякіх металічных штыроў. У іх былі толькі бел-чырвона-белыя сцягі».

10:24

«Спробаў прарыву ланцуга не было. Узброенага супраціву я не бачыў». Новік прызнае, што нанёс некалькі ўдараў нагамі па шчытах, што загароджвалі ўваход у Дом ураду: «Гэта быў эфект натоўпу».

10:18

«Ніякіх заклікаў ісці да Дома ўраду, штурмаваць яго, не было, усё было вельмі арганізавана. Ніхто з удзельнікаў мітынгу не граміў будынак», — кажа палітвязень.

Незразумела, навошта прывялі з шклоўскай калоніі Новіка? Няўжо спадзяваліся, што ён дасць паказанні супраць Саннікава? Калі так, то Новік выклікае павагу. Ніводным словам ён не абвінавачвае нікога з дэманстрантаў.

10:13

«Ніякіх масавых беспарадкаў не было. Ніхто не разбіваў вітрыны, магазіны. Супрацоўнікі ДАІ таксама былі ў бяспецы», — кажа Дзмітрый.

«Людзі сабраліся для таго, каб выказаць сваю незадаволенасць, бо лічылі, што выбары сфальсіфікаваныя».

10:09

Новік у чорнай робе, каротка стрыжаны. У суправаджэнні двух міліцыянтаў.

«Сумленне не дазволіла дома сядзець. Уся Плошча была занятая», — кажа Д.Новік.

«Ніякіх заклікаў ісці на плошчу Незалежнасці я не чуў, натоўп рухаўся стыхійна».

10:03

Працэс аднавіўся. У зале зноў шмат студэнтаў.

Раманчук пакуль не з’явіўся на суд. Першым у якасці сведкі будзе дапытаны Дзмітры Новік. Ён быў асуджаны за Плошчу на 3,5 гады калоніі.

Яго прывёў у залу суда канвой, у кайданках.

***

Пасля перапынку, звязанага з выхаднымі днямі ўзнаўляецца працэс над кандыдатам у прэзідэнты Андрэем Саннікавым,
а таксама шараговымі дэманстрантамі Іллём Васілевічам, Алегам Гнедчыкам, Фёдарам Мірзаянавым, Уладзімірам Яроменкам.

У папярэднія дні былі дапытаныя абвінавачаныя, а таксама пацярпелыя. Цяпер дапытваюцца сведкі з боку абароны.

Сёння ў суд выклікалі кандыдатаў у прэзідэнты Яраслава Раманчука, Віталя Рымашэўскага.

Алесь Пілецкі, Зміцер Панкавец

0
Vozh / Адказаць
04.05.2011 / 10:37
Pavazhannaja NN. Dze praces nad Kirkeviczam?!
0
Таня / Адказаць
04.05.2011 / 10:42
Усе выходныя чакала аднаўлення працэсу. Бо скончылі на незвычайнай ноце (маю наўвазе паказанні пенсіянера, які разваліў справу аб масавых беспарадках). І маё чаканне апраўдалася. Першы ж сведка (між іншым асуджаны) дае праўдзівыя паказанні. Малайчына Зміцер Новік! Цікава, што скажа Раманчук?.. Можа нарэшце пачуем праўду наконт ягонага выступу ў эфіры БТ 20 снежня 2010?
0
случайный прохожий / Адказаць
04.05.2011 / 10:50
Совсем плохи дела у защиты, если приглашают таких лжесвидетелей. Притом тупых. То он говорит, что "натоўп не быў агрэсіўны", то что бил по щитам, поддавшись эффекту натоупу. Это как? Поддался эффекту мирного натоупу и поэтому лупил по ментовским щитам?
Паказаць усе каментары/ 41 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру