Лукашэнка ў Маскве сказаў сёньня, што яны з Пуціным "знайшлі тую нітку, за якую зможам учапіцца".

У гэтым кантэксьце прагучала, што неўзабаве могуць быць зьнятыя балючыя пытаньні канстытуцыйнага акту ды адзінай валюты (чытай: увядзеньня рубля з дзьвюхгаловым арлом).

Дык што, капітуляцыя?

Пачакайма, пакуль прасочыцца болей інфармацыі з крамлёўскіх ды менскіх кулюараў.

Аднак я ня раіў бы сьпяшацца з высновамі.

Адзінае, што Лукашэнка зараз можа выйграць у двубоі з Пуціным, — гэта выйграць час. Што беларускі партнэр пэўна і будзе рабіць з усім уласьцівым яму талентам.

На Расею вось-вось набяжыць чарговая электаральная хваля. Пытаньні ж пра канстытуцыйны акт ды адзіны рубель вымагаюць рэфэрэндуму. Крамлю, бадай, ня надта зручна, каб гэта было ў адным фляконе з пытаньнем "пераемнасьці ўлады" (хоць знайсьці пралаз у заканадаўстве не праблема).

Галоўнае ж, што беларускі кіраўнік атрымлівае выдатны абсяг для манэўру, якога, здавалася б, ужо не засталося ні на квадратны мілімэтр.

"Увогуле рэфэрэндумы — стыхія беларускага афіцыйнага лідэра", — толькі што нагадаў мне пры абмене ўражаньнямі пра весткі з Крамля эканаміст Яраслаў Раманчук.

На ягоную думку, менавіта абяцаньні канструктыўна падысьці да пытаньняў, што праціскае Крэмль, могуць стаць адзіным часовым паратункам для беларускага боку.

Толькі гэтая гульня, якой Менск валодае дасканала, здольная, на думку Раманчука, "адсунуць увядзеньне дэкляраваных жорсткіх захадаў ў пытаньнях нафты ды газу".

Падобнага меркаваньня пра тактыку беларускага боку прытрымліваецца і палітоляг Валер Карбалевіч.

Зь ягоных словаў, расейцы, у прыватнасьці іхні амбасадар Сурыкаў, самі ўвесь час цьвердзілі, што стварэньне саюзнае дзяржавы аўтаматычна здыме пытаньне цэнаў на энэрганосьбіты. Вось Менск і ўхапіўся за гэтую тэзу, зноў, мусіць, даў абяцаньні, што у саюзным будаўніцтве будзе прагрэс.

Іншая рэч, што гульня чым далей, тым болей рызыкоўная.

А што, зрэшты, застаецца?

Пабачым, ці спраўдзіцца заява Караганава, што гэтым разам Масква давядзе справу да канца.

І потым, у філязафічным пляне, канец заўжды ёсьць адначасна і пачаткам :)

Сачыцьмем за навінамі!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?