04.05.2011 / 12:05

Яўген Ліпковіч: Яны сваімі рукамі капалі сабе магілу, а я проста весяліўся 9

«Пойдзем пазабаўляемся?» — спытаў-прапанаваў у лоб Яўген Ліпковіч, падаўшы руку пры сустрэчы. Хіба можна было не пагадзіцца? Выявілася, што «забаўляцца» мы ідзем у Саюз пісьменнікаў Беларусі, кіраваны даволі вядомым Мікалаем Чаргінцом.

Справа была ў тым, што напярэдадні ў газеце «Літаратура і мастацтва» з’явілася заява СПБ з нагоды тэракту ў метро, якая асуджае, у тым ліку, мабыць, самага вядомага беларускага блогера. Дык вось, спасылаючыся на артыкул 34 Канстытуцыі, Яўген Ліпковіч хацеў атрымаць выпіску з афіцыйнага дакумента.

З прыёмнага пакоя яго накіравалі да першага сакратара праўлення ГА «СПБ» Генадзя Пашкова. Той, ці то ашаломлены нечаканым візітам, ці то чагосьці спалохаўшыся, паказаць афіцыйны дакумент катэгарычна адмовіўся — нават пры тым, што візіцёр паведаміў Пашкову, што такім чынам той парушае асноўны закон краіны.

Можна не сумнявацца, Ліпковіч так проста гэтага не пакіне. А пакуль мы вырашылі пагаварыць за жыццё.

— Яўген, што вас падштурхнула завесці ЖЖ у 2004 годзе?

— Жонка мяне падштурхнула. Яна завяла ЖЖ у 2003-м. Хоць упершыню ў сеціва я выйшаў яшчэ ў 1994 годзе, калі інтэрнэт тут толькі з’явіўся і каштаваў шалёных грошай. Быў у інтэрнэце вельмі актыўным, даволі хутка пачаў набіраць фрэндаў, удзельнічаў у палітычным жыцці краін СНД. Потым зразумеў: блін, якога чорта я спрабую перавыхаваць рускіх — гарбатага труна выпрастае. І ўсё больш пачаў канцэнтравацца на беларускім жыцці.

— У вашай кароткай біяграфіі, якую можна знайсці на сайтах, гаворыцца, што да трыццаці гадоў вы працавалі на дзяржпрадпрыемстве.

— На заводзе «Гарызонт», слесарам па кантрольна-вымяральнай апаратуры. У мяне быў допуск на працу са звышатрутнымі рэчывамі. Гэтыя рэчывы жудасна атручвалі атмасферу, можа, атручваюць і цяпер. У двары стаяла сховішча з цыяністай кіслатой, уяўляеш?!

Зграя вераб’ёў ляціць над выхлапнымі трубамі — раз, усе падаюць і гінуць.

— Чаму ў 1988-м сышлі?

— Ішла перабудова, мы з прыяцелем пачалі рабіць нейкі бізнэс. Хвацкі, дарэчы. Куплялі кальсоны віцебскай фабрыкі «КІМ», шылі з іх шапкі-лахоўкі і прадавалі іх у Маскву. Пра гэтыя шапкі моладзевая праграма «Взгляд» рабіла потым цэлую перадачу.

Адразу з «Гарызонта» я не пайшоў: дамовіўся з начальнікам, каб мяне на трэцюю змену перавялі. І два гады прыходзіў на завод спаць. Тырчаў там толькі каб супакоіць бацькоў. Яны былі людзі савецкія: маці ўсё жыццё прапрацавала на «Гарызонце», бацька прапрацаваў на «Гарызонце» — у яго Лі Харві Освальд на ўчастку працаваў.

— Нічога сабе…

— Бацька, дарэчы, прыкольныя штукі расказваў. Калі яны пачулі па радыё, што Освальд забіў Кенэдзі, так і селі адразу…

Ну вось, два гады я прыходзіў на завод спаць, потым звольніўся, ажаніўся, і затым бізнэс-бізнэс. Падаў, зноў падымаўся…

— Па словах Уладзіміра Мацкевіча, у 1994-м вы моцна дасталі Івана Антановіча, тагачаснага галоўнага ідэолага і чальца каманды Вячаслава Кебіча.

— Я пайшоў у газету «Знамя юности» і прапанаваў галоўнаму рэдактару Мішу Кацюшэнку крыху папісаць для іх. А насамрэч я зрабіў гэта на заклад з адным даволі вядомым палітыкам (імя раскрываць не буду, ён да гэтага часу пры справах). Я сказаў знаёмаму, што тут журналістыкі няма, і я за паўгода стану самым папулярным і цытаваным журналістам.

Я пачаў круціць сваё, быў зусім не ў рамках таго, што рабілі ідэолагі Кебіча. Яны сваімі рукамі капалі сабе магілу, а я проста весяліўся. І за час прэзідэнцкай выбарчай кампаніі з студзеня па лета 1994-га, мне здаецца, я сапраўды стаў самым папулярным і цытаваным аглядальнікам. Вёў калонку — спачатку яна была ўнутры газеты, потым яе перамясцілі на першую паласу.

Адным з першых указаў Лукашэнка зняў галоўнага рэдактара «Знамени юности». Думаю, ускосна і я прыклаў да гэтага руку.

— За каго, дарэчы, тады галасавалі?

— Я тады не галасаваў. Наогул, толькі ў мінулым годзе дэманстратыўна прагаласаваў — за Кастусёва.

— Дык гэта быў сцёб ці рэальная сімпатыя?

— Кастусёў, на мой погляд, казаў правільныя рэчы, а гэта заўсёды імпануе. Сумна, што потым ён нарабіў шмат глупстваў, выявіўся маніпуляваным. Ён, вядома, хатні дзядзька, а не прэзідэнт. Сваяком ён быў бы клёвым — сумленным, прыстойным мужыком.

— Адкуль у вас такая «любоў» да Чаргінца?

— З ім сітуацыя складаная, паспрабую растлумачыць. Калі ішла выбарчая кампанія, ідэалагічны аддзел выканкама не хацеў зацвярджаць мае плакаты. І я падумаў: чаму не атрымаць на іх дабро ў Савеце па маральнасці? Я напісаў ім афіцыйную заяву. Гэта адзіная арганізацыя, якая мне да гэтага часу не адказала!

Ты бачыш, што адбываецца? Вось мы цяпер хадзілі ў Саюз пісьменнікаў, я не змог атрымаць нават выпіскі.

Такое ўражанне, што структуры, якія ўзначальвае Чаргінец, чхаць хацелі на закон! Чаму я не павінен ашалець?

Або вось Чаргінец заклікаў зрабіць невыязнымі грамадзян Беларусі, якія казалі пра санкцыі. Я ўпэўнены, што гэта парушэнне Канстытуцыі…

Ёсць яшчэ маса іншых рэчаў. Чаргінец на сваім сайце напісаў, што яго кніжку «Илоты безумия» высунулі на Нобелеўскую прэмію. Уяўляеш?! На Нобелеўскую прэмію па літаратуры! Хто высунуў? Ён жа не піша.

І потым: у мяне ж дачка расце. Яго кніга «Таямніцы авальнага кабінета», на мой погляд, утрымлівае элементы парнаграфіі. Чаму гэтая кніга свабодна прадаецца? Я лічу, што паводле закону аб гандлі такой кнігі не павінна быць у свабодным продажы.

Увогуле вельмі дзіўна, што дзяржава закрывае вочы на дзейнасць Чаргінца. Чаму, што за справы такія?! Газета, заснавальнікам якой з’яўляецца Саюз пісьменнікаў Чаргінца, парушае закон. Людзі, якія яму падпарадкоўваюцца (ты сам сёння бачыў), парушаюць закон. Я лічу, дзейнасць Чаргінца павінная быць пільна вывучаная і перарваная.

— Вы сказалі, што разыходжанняў з дзяржавай у вас няма. Дык вам улада падабаецца?

— Стары, гэта асобныя чыноўнікі, якія, магчыма, скажаюць сутнасць дзяржавы… Вось калі пацалункі выдатна абменьваюцца на нафту і газ — чаму я павінен быць супраць? Гэта варта Нобелеўскай прэміі па эканоміцы: мы ж нічога не робім.

А іншыя разыходжанні… вар’яцтва, якое дзеецца на тэлебачанні… вось прыйшоў Давыдзька. У мяне ж былі такія планы! Думаў, што Давыдзька, як прыхільнік легалізацыі прастытуцыі, зробіць нацыянальны канал для дарослых. Ні фіга, зрабіў нейкія бяздарныя ўдары па шкле — ну, ганьба! (Маецца на ўвазе фільм «Плошча. Жалезам па шкле»).

Ты ж сказаў публічна: я прыхільнік легалізацыі прастытуцыі. Дык зрабі экспартны тавар — канал для дарослых! А то мы купляем «Рускую ноч» з ангельскімі субтытрамі.

— Калі вы нечакана завяршылі сваю выбарчую кампанію па выбарах у гарсавет, то заявілі, што інтэрнэт і сацыяльныя сеткі не карыстаюцца ў Беларусі ніякім уплывам.

— Вядома.

— А як жа выхад людзей на Плошчу?

— Са 100 тысяч чалавек, якія націснулі ў інтэрнэце «лайкі», што яны выйдуць на плошчу, выйшла… ну няхай 20 тысяч, няхай 30 — кожны трэці. А ты ведаеш колькі выходзіла на Чарнобыльскія шляхі, калі не было інтэрнэту? Значна больш.

Мы проста выглядаем як еўрапейцы і амерыканцы, якія лічаць, што калі ты на «Фэйсбуку» або яшчэ недзе паставіў «лайк», то ўжо паўдзельнічаў у падзеі.

— «ШОС» вы прыдумалі?

— Не, не я. Гэта ж праклён, як яго можна прыдумаць? (Смяецца)

— Дапамагае гэты праклён людзям?

— Яшчэ як. Мяне калі на вуліцы бачаць у гэтай майцы, усміхаюцца, махаюць рукамі. У людзей падымаецца настрой, а гэта сур’ёзна. Я чытаў, што калі настрой вымяраць у градусах, то кожны градус павялічвае інвестыцыйную прывабнасць краіны.

Вось Італію называлі краінай, дзе цудоўна кажуць «сі» (ды), ва Украіне ёсць моцны лозунг «Геть!». У нас быў лозунг «Жыве Беларусь!», Але яго так доўга паўтаралі, што змест з яго пачаў знікаць. А «ШОС» — моцны, энергічны лозунг, які можа падняць настрой людзям.

Раней як было: мы смяяліся з жартаў Жванецкага, жартаў з Расіі, а лакальнага гумару не было. Вось паступова я пачаў яго рабіць.

— Яўген, вы ведзяце вельмі яркі і радыкальны блог. А чаго вы такі непужаны?

— Я думаю, справа вось у чым. Калі б з блогу можна было б зрабіць бізнэс, то такіх яркіх ЖЖ былі б сотні. Вядзенне блогу забірае час, нейкія рэсурсы. А паколькі ў мяне з фінансавай часткай усё ў парадку (я займаюся бізнэсам так даўно, што ўжо зарабіў дастаткова, каб знаходзіцца ў перадпенсійным стане), то магу прысвячаць блогу некаторы час.

— Ці плануеце зарабляць на ім?

— Я буду рабіць іншы вострасацыяльны блог, на іншай платформе. Напэўна, ужо сёлета. Вось яго я буду манетызаваць. Больш пакуль расказаць не магу.

— Не сумна вам жыць у Беларусі?

— Ну, вось крыху непрыемна, дарэчы.

Асноўнае, што мне не падабаецца ва ўладзе, — тое, што яна імкнецца ўвагнаць краіну ў дэпрэсняк.

Я з усіх сілаў спрабую сваім знаёмым падняць настрой — у мяне іх вельмі шмат: толькі ў фэйсбуку афіцыйных пад тры тысячы. А ўлады ім увесь час спрабуюць настрой сапсаваць.

Калі нехта некага называе казлом, то трэба быць гатовым да таго, што цябе назавуць казлом у адказ. Скажуць: а вы ўсе такія. У мяне ёсць сяброўка — сама з Адэсы, але даўно жыве ў Мінску. Дык калі яна цяпер прыязджае да сябе ў Адэсу, ёй кажуць:

о, лукашэнчыха прыехала!

Трэба быць гатовым да таго, што на цябе будуць паказваць пальцам. Мне гэта не падабаецца. Чыноўнікам добра — ім уезд у ЕС забаронены, а мне яшчэ ездзіць і ездзіць…

0
Apalonik / Адказаць
04.05.2011 / 12:31
Вясёлы злыдзень ;)
0
enforser / Адказаць
04.05.2011 / 12:38
в тюрьму его... давно пора, пусть остынет в пансионате
0
Зважай! / Адказаць
04.05.2011 / 13:11
Дзякуй, вясёлы і цікавы дзядзька і такое ж інтэрвью.
Паказаць усе каментары/ 9 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру