У аўторак, 3 траўня, калектыў інфармацыйнай службы Рэн-ТВ разаслаў заяву «На Рэн-ТВ больш няма навінаў», у якой апісваюцца змены інфармацыйнай палітыкі канала, увядзенне цэнзуры і чорных спісаў непажаданых персон для эфіраў. Прапануем вашай увазе тэкст заявы:

«Дарагія тэлегледачы і паважаныя калегі!

Мы, супрацоўнікі інфармацыйнай службы тэлекампаніі Рэн-ТВ, паведамляем вам аб спыненні выхаду навін на нашым канале, увядзенні цэнзуры на Рэн-ТВ і звальненнях незалежных журналістаў.

Так, у эфір Рэн-ТВпа-ранейшаму выходзіць праграма з назвай „Навіны-24“, але ніякага дачынення да тых навінаў, якія выходзілі на Рэн-ТВ на працягу многіх гадоў гэтыя так званыя „інфармацыйныя выпускі“ не маюць.

15 красавіка быў зняты з пасады галоўны рэдактар Рэн-ТВ, дырэктар інфармацыйнай службы Аляксей Абакумаў. Замест яго кіраваць навінамі пастаўлены Уладзімір Цюлін. Першыя ж дзеянні новага мэнэджмэнту паказалі, што яго галоўная мэта — спыненне вытворчасці навін на Рэн-ТВ.

Ужо складзеныя „чорныя“ спісы палітыкаў, якіх забаронена паказваць.
Сярод іх такія вядомыя дзеячы апазіцыі, як Барыс Нямцоў і Гары Каспараў. Забароненая ўсялякая крытыка „Адзінай Расіі“ і яе лідараў. Кардынальна змянілася ўся інфармацыйная палітыка канала.
Замест рэпартажаў аб сацыяльных праблемах, барацьбе праваабаронцаў і самавольстве чыноўнікаў эфір заняты крымінальнымі навінамі, паведамленнямі аб поспехах „сілавікоў“ і „заказнымі“ сюжэтамі, што ўсхваляюць губернатараў і дэпутатаў.

Пачаліся звальненні незалежных журналістаў. Яны праводзяцца асаблівым езуіцкім спосабам.

Новыя кіраўнікі падраздзяленняў даюць супрацоўнікам адгулы, а паралельна складаюць акты „аб нявыхадзе на працу“ і пагражаюць звольніць „па артыкуле“, такім чынам змушаючы напісаць заяву „па ўласным жаданні“.

На Рэн-ТВ ужо высадзіўся дэсант штрэйкбрэхераў з Пецярбурга, якія за невялікія грошы гатовыя выканаць любы загад і „мачыць“ у эфіры ў перадвыбарчы год любога, на каго пакажуць.

Усе вядучыя журналісты канала шукаюць працу. Тыя, каго не звольняць, гатовыя найбліжэйшым часам самі напісаць заяву аб сыходзе. Адпрацоўвае апошнія тыдні і сыходзіць з інфармацыйнай службы вядоўца Міхаіл Асокін. Відаць, злічаныя дні і праграмы „Тыдзень з Марыянай Максімоўскай“. Нядаўна журналістку зняважылі. На машыну Максімоўскай, якая знаходзілася на ўнутраным двары тэлекампаніі, невядомыя выкінулі ўнітаз з фекаліямі. Характэрна, што нягледзячы на тое, што двор тэлекампаніі нашпігаваны тэлекамерамі, і трапіць туды можна толькі прайшоўшы ахову і міліцэйскі пост, знайсці зламыснікаў не атрымалася.

Адказ тэлегледачоў на тое, што адбываецца на канале, не прымусіў чакаць. За апошнія тыдні рэйтынг інфармацыйных праграм упаў у два разы. Давер гледача, які канал зарабляў многія гады, страчаны.

У пачатку 1990-х гадоў Рэн-ТВ стаў першым расійскім прыватным тэлевытворцам. Рэн-ТВ зарабіў рэпутацыю канала, чые праграмы вылучаюцца аб’ектыўнасцю, разнастайнасцю меркаванняў і неперадузятым падыходам. Лідарства канала прызнанае прафесійнай супольнасцю прысуджэннем прэміі „Тэфі“ ва ўсіх інфармацыйных намінацыях за апошнія тры гады. Цяпер гэта ўсё ў мінулым».

Словамі падзякі калектыў інфармацыйнай службы Рэн-ТВ заканчвае сваю заяву: «Дарагія тэлегледачы і паважаныя калегі! Дзякуй вам за тое, што вы ўсе гэтыя гады былі з намі! Да сустрэчы ў эфіры іншых каналаў і радыёстанцый, на старонках газет і ў інтэрнэце!»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?