Увесь час мне шанцавала на настаўнікаў гісторыі, і навучанне ў БДСГА не стала выключэннем. А. І. Каданчык — адзін з найлепшых настаўнікаў, што ў мяне былі. Аднойчы, расказваючы нам на лекцыі аб людскіх стратах на войнах, што праходзілі на тэрыторыі нашай краіны, ён прывёў цікавы прыклад, які запомніўся мне на ўсе жыццё.

У нейкім навучальным цэнтры праводзілі цікавы дослед над мышамі. Паставілі два акварыумы і паміж імі зрабілі невялікі праход, па нізе якога ішоў ток, але бегчы па ім мышы маглі. Кожны дзень ім давалі ежу, а аднойчы ежы не стала — яе паклалі ў іншы акварыум. Мышам толькі заставалася перабегчы і далей сабе спакойна жыць. І вось адна паспрабавала, але не пабегла. Праз некаторы час яна зрабіла больш упэўненыя крокі і апынулася ў новым акварыуме, дзе было шмат ежы. За ёй пабеглі іншыя. Потым гэтую мыш ізалявалі і ежу паклалі ў першае мышынае памяшканне. Тая мыш, якая пабегла другой, ужо была першая. Гэты дослед паўтаралі некалькі разоў. У выніку апошнія мышы проста памерлі, таму што не засталося той, якая сваім прыкладам павяла б іх за сабой.

«Нешта падобнае, на маю думку, адбываецца ў нашай краіне і цяпер…» — сказаў настаўнік і праз некаторы час працягнуў лекцыю.

І сапраўды, многія людзі вінавацяць апазіцыю ў тым, што яна сталая. Праз два-тры гады, пасля таго як некаторыя да яе далучыліся, яны расчароўваюцца ў тым, што не бачаць ніякіх перамен. І гэта прымушае іх ісці далей па інерцыі ці наогул адмаўляцца ад сваёй грамадзянскай пазіцыі. Я лічу, што мы павінныя шанаваць тых, хто яшчэ спрабуе весці за сабой. Можа, яны і не апраўдаюць нашых чаканняў, але яны тыя «мышкі», якія могуць павесці за сабой і робяць гэта, нягледзячы на ўсе цяжкасці. Менавіта таму мы павінныя іх трымацца і як мага больш дапамагаць ім у іх нялёгкіх «першых кроках па гэтым току». Шануйце мышак-лідараў, каб мы не «памерлі» і нас проста не з’елі пацукі…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?