З чаго пачаўся імклівы ўзлёт шэрагу краін свету?

З усталявання партнёрскіх адносінаў дзяржавы і бізнэсу. Безнадзейна адсталым Ірландыі і Фінляндыі было адносна лягчэй. У іх, у адрозненне ад Сінгапура або Малайзіі, быў зачын у выглядзе ўласнага бізнэсу, уласных кампаній, якія працуюць да гэтага часу на рынках Заходняй Еўропы і Амерыкі.

Вядома, я крыху ўскладняю, але, думаю, адбывалася гэта прыкладна так. Два лідары Ірландыі — Фіцжэральд і Брутан — запрасілі да сябе кіраўнікоў 5–6 найбольш паспяховых ірландскіх кампаній. Пытанне было пастаўленае прыкладна так:

што мы павінныя зрабіць, каб вы маглі паспяхова развівацца?

Прыкладна ў гэты ж час з найлепшымі фінскімі кампаніямі такі ж дыялог пачалі весці Маўна Койвіста і Хары Халкеры (я ў той час працаваў у амбасадзе СССР у Фінляндыі і на свае вочы бачыў, у якой найцяжэйшай эканамічнай абстаноўцы знаходзілася гэтая краіна, якая страціла пасля развалу СССР гарантаваны міждзяржаўнымі пагадненнямі савецкі рынак).

Так ужо атрымалася, што ірландскія кампаніі зрабілі асноўны ўпор на зніжэнне падаткаў для бізнэсу, а фінскія — на змяненне сістэмы адукацыі, якая ў адпаведнасці з пажаданнямі фінскіх бізнэсоўцаў, пачала пераходзіць ад чыста тэарэтычнай, абстрактнай адукацыі да практычнай, арыентаванай на патрэбы бізнэсу.

Дзякуючы такому дыялогу — не, не дыялогу, а дзеянням урада ў інтарэсах бізнэсу — гэтым дзвюм краінам усяго за 15–20 гадоў удалося вырвацца ў еўрапейскія і сусветныя лідары ў галіне эканамічнага развіцця.

І сапраўды. Дзясятак экспартных кампаній, калі разабрацца, можа рэальна выцягнуць усю эканоміку краіны. І менавіта на іх і трэба раўняцца кіраўніцтву краіны. Не на чыноўнікаў, а на кіраўнікоў паспяховага бізнэсу. Узяць кампанію Nokia, якая, у той час як я там працаваў, займалася вытворчасцю вырабаў з гумы і толькі пачынала эксперыментаваць з мабільнымі тэрміналамі. У той час група даследчыкаў у галіне мабільнай тэлефаніі ў гэтай кампаніі ледзь налічвала 80–90 чалавек.

Тым не менш, урад падтрымаў кампанію — прыватную (!) — нечуваная для нас справа — і фінансава, і кадрамі. У выніку гэтая кампанія генеруе сёння прыбытак, супастаўны з бюджэтам Беларусі.

Такім чынам, урады Ірландыі і Фінляндыі толькі падтрымала свой найбольш перспектыўны бізнэс, які дзякуючы мерам дзяржаўнай падтрымкі, развіўся з маленькіх фірмаў у найбуйнейшыя сусветныя карпарацыі.

Сінгапуру, а пасля Індыі і Кітаю, было складаней. У Сінгапуры наогул не было ніякага сур’ёзнага бізнэсу, акрамя марскога порта. У Кітаі быў неэфектыўны бізнэс дзяржаўных прадпрыемстваў. Нічога ўцямнага не праглядалася і ў Індыі. Што рабіць у такой сітуацыі?

Лі Куан Ю — лідар Сінгапура — паказаў прыклад: ён пачаў ездзіць па свеце. Паедзе ў Нямеччыну, збярэ пару кіраўнікоў кампаній — тыпу Bosch або Siemens — і ставіць пытанне рубам:

што павінен зрабіць я ў сваёй краіне, каб вы прыйшлі і стварылі ў маім горадзе-дзяржаве свае вытворчасці?

Яны яму кажуць: нам патрэбная дысцыплінаваная, акуратная і эфектыўная рабочая сіла. Ён вяртаецца да сабе на радзіму і арганізоўвае спецыяльныя курсы па павышэнні дысцыпліны працы. Заадно і адкрывае па ўсёй краіне курсы навучання англійскай мове, каб працоўныя маглі камунікаваць з кіраўнікамі замежных кампаній. Так, паступова, ён зацягнуў да сябе практычна ўсе вядучыя сусветныя карпарацыі, якія стварылі там зборачныя вытворчасці.

Далей ён пачаў арыентавацца на прыцягненне ў сваю краіну цэнтраў па даследаваннях і распрацоўках. І ўсё роўна, што яны не давалі прыбытку. Затое яны забяспечвалі людзей высокай заработнай платай. А людзі з высокімі заробкамі стымулююць развіццё будаўнічай галіны, сферу паслуг, сувязі, турызм, ахову здароўя. І самае галоўнае — у краіне актыўна ўкараняюцца высокія тэхналогіі ва ўсіх галінах — ад вытворчасці да сацыяльнага жыцця і дзяржаўнага кіравання.

І наадварот. Нізкая зарплата блакуе ўкараненне сучаснай тэхнікі і тэхналогій (так, гарадскім уладам Мінска танней утрымліваць маладых здаровых мужчын, якія збіраюць грошы на паркоўках з уладальнікаў аўтамабіляў, чым укараніць сістэму «мітэраў» — электронных плацяжоў).

Чаму я пра гэта ўспомніў? Справа ў тым, што валютная палітыка, якую сёння праводзіць наш Нацыянальны банк, ажыццяўляецца з дакладнасцю да наадварот. Гэтая палітыка скіраваная не на падтрымку экспарцёра, як цалкам слушна можна было б выказаць здагадку, а наадварот, на пазбаўленне яго заробленых грошай і іх пераразмеркаванне на карысць найменш эфектыўных прадпрыемстваў, аснашчаных маральна і матэрыяльна састарэлым абсталяваннем, непісьменным мэнэджмэнтам і нізкакваліфікаваным персаналам.

Гэтая палітыка cкіраваная на тое, каб у нашай краіне ніколі не з’явілася кампаній тыпу Apple.

Для даведкі. Рынкавая капіталізацыя кампаніі Apple складае 307 мільярдаў даляраў. Выручка кампаніі за 2010 год склала 76,3 мільярда (у тры разы больш за ВНП Беларусі), а прыбытак — 25, 7 млрд.

Абавязковы продаж валюты, атрыманай ад экспарту пры множнасці курсаў з’яўляецца чыста фіскальнай мерай, скіраванай на адабранне часткі фінансавых сродкаў з рахункаў прадпрыемстваў-экспарцёраў. Гэта не толькі падсякае эканоміку асобных прадпрыемстваў, але і эканоміку краіны ў цэлым:

1. Падзенне экспарту. Значную частку валюты, якую прадпрыемства зарабляе ад экспарту, трэба перавесці ў беларускія рублі. Але рублі яно атрымлівае ў адпаведнасці з курсам, які на 60–80% ніжэйшы за рынкавы. А для закупкі камплектацыі і абсталявання яно мусіць падрыхтаваць заяўку, чакаць, і калі гэта яшчэ і прыватнае прадпрыемства, то шанцаў, што заяўку задаволяць, практычна няма. Таму адпаведную закупку яно павіннае вырабляць па камерцыйным курсе.

Гэта адбіваецца на канкурэнтаздольнасці прадпрыемства. Бо курсавую розніцу давядзецца закладаць у цану тавару, што пры велізарнай канкурэнцыі на замежных рынках робіць гэты тавар неканкурэнтаздольным.

Таму ў такой сітуацыі адбываецца прыпыненне працы шэрагу прадпрыемстваў; людзей адпраўляюць у бестэрміновы адпачынак. Па дадзеных Міністэрства статыстыкі, каля 600 тысяч чалавек у краіне перасталі працаваць.

2. Спыненне інвестыцыйнай дзейнасці. Як правіла, станкі і абсталяванне, якія пастаўляе інвестар у якасці інвестыцыі, узятыя ім за мяжой у крэдыт ці ў лізінг. Пры немагчымасці набыцця валюты ён не зможа расплаціцца з замежным банкам або лізінгавай кампаніяй. У гэтым выпадку яго чакае банкруцтва і арышт абсталявання. Таму ў такіх умовах яму выгадна размясціць вытворчасць у іншай краіне, а ў Беларусь пастаўляць таварную прадукцыю.

Пры множнасці валютных курсаў і практыцы абавязковага продажу валюты па курсе, ніжэйшым за рынкавы, выгадна займацца не вытворчасцю, а дробнааптовым або рознічным гандлем. Таму на месцы вытворчасцяў (і мы гэта добра ведаем з постсавецкага досведу) растуць «блышыныя рынкі»…

3. Імпарту ў краіну менш не стане.

Проста ён сыдзе ў ценевую сферу.
Ужо з’яўляюцца «прадпрымальнікі», якія працуюць у асноўным з наяўнымі і якія выцясняць цывілізаваных пастаўшчыкоў імпартнай прадукцыі — ад кавы і гарбаты да мабільных тэлефонаў і кампутараў. Цывілізаваныя пастаўшчыкі імпартных тавараў, якія выплачваюць падаткі ў бюджэт, не змогуць купляць валюту, бо ім яе проста не прадаюць. У той жа час ценевыя прадпрымальнікі змогуць купляць валюту на шэрым рынку і завозіць імпартную і бытавую тэхніку невялікімі партыямі з той жа Расіі.

Таму множнасць курсаў на імпарце ніяк не адаб’ецца — будзе толькі менш падаткаў для дзяржавы ад імпарту і продажаў у бюджэт.

Больш за тое. У адпаведнасці з заканадаўствам прадпрыемства-экспарцёр мусіць закупляць абсталяванне і камплектацыю па конкурсе, то бок у імпарцёраў. А імпарцёры прыпынілі працу. Цяпер дырэктар экпартна-арыентаванага прадпрыемства, каб працаваць, павінен парушаць закон.

Прапанаваныя Нацыянальным банкам метады валютнага рэгулявання з’яўляюцца па сутнасці сродкам пераразмеркавання капіталаў ад эфектыўных, арыентаваных на экспарт прадпрыемстваў на карысць адсталых і неэфектыўных.

А досвед паспяховых мадэрнізацый, з якога мы пачалі, якраз і заключаецца ў тым, каб метады эканамічнага рэгулявання былі скіраваныя на падтрымку экспарцёра, на падтрымку тых прадпрыемстваў, якія працуюць эфектыўна. Яны — перспектыва паскоранага эканамічнага развіцця краіны.

Менавіта прадпрыемствы, якія маюць найлепшыя перспектывы для развіцця, сучасны кваліфікаваны пісьменны мэнэджмэнт, павінныя атрымліваць у першую чаргу і кваліфікаваныя кадры, тэхнічную і арганізацыйную дапамогу з боку дзяржавы.

І наадварот. Працягваць падтрымку неэфектыўных прадпрыемстваў — гэта адцягваць і матэрыяльныя (фінансавыя), і дэмаграфічныя рэсурсы краіны. Бо нават сістэма падрыхтоўкі кадраў працягвае выпускаць спецыялістаў для неэфектыўных вытворчасцяў; тым самым перспектыўныя вытворчасці, здольныя станоўчым чынам паўплываць на ўсе эканамічныя паказчыкі краіны — аплатны і гандлёвы баланс, даход на душу насельніцтва і да т.п., пазбаўляюцца спецыялістаў.

Прадпрыемства, якое працуе на экспарт, мае практычна неабмежаваны патэнцыял для развіцця. Яно павіннае мець магчымасць купляць усё найлепшае — у тым ліку і па імпарце — каб вырабляць найлепшыя прадукты. І наадварот. Калі, скажам, прымушаць БелАЗ купляць айчынныя падшыпнікі нізкай якасці (імпартазамяшчэнне), а не найлепшыя і надзейныя, і праз год-два гэтыя падшыпнікі пачнуць «ляцець», то гэта неадкладна адаб’ецца на рэпутацыі прадукцыі нашага экспарцёра. І падшыпнікаваму заводу не дапаможаш і экспарцёра можна «пакласці».

Цяперашняя палітыка Нацбанка спрыяе толькі таму, каб даць магчымасць некаторым супрацоўнікам банкаўскай сферы за кароткі перыяд часу збіць прыстойныя капіталы. У першую чаргу сур’ёзна могуць узбагаціцца тыя, хто мае права прымаць рашэнне аб продажы валюты. Механізм просты. Прадпрыемства афіцыйна робіць запыт у банк на куплю валюты па курсе, усталяваным Нацбанкам. Але ва ўмовах дэфіцыту валюты, яму могуць угоду альбо ўхваліць, альбо адмовіць. Таму, каб ажыццявіць угоду, неабходна дадаткова занесці грошы таму, ад каго залежыць прыняцце станоўчага рашэння аб продажы валюты…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?